«Жывапіс з дапамогай пальцаў»: рыхтуемся да школы з дапамогай пластылінаграфіі

- 13:30Образование

З Таццянай Байковай, настаўнікам-­дэфектолагам ДЦРД п.Энергетыкаў Дзяржынскага раёна, карэспандэнт «Настаўніцкай газеты» пагаварыла аб падрыхтоўцы да школы дзяцей з парушэннямі маўлення. Сярод важных паказчыкаў — узровень развіцця дробнай маторыкі.

Настаўнікі пачатковых класаў адзначаюць, што ў першы год навучання ў многіх дзяцей узнікаюць цяжкасці з авалоданнем пісьмом, бо ў іх слаба развіта маторыка, — падкрэслівае Таццяна Яўгенаўна. — Ад напружання кісці рук дзіця хутчэй стамляецца, узнікае трывога і, як вынік, нізкая вучэбная матывацыя.

Рука цесным чынам звязана з мозгам, прычым правая рука звязана з левым паўшар’ем, а левая — з правым. Пераважнае карыстанне правай ці левай рукой абумоўлівае фарміраванне маўленчых зон у правым і ў левым паўшар’і мозгу.

Мая суразмоўніца працуе з дзецьмі з дызартрыяй, ускладненым АНМ. Акрамя традыцыйных тэхналогій, выкарыстоўвае і нетрадыцыйныя. Сярод іх пластылінаграфія, або інакш “жывапіс з дапамогай пальцаў”, што стымулюе развіццё дробнай маторыкі рук, касцёва-мышачнага апарату, сенсорнай адчувальнасці, зрокава-маторнай каардынацыі, адвольнай увагі, уплывае на псіхіку, супакойвае і расслабляе дзіця.

— Трэніруючы пальцы рук, мы аказваем уздзеянне на праца­здольнасць кары галаўнога мозгу, а значыць, на развіццё маўлення. Выконваючы заданні па пластылінаграфіі, ствараючы тэматычныя малюнкі, дзеці ўважліва слуха­юць пытанні і адказваюць на іх, — адзначае педагог. — Усе малыя лю­бяць ляпіць і могуць займацца гэтым падоўгу. Адразу даю ім простыя заданні. Напрыклад, на восеньскім дрэве, у якога ўжо прамаляваны ствол, неабходна з дапамогай пластыліну адлюстра­ваць апалае лісце на зямлі і лісце, якое засталося на дрэве. Папярэдне вывучаецца наглядны матэрыял па тэме, звяртаецца ўвага на сезонныя змяненні на дрэвах, прагаворваюцца прыкметы: якога колеру лісце бывае восенню і якога колеру пластылін трэба ўзяць. Выкарыстоўваюцца каляровыя выявы прадметаў, якія трэба запоўніць лапікамі з дапамогай пластыліну. Паступова заданні ўскладняюцца. Выхаванцы запаўняюць пластылінам з дапамогай прыёму адшчыпвання які-небудзь невялікі малюнак на аркушы паперы, напрыклад, яблык, памідор, баклажан, лужыну, воблака і інш. Пасля ствараюцца больш складаныя ляпныя карціны на аснове пластыліну з выявай выпуклых, напалову аб’ёмных аб’ектаў на гарызантальнай або вертыкальнай паверхні.

На занятках у Таццяны Яўгенаўны з дапамогай пластыліну дзеці вучацца правільна суадносіць “права”, “лева”, “ззаду”, “пад”, адрозніваць паняцці “між тым” і “тым”. У іх фарміруецца разуменне аб прасторавых адносінах паміж прадметамі, развіваецца маўленне, бо яны слухаюць адказы адно аднаго, размаўляюць з настаўнікам-дэфектолагам. Пластылінаграфія выкарыстоўваецца пры адказах на пытанні, развучванні чыстагаворак, вершаў, пераказванні, аповедзе.

Такая тэхналогія карысна для развіцця гукавога боку маўлення і фанематычнага слыху. Напрыклад, дзецям даецца заданне: калі пачуеце слова з зададзеным гукам, прымацуйце шарык з пластыліну на ліст кардону, пачуеце ў слове гук “з” — прымацуйце шарык з пластыліну ўнізе, слова з гукам “ш” — уверсе. Пры гэтым ліст кардону або паперы падзелены рысай на дзве часткі. З выхаванцамі папярэдне праводзіцца работа пра тое, дзе верхняя, а дзе ніжняя частка ліста.

— Для развіцця дыялагічнага маўлення, правільнай пабудовы звязнага выказвання ствараецца натуральная для малога сітуацыя, каб ён мог расказаць пра тое, у чым ён удзельнічае, што стварае сваімі рукамі, — заўважае Таццяна Яўгенаўна. — Работы выхаванцаў размяшчаюцца на вучэбнай дошцы ў пункце карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. Малыя бачаць творчасць аднагодкаў, параўноўваюць, дзеляцца ўражаннямі, расказваюць пра гэта дома. З лепшымі творчымі работамі мы перамагаем ва ўсерасійскіх тэматычных конкурсах.

Дзякуючы пластылінаграфіі, маўленне дзяцей паляпшаецца. Заняткі для іх ператвараюцца ў гульню, якая разам з тым прывучае да ўважлівасці, уседлівасці, дакладнага выканання інструкцый.

Надзея ЦЕРАХАВА