Жывы дыялог навукі і грамадзянскай супольнасці дзеля будучыні краіны

- 12:03Інфармацыйная гадзіна

У Беларусі ідзе актыўны і жывы дыялог навукі і грамадзянскай супольнасці, заявіў старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, адкрываючы навукова-практычны семінар “Філасофскія і сацыяльна-палітычныя асновы дзейнасці грамадскіх фарміраванняў у Рэспубліцы Беларусь”, які правёў рэспубліканскі савет РГА “Белая Русь” на базе акадэміі навук.

“НАН Беларусі і “Белая Русь” не ўпершыню арганізоўваюць сумесныя навукова-практычныя мерапрыемствы. Гэта ўжо стала добрай традыцыяй, калі мы з вялікай зацікаўленасцю ўдзельнічаем у абмеркаванні найбольш важных праблем грамадскага, палітычнага і духоўна-культурнага развіцця нашай краіны. У Беларусі ідзе актыўны і жывы дыялог навукі і грамадзянскай супольнасці, а такія семінары сталі формай абмеркавання шэрага тэарэтычных і практычных праблем развіцця беларускага грамадства”, — падкрэсліў Уладзімір Гусакоў.

На такіх семінарах абмяркоўваюцца розныя тэмы і праблемы — ад выхавання моладзі і ўдасканалення сістэмы адукацыі да павышэння эфектыўнасці эканомікі. “Свет імкліва мяняецца, а маладое пакаленне сёння больш мабільнае. Але ў бясконцым патоку разнастайнай інфармацыі лёгка заблудзіць, трапіць у ідэалагічную пастку, таму тут неабходны немалы вопыт, каб разабрацца, дзе хлусня, а дзе праўда. Менавіта перад грамадскімі арганізацыямі стаіць задача дапамагчы адаптавацца маладым беларусам да новага свету, захаваць і прымножыць той цэласны ідэалагічны складнік, які з’яўляецца базай сучаснай Беларусі”, — заявіў ён.

Веды вучоных вельмі важныя для вырашэння пытанняў развіцця краіны і грамадства, адзначыў у час адкрыцця семінара старшыня рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Аляксандр Радзькоў.

“Мы ўсе хочам, каб наша краіна квітнела. Разгляд перспектыў развіцця грамадзянскай супольнасці немагчымы без аналізу гісторыі. Свет мяняецца, яго трэба асэнсоўваць, і вучоныя нам у гэтым дапамогуць”, — падкрэсліў Аляксандр Радзькоў.

Ён звярнуў увагу на тое, што супрацоўніцтва “Белай Русі” і НАН узаемавыгаднае. “Калі мы сталі думаць аб тым, як развівацца грамадскаму аб’яднанню, то зразумелі, што без ведаў вучоных не абыдземся. Часам шукаем выйсце з нейкай сітуацыі, а ў гісторыі ўжо такое было, і падказкі там ёсць. І мы таксама патрэбны НАН Беларусі, таму што мы — гэта аўдыторыя”, — падкрэсліў старшыня.

Кажучы пра функцыі грамадскага аб’яднання, Аляксандр Радзькоў адзначыў, што ўдзел у “Белай Русі” — гэта добрая магчымасць набыць палітычны вопыт у выбарчых кампаніях, штодзённым жыцці, дэпутацкай рабоце, а таксама атрымаць вопыт у рабоце з людзьмі. “Гэта вельмі важна — зразумець, ці пойдуць за табой людзі”, — сказаў ён.