Жыццё настаўніка

З-пад кусцістых сівых броваў — учэпісты погляд, погляд чалавека, вастрыня розуму якога з гадамі не слабее. Ды і ці можа быць інакш? Бо настаўнік — гэта назаўжды.
— Што вы, — усміхаецца яго дачка Галіна Мікалаеўна, — тата і зараз і раёнку, і “Настаўніцкую газету” з алоўкам чытае, падкрэслівае многа.
Сарамліва ўсміхаючыся, быццам і не было шматгадовага працоўнага подзвігу, Мікалай Трафімавіч раскрывае старонкі сваёй педагагічнай паэмы. 7 чэрвеня 2016 года Мікалаю Трафімавічу Кіені споўніцца 88 гадоў.

У сямігадовым узросце хлопец паступіў вучыцца ў першы клас Семежаўскай сярэдняй школы. І сёння, з вышыні больш як паўвекавога педагагічнага вопыту, Мікалай Трафімавіч з цеплынёй успамінае сваю настаўніцу пачатковых класаў, з якой сябравалі. Аднойчы яна папрасіла кемлівага Колю дапамагчы сабраць сшыткі, за што хлопчык быў узнагароджаны цукеркай.
— Тата, а Панкратава? — нагадвае Галіна Мікалаеўна.
Памятае, памятае Мікалай Трафімавіч і Вольгу Філіпаўну Панкратаву, якая дапамагала пазнаць рускую мову і літаратуру. З ёй жа хадзілі ў школу.
Пачатак Вялікай Айчыннай вайны пакінуў свой след у памяці трынаццацігадовага Мікалая. Неба над роднай вёскай стала месцам бітвы трох савецкіх самалётаў з такой жа колькасцю нямецкіх. На жаль, “чырвоныя” лётчыкі былі збіты.У 1945 годзе Мікалай скончыў школу, атрымаўшы васьмігадовую адукацыю. Разам са сваім сябрам, легендарным канструктарам Міхаілам Высоцкім, марылі паступіць у тэхнічны тэхнікум. Але перадумалі… І пачалася працоўная эпапея Мікалая Трафімавіча з пасады загадчыка Семежаўскага сельскага дома культуры.
Але прызванне падмануць немагчыма! Таму і паступіў у Гродзенскае педагагічнае вучылішча ў 1948 годзе, тады ж быў прызваны ў рады Узброеных сіл Савецкага Саюза. Навучанне працягваў завочна, сумяшчаючы са службай у арміі. Мікалай Трафімавіч і сёння ўдзячны камандзіру палка, які адносіўся з разуменнем да вучобы, дапамагаў. Заканчэнне вучобы ў педагагічным тэхнікуме супала з заканчэннем службы. Тады ж быў прыняты на работу настаўнікам Мастыціцкай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Дырэктарам гэтай школы стаў даволі хутка — у канцы 1952 года.
Пасаду дырэктара Быстрыцкай сярэдняй школы заняў у 1961 годзе. На гэтай жа пасадзе заставаўся да выхаду на пенсію. Школа тады размяшчалася ў аднапавярховым драўляным доме, а ў 1971 годзе ўжо быў узведзены новы, сучасны будынак. Будавалі сваімі сіламі, сваімі рукамі. Побач быў старшыня калгаса Пётр Андрэевіч Каляда. Побач былі і вучні, і настаўнікі, і тэхперсанал, якія ўдзельнічалі ў будаўнічых работах.
— Я і цёцю Кацю, тэхнічку нашу, памятаю. Яна з насілкамі хадзіла: смецце дапамагала выносіць, — скрозь маршчынкі свеціцца сардэчная ўсмешка былога дырэктара.
Вучні… Іх Мікалай Трафімавіч запомніў маладымі, моцнымі і прыгожымі. Любімага настаўніка яны сустракалі за два кіламетры: так далёка той жыў на кватэры.
Менавіта вучні сталі своеасаблівай лакмусавай паперкай педагагічнага таленту настаўніка матэматыкі і гісторыі Кіені. Неяк прыехаў загадчык аблана Брэсцкай вобласці і папрасіў:
— Дайце мне 15 хвілін пагаварыць з вучнямі.
Гэтага часу хапіла для таго, каб пераканацца: гісторыю маладыя людзі ведаюць! Малайчына настаўнік!
Прысутнічаў на ўроку ў Мікалая Трафімавіча і міністр асветы М.Г.Мінкевіч. І гэтым вучэбным заняткам дадзена высокая ацэнка!
У Быстрыцкай школе пад кіраўніцтвам Мікалая Трафімавіча Кіені ўпершыню была ўведзена кабінетная сістэма навучання і ў ліку першых сталі арганізоўваць гарачае харчаванне для школьнікаў. Большасць семінараў і нарад праводзілі на базе гэтай жа школы. Частымі гасцямі станавіліся і дэлегацыі, якія наведвалі перадавы калгас імя Ціміразева.
Больш за 20 гадоў адказную работу дырэктара школы Мікалай Трафімавіч сумяшчаў з не менш адказнымі абавязкамі сакратара партыйнай арганізацыі калгаса імя Ціміразева.
Талент кіраўніка і педагога неаднаразова быў адзначаны высокімі ўрадавымі ўзнагародамі: нагрудным знакам “Выдатнік народнай адукацыі”, медалём “За працоўную адзнаку”, званне заслужанага настаўніка БССР, медалём “Ветэран працы”.
Сям’ю Кіеня па праве можна назваць педагагічнай дынастыяй: жонка, Феафанія Адамаўна, была настаўніцай замежнай мовы. Дачка Галіна, яшчэ вучачыся ў школе, праводзіла экскурсіі па музеі баявой і працоўнай славы, дарэчы, першым створаным у раёне самім жа Мікалаем Трафімавічам, а зараз выкладае геаграфію ў Быстрыцкай школе. Таццяна кіруе дзіцячым садком у гэтай вёсцы. Выбралі шлях педагогаў і ўнучкі. А сын Мікалай прысвяціў сябе юрыдычнай рабоце. Нават уласны дом знаходзіцца на тэрыторыі школы, ды і будавалі яго адначасова з навучальнай установай.
Лёс Мікалая Трафімавіча Кіені — яркае сведчанне таго, што жыццё сапраўднага настаўніка гучыць ва ўнісон з музыкай жыцця нашага грамадства.

Дзіяна ТКАЧЭНКА.
Фота з архіва Быстрыцкай сярэдняй школы.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *