Ёсць настаўнікі, якія не столькі знаёмяць навучэнцаў са сваім прадметам, колькі падштурхоўваюць іх да самастойных адкрыццяў, выпрацоўваюць у вучняў уменне разважаць і творча мысліць. Менавіта да такой катэгорыі педагогаў адносіцца намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце настаўнік фізікі Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3 Ігар Генадзьевіч Лашкевіч.
Не сказаць, што Ігар Генадзьевіч марыў аб педагогіцы. А вось фізікай ён захапляўся сур’ёзна, паспяхова ўдзельнічаў у алімпіядным руху. Любоў да складанай навукі яму прывіў школьны настаўнік Леанід Рыгоравіч Гімпельсон.
— У некаторай ступені Леанід Рыгоравіч дапамог мне вызначыцца з прафесіяй. На выбар фізмата цяперашняга МДУ імя А.А.Куляшова як месца для працягу навучання паўплываў і прыклад старэйшага брата, які таксама ў свой час пайшоў па настаўніцкім шляху, — расказвае Ігар Генадзьевіч.
Яго студэнцкія гады праляцелі непрыметна, бо былі насычаны падзеямі. Жыццё на фізіка-матэматычным факультэце кіпела. Тагачасны дэкан Ягор Ягоравіч Сянько ўмеў кансалідаваць студэнтаў і выкладчыкаў падчас сумесных мерапрыемстваў. Ігар Лашкевіч пастаянна ўдзельнічаў у іх, але паспяваў выступаць і на студэнцкіх алімпіядах, не забываў пра вучобу. Скончыўшы школу з залатым медалём, у ВНУ імкнуўся да такога ж выніку. Дыплом з адзнакай дазволіў маладому настаўніку выбіраць будучае месца працы.
— У той час толькі з’яўляліся ўстановы новага тыпу. Мне было цікава паспрабаваць свае сілы ў сучаснай навучальнай установе, таму і прыйшоў працаваць у трэці абласны ліцэй, — расказвае Ігар Генадзьевіч.
Пра тое рашэнне ён ні разу не пашкадаваў. З трэцім ліцэем звязана большая частка яго выкладчыцкай дзейнасці, тут ён адбыўся як педагог, змог рэалізаваць свой настаўніцкі патэнцыял.
— Майму прафесійнаму станаўленню вельмі дапамог педагагічны калектыў ліцэя. А нашага дырэктара Канстанціна Міхайлавіча Грыгаровіча і намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Тамару Мікалаеўну Вінаградаву я лічу сваімі настаўнікамі не толькі ў педагогіцы, але і па жыцці, — падкрэслівае Ігар Лашкевіч.
Акрамя падтрымкі з боку калег, прафесійнаму росту маладога настаўніка спрыяла і яго асабістае імкненне да дасканаласці. Прынцып рабіць усё на выдатна ён захаваў і ў працоўнай дзейнасці. Дарэчы, такім падыходам да справы Ігар Генадзьевіч кіруецца і зараз, хоць з’яўляецца вельмі вопытным настаўнікам і мае за плячыма звыш дваццаці гадоў педагагічнага стажу.
— Калі бярэшся за справу, рабіць яе трэба якасна і добрасумленна. Толькі так атрымаецца дасягнуць выніку, — упэўнены суразмоўца.
І ў яго гэта атрымліваецца — усё рабіць добра. Ігар Лашкевіч штодня займаецца шматлікімі адміністрацыйнымі справамі ліцэя. Ён курыруе эксперыментальную і інавацыйную дзейнасць установы, метадычную работу з настаўнікамі, сістэму даліцэйскай падрыхтоўкі і многія іншыя кірункі. Яго працоўны дзень распісаны па хвілінах. А ўсё таму, што як сапраўдны настаўнік ён не змог адмовіцца ад выкладання.
Свае ўрокі Ігар Лашкевіч будуе так, каб на іх было цікава кожнаму вучню. А яшчэ ён перакананы, што любыя атрыманыя чалавекам веды не павінны заставацца мёртвым грузам у яго галаве. Іх неабходна выкарыстоўваць у канкрэтных жыццёвых сітуацыях, таму галоўнае на занятках гэтага педагога — кампетэнтнасны падыход. Ігар Генадзьевіч не проста дае вучням веды. Ён вучыць іх займацца навучаннем самастойна і ўмець прымяняць атрыманыя веды і навыкі ў рэальнасці. Такі метад дазваляе дзецям зразумець, што фізіка акружае іх усюды ў штодзённым жыцці.
Разумець фізіку навучэнцы Ігара Лашкевіча вучацца таксама пры дапамозе методыкі канструявання задач. Разам з педагогам вучні самі прыдумляюць заданні, шукаюць на іх адказы і рашэнні. Падобныя падыходы робяць складаны прадмет больш лёгкім для ўспрымання.
Паспявае Ігар Генадзьевіч і раскрываць вучнёўскія таленты. Больш за тое, стварэнне спрыяльных умоў для рэалізацыі здольнасцей адораных навучэнцаў для яго з’яўляецца адным з найважнейшых кірункаў работы.
— У 2001 годзе я быў кіраўніком абласной каманды на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы ў Баранавічах. Тады два мае вучні Павел Бяляўскі і Сяргей Коваль упершыню сталі пераможцамі алімпіяды. Менавіта тады я зразумеў, што лепшай узнагароды для настаўніка, чым дасягненні вучняў, быць не можа, — адзначае Ігар Лашкевіч.
Сёння педагог выпрацаваў выразную сістэму работы са здольнымі навучэнцамі. Акрамя амаль штодзённых уласных заняткаў з такімі навучэнцамі, Ігар Генадзьевіч арганізаваў супрацоўніцтва з выкладчыкамі УВА Магілёва. А яшчэ ён перыядычна выязджае з вучнямі на заняткі ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Узаемадзеянне з калегамі па падрыхтоўцы вучняў да ўдзелу ў алімпіядным руху прыносіць адпаведны вынік. Толькі на працягу двух апошніх гадоў навучэнцы Ігара Генадзьевіча заваявалі дзевяць дыпломаў на трэцім і чатыры дыпломы на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы. Асабліва выдатна праяўляе сябе Валянцін Дарафееў. У трынаццацігадовым узросце ён ужо з’яўляецца неаднаразовым прызёрам розных этапаў, у тым ліку рэспубліканскага, алімпіяды па фізіцы.
Але нават калі ў вучняў нешта не атрымліваецца, педагог вучыць іх не апускаць рукі, бо невырашальных задач не існуе. Поспех спрыяе ўпартым, а работа над уласнымі памылкамі дае неацэнны вопыт. Пацвярджэнне гэтага — гісторыя аднаго з вучняў Ігара Лашкевіча — Ягора Маковіча. У дзясятым класе таленавіты хлопчык не змог дасягнуть высокага выніку на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды, а, дзякуючы падтрымцы педагога і ўласным намаганням, праз год не толькі стаў пераможцам на алімпіядзе ў сваёй краіне, але і атрымаў пахвальны водзыў на Міжнароднай алімпіядзе па фізіцы.
Поспехі вучняў для Ігара Генадзьевіча справа прыярытэтная. Радуе яго і тое, што ўласная плённая праца не застаецца незаўважанай. Неаднаразова Ігар Лашкевіч быў адзначаны дыпломамі і граматамі мясцовых выканаўчых улад, Міністэрства адукацыі. Высокая ацэнка педагагічнай дзейнасці дае яму сілы для таго, каб працягваць рух наперад у прафесійным удасканаленні.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.