Жыве педагогікай

- 10:23Людзі адукацыі

Прафесіянал, які імкнецца да самаўдасканалення, любіць дзяцей і сваю справу. Такім па меркаванні настаўніцы хіміі гімназіі № 2 Бабруйска Алены Венглінскай павінен быць сапраўдны педагог. Менавіта такім выкладчыкам яна хоча быць для сваіх вучняў.

У школе Алена Уладзіміраўна была здольнай вучаніцай. Вучылася на выдатна, актыўна ўдзельнічала ў алімпіядным руху. Асабліва з усіх вучэбных прадметаў захапляла яе хімія.

— Мая любоў да гэтай навукі і тое, што з хіміяй я звязала сваё прафесійнае жыццё, — заслуга школьнай настаўніцы Вольгі Мікалаеўны Пшанічнай. Менавіта дзякуючы ёй, я знайшла сваё прызванне — сама стала педагогам, — адзначае Алена Венглінская.

Хоць у дзяцінстве Алена Уладзіміраўна не бачыла для сябе іншай прафесіі, акрамя як настаўніцкай, скончыўшы хімічны факультэт Белдзяржуніверсітэта, працоўную дзейнасць яна пачала на вытворчасці. Аднак цалкам адмовіцца ад дзіцячай мары не змагла. Працу інжынера-хіміка ў тыя гады паспявала сумяшчаць з выкладаннем у гімназіі № 15 Мінска.

— А пасля перабралася на малую радзіму — у Бабруйск. У той пераломны час выразна зразумела, што хачу займацца толькі выкладаннем, — успамінае настаўніца.

Амаль год Алена Уладзіміраўна працавала ў сярэдняй школе № 17 горада, а потым вакансія з’явілася ва ўстанове адукацыі, якую яна сама калісьці скончыла. Так выпускніца вярнулася ў родную школу ўжо ў якасці педагога. І неяк адразу ўлілася ў працу. Шмат у чым у плане прафесійнага станаўлення ёй дапамаглі калегі, кіраўніцтва гімназіі. Дзякуючы іх падтрымцы і ўласнай руплівасці, Алена Венглінская хутка выпрацавала свой педагагічны стыль.

Настаўніца імкнецца навучыць сваіх вучняў вучыцца, матывуе дзяцей да разваг, развівае ў іх уменні знаходзіць прычынна-выніковыя сувязі ў розных з’явах. Для гэтага яна ўкараняе ў структуру заняткаў элементы праблемнага навучання.

— На ўроках выкарыстоўваю інструкцыйныя карты, у якіх утрымліваюцца матэрыялы для актуалізацыі ведаў, няпоўныя схемы-канспекты для вывучэння новага, кантралюючыя і дадатковыя заданні для высокаматываваных навучэнцаў. Такія напрацоўкі дазваляюць здольнаму вучню не чакаць указанняў настаўніка, самастойна рухацца наперад у атрыманні ведаў. У той жа час менш паспяваючыя дзеці могуць паступова прыводзіць свае веды ў сістэму, — падкрэслівае Алена Венглінская.

На думку Алены Уладзіміраўны, вывучэнне хіміі абавязкова павінна быць практыка-арыентаваным. Таму ў яе на занятках даволі часта праходзяць хімічныя эксперыменты. Правядзенне доследаў не толькі павышае цікавасць вучняў да прадмета, але і дае ім веды, якія можна выкарыстоўваць у штодзённым жыцці.

Асаблівае месца ў педагагічнай дзейнасці Алены Венглінскай займае работа з высокаматываванымі навучэнцамі. Са здольнымі вучнямі настаўніца працуе, аб’ядноўваючы іх у рознаўзроставыя групы. Асноўны ўпор робіць на ўдзел у алімпіядным руху. Каб максімальна раскрыць здольнасці навучэнцаў, падрыхтоўку да алімпіяды Алена Уладзіміраўна падзяліла па напрамках. На факультатыўных занятках, падчас сустрэч у Цэнтры па рабоце з адоранымі навучэнцамі пры гімназіі яна развівае логіку дзяцей, вучыць іх працаваць з інфармацыйнымі крыніцамі, рашаць разліковыя і эксперыментальныя задачы, пераходзячы ад простых да складаных, праводзіць “мазгавыя штурмы”, а таксама падтрымлівае іх ва ўсім. Такі падыход прыносіць адпаведны вынік. Вучні Алены Венглінскай штогод становяцца прызёрамі розных этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі, а 16 з іх сталі пераможцамі заключнага этапу.

Адметна, што Алена Уладзіміраўна раскрывае таленты не толькі сваіх вучняў. Яна аказвае актыўную дапамогу ў гэтым і іншым настаўнікам. У пазаўрочны час выкладае ў гарадскім трэнерскім клубе па падрыхтоўцы вучняў да ўдзелу ў хімічных алімпіядах, кіраўніком якога з’яўляецца. Словам, фактычна жыве педагогікай.

— Я вельмі захоплена сваёй справай, таму не падзяляю жыццё на працу і вольны ад выкладання час. Часта дома саджуся і пачынаю складаць тэсты і задачы для любімых вучняў. Добра, што сям’я мяне разумее і церпіць маю прагу да працы. Але і я іх за гэта пешчу, бо, акрамя педагагічнага, валодаю яшчэ і кулінарным талентам, — з усмешкай кажа суразмоўніца.

Амаль дваццаць гадоў аддаўшы педагогіцы і азіраючыся сёння назад, Алена Уладзіміраўна адзначае, што задаволена вынікамі сваёй дзейнасці. Прычым характэрна, што галоўным дасягненнем настаўніца лічыць не ўласныя поспехі, якіх нямала. Ёй радасна ўсведамляць, што многім вучням яна дапамагла зрабіць правільны прафесійны выбар, рэалізаваць сябе і стаць паспяховымі людзьмі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва Алены ВЕНГЛІНСКАЙ.