Журналісты пра самае галоўнае

- 10:30Інфармацыйная гадзіна

Напярэдадні Дня маці ў Беларускім доме друку адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне беларускіх журналістаў, а таксама сродкаў масавай інфармацыі за перамогу ў Рэспубліканскім творчым конкурсе сярод друкаваных і электронных СМІ “Моцная сям’я — моцная дзяржава”.

Конкурс праводзіцца не ўпершыню, яго арганізатарамі выступаюць Міністэрства інфармацыі і Беларускі саюз жанчын. Мэту спаборніцтва лёгка зразумець з яго назвы.

Амаль 80 работ ад творчых калектываў, журналістаў, якія глыбока і ўсебакова асвятляюць сямейную тэматыку, было сёлета прадстаўлена на конкурс. Пераможцы атрымалі ўзнагароды з рук міністра інфармацыі Аляксандра Мікалаевіча Карлюкевіча і першага намесніка старшыні Беларускага саюза жанчын рэктара Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святланы Уладзіміраўны Сітнікавай.

— Было прыемна даведацца, што сёння сфарміравана велізарнае праблемна-тэматычнае поле для будучых выступленняў журналістаў на старонках газет і часопісаў, у тэле- і радыёэфіры, сацыяльных сетках, — сказаў міністр інфармацыі, які быў сустаршынёй журы, звяртаючыся да лаўрэатаў конкурсу і ўдзельнікаў круглага стала “Аб павышэнні ролі СМІ ў вырашэнні актуальных пытанняў паляпшэння здароўя жанчын, узмацнення сямейных каштоўнасцей, прапагандзе здаровага ладу жыцця”, які папярэднічаў цырымоніі ўзнагароджання.
У намінацыі “Лепшыя матэрыялы рэспубліканскіх СМІ” перамаглі спецыяльны карэспандэнт газеты “СБ. Беларусь сёння” Марына Зубовіч, рэдакцыі газет “7 дзён”, “Сельская газета”. У намінацыі “Лепшыя матэрыялы рэгіянальных СМІ” выйгралі рэдакцыя газеты “Слава працы” і праграмы радыёвяшчання “Раніца Капыльшчыны”, рэдакцыя раённай газеты і тэлерадыёпраграма “Наш час” з Ваўкавыска, газеты “Дняпровец” з Рэчыцы і “Навіны Палесся” са Століна.

У намінацыях “Лепшыя матэрыялы электронных рэспубліканскіх СМІ” адзначана ЗАТ “Сталічнае тэлебачанне”; “Лепшыя матэрыялы ў электронных рэгіянальных СМІ” — Лідскае тэлерадыёаб’яднанне, Тэлевізійны жодзінскі канал; “Лепшыя фотаматэрыялы ў друкаваных рэспубліканскіх СМІ”— Беларускае тэлеграфнае агенцтва; “Лепшыя фотаматэрыялы ў друкаваных рэгіянальных СМІ” — рэдакцыя газеты “Перспектыва” (Гродзенскі раён).

Акрамя таго, за актыўны ўдзел у конкурснай тэматыцы дыпломы Міністэрства інфармацыі атрымалі супрацоўнікі газет “Звязда”, “Рэспубліка”, “Народная газета”, “Знамя юности”.

Марына ХІДДЖАЗ.