Злаві сваю сінюю птушку

- 15:30Адукацыйная прастора

Псіхалагічны камфорт на ўроках як умова развіцця асобы навучэнца

Мэта: сфарміраваць матывацыю педагагічнага калектыву на стварэнне камфортнага асяроддзя на ўроках.

Практыкаванне-размінка “Гэта я, гэта я — паглядзіце на мяне!”

У каго зялёныя вочы?

Хто раней за ўсіх прыходзіць у гімназію?

Хто захапляецца жывапісам і стварае забаўныя шаржы?

Хто вяжа або шые?

Хто ўжо нешта пасадзіў на сваім дачным участку?

Хто ўжо склаў план свайго летняга адпачынку?

Хто пазней за ўсіх ідзе з работы?

Хто пачаў рамонт у доме?

Хто рады сённяшняй нашай сустрэчы?

Стварэнне станоўчага настрою перад любым відам дзейнасці — важны складнік псіхалагічнага камфорту пры далейшай рабоце. У нашых з вамі руках магчымасць стварыць у гімназіі і на ўроках такую атмасферу, у якой дзеці будуць адчуваць сябе як дома, атмасферу псіхалагічнага камфорту, атмасферу любові і прыняцця кожнага навучэнца.

Псіхалагічны камфорт — умовы жыцця, пры якіх чалавек адчувае сябе спакойна, яму няма неабходнасці ад каго-небудзь або чаго-небудзь абараняцца. Добры псіхалагічны клімат характарызуецца атмасферай разняволенасці, узаемнай павагі, стварае камфорт і ўмовы для работы, раскрывае патэнцыяльныя магчымасці асобы. Нядобры клімат перашкаджае асобаснаму развіццю, уганяючы чалавека ў стан неабароненасці, нервовасці, боязі і адчаю.

А якія асацыяцыі ўзнікаюць у вас, калі вы чуеце слова “камфорт”?

Прыдумайце асацыяцыі на кожную літару, звязаную з адукацыйным працэсам. (Словы павінны пачынацца з літар гэтага слова.)

К — культура, кампраміс, крытычнасць настаўніка да самога сябе.

А — арганізаванасць, адукацыйны працэс.

М — майстэрства, матывацыя, мір.

Ф — фарміраванне, форма і г.д.

У развіццёвай сістэме навучання псіхолага Леаніда Уладзіміравіча Занкова, а таксама ў сучасных інавацыйных адукацыйных сістэмах прынцып псіхалагічнага камфорту з’яўляецца вядучым. Ён прадугледжвае зняцце (па магчымасці) усіх стрэсаўтваральных фактараў вучэбнага працэсу, стварэнне ў школе і на ўроку такой атмасферы, якая разнявольвае дзяцей і ў якой яны адчуваюць сябе як дома.

Аднак псіхалагічны камфорт неабходны не толькі для развіцця дзіцяці і засваення ім ведаў. Ад яго залежыць фізічны стан дзяцей. Адаптацыя да канкрэтных умоў, да канкрэтнага адукацыйнага і сацыяльнага асяроддзя, стварэнне атмасферы добразычлівасці дазваляюць зняць напружанасць і неўрозы, якія разбураюць здароўе дзяцей.

Я прапаную азнаёміцца з вынікамі анкетавання навучэнцаў 5—11 класаў. Вучням было зададзена толькі адно пытанне: “Ці адчуваеш ты сябе камфортна на ўроках? Калі не, то растлумач прычыну”. Вынікі анкетавання паказалі, што камфортна адчуваюць сябе на ўроках 94% навучэнцаў; 4% адзначылі сваё хваляванне і нерашучасць перад кантрольнай і адказам ля дошкі як фактар дыскамфорту; 2% адзначылі, што напружаныя адносіны паміж вучнямі і настаўнікам, вельмі эмацыянальнае выказванне настаўнікам сваіх патрабаванняў разбураюць атмасферу камфорту на ўроку.

З гэтага можна зрабіць выснову, што ў нашай гімназіі педагогі змаглі стварыць камфортную псіхалагічную атмасферу на ўроках. У далейшым трэба праводзіць карэкцыйную работу па зняцці трывожнасці і эмацыянальнага напружання з навучэнцамі, якія адзначылі гэтыя станы як фактар дыскамфорту.

Разам з тым адзначаныя 2% выпадкаў аўтарытарнасці педагога яшчэ не азначае, што з ёй трэба змагацца дзеля псіхалагічнай бяспекі навучэнцаў. Відавочна, справа не ў аўтарытарнасці, а ў тым, што нярэдка педагогі пераносяць на навучэнцаў свае негатыўныя эмоцыі і перажыванні.

У працяг вышэйсказанага прапаную вам прайсці тэст “Сіняя птушка” і даведацца пра асаблівасці вашага характару, якія дапамагаюць або, наадварот, перашкаджаюць вам адчуваць сябе дастаткова камфортна ў той ці іншай жыццёвай сітуацыі.

Тэст “Сіняя птушка”

Аднойчы ў ваш пакой улятае сіняя птушка. Яна садзіцца, ахарошваецца… і зусім нечакана, быццам па ўзмаху чарадзейнай палачкі, становіцца іншага колеру. Вам гэта так падабаецца, што вы пакідаеце птушку ў сябе. Спачатку яна становіцца ізумрудна-зялёнай, на другі дзець — ярка-жоўтай, лімоннага адцення, на трэці — пунсовай. Чацвёрты дзень яна сустракае сінявата-чорным апярэннем.

Якога колеру птушка, калі прачынаецеся на пяты дзень?

  1. Птушка не мяняе колеру, яна застаецца чорнай.
  2. Птушка вяртаецца да свайго першапачатковага сіняга колеру.
  3. Птушка становіцца белай.
  4. Птушка становіцца залатой.

Уявілі?

Птушка, якая ўлятае ў ваш пакой, з’яўляецца сімвалам удачы, але нечакана яна мяняе колер, прымушаючы вас турбавацца пра тое, што шчасце будзе непрацяглым. Ваша рэакцыя на гэтую сітуацыю дэманструе тое, як вы рэагуеце на цяжкасці і нявызначанасць у рэальным жыцці.

  1. Тыя, хто сказаў, што птушка засталася чорнай, глядзяць на жыццё песімістычна. Яны схільны меркаваць, што калі сітуацыя аднойчы пагоршылася, то яна ніколі ўжо зноў не нармалізуецца. Можа, неабходна паспрабаваць думаць у такім ключы: калі ўсё так дрэнна, то горш ужо не будзе. Памятайце: няма дажджу, які б не скончыўся, і няма ночы, пасля якой не настала б світанне.
  2. Тыя, хто сказаў, што птушка зноў стала сіняй, практычныя аптымісты. Яны ве­раць у тое, што жыццё — гэта сумесь добрага і дрэннага і што не варта змагацца з гэтай рэальнасцю. Яны прымаюць непрыемнасці спакойна і дазваляюць рэчам ісці сваім парадкам, без лішняга клопату і стрэсу.
  3. Тыя, хто адказаў, што птушка стала белай, пад націскам вядуць сябе спакойна і рашуча. Яны не марнуюць часу на хваляванні і нерашучасць, нават калі развіваецца крызіс. Калі сітуацыя становіцца вельмі дрэннай, яны адчуваюць, што лепш своечасова спыніць гэтую нявыгадную справу і пашукаць іншы шлях да сваёй мэты, чым увязнуць у нікому не патрэбным горы.
  4. Тых, хто сказаў, што птушка стала залатой, можна апісаць словам “бясстрашны”. Яны не ведаюць, што такое націск. Для іх кожны крызіс — гэта добрая магчымасць. Іх можна параўнаць з Напалеонам, які сказаў: “Немагчыма” — гэта не французскае слова”. Але трэба быць асцярожнымі, не даваць бязмежнай упэўненасці ўзяць верх. Мяжа паміж бясстрашнасцю і безразважнасцю вельмі тонкая.

Чаму ж так важна для педагога стварыць атмасферу псіхалагічнага камфорту на ўроку? Адказ вельмі просты: атмасфера псіхалагічнага камфорту з’яўляецца адначасова і развіццёвай, і псіхакарэкцыйнай, бо ў гэтай атмасферы знікаюць бар’еры, знімаецца псіхалагічная абарона, энергія ідзе не на трывогу або барацьбу, а на вучэбную дзейнасць, на прадуцыраванне ідэй, на твор­часць.

Добры клімат на ўроку — гэта як пазл, які складваецца з асобных дэталей-фактараў:

адносіны навучэнцаў да настаўніка;

адносіны настаўніка да работы;

уменне педагога валодаць словам (маўленнем) пры зносінах з дзецьмі і бацькамі;

добразычлівасць і шчырасць;

уменне выказваць свае эмоцыі і пачуцці.

Арганізацыйны этап вельмі кароткачасовы, ён вызначае ўвесь псіхалагічны настрой урока. Настаўнік павінен уваходзіць у клас з добрым настроем, які з’яўляецца пасылам для далейшай прадукцыйнай работы. Ветлівыя, добразычлівыя словы настаўніка, спакойная, упэўненая манера з’яўляюцца ўмовай выканання задач гэтага этапу.

У псіхалогіі існуе некалькі прыёмаў, выкарыстанне якіх дапамагае актывіза­ваць любую дзейнасць, прадухіліць або лёгка ліквідаваць складаны канфлікт, зняць эмацыянальнае напружанне.

Адзін з іх — прыём пераключэння ўвагі. Ён заснаваны на ўласцівай дзецям школьнага ўзросту жвавасці нервовых працэсаў і неадвольнасці характару псіхічнай дзейнасці. Пераключэнне ўвагі з’яўляецца важным прыёмам эмацыянальнай рэгуляцыі, калі ажыццяўляецца мэтанакіравана, папярэдне плануецца педагогам, выкарыстоўваецца як з дыдактычнай мэтай, так і для часовай эмацыянальнай разрадкі. З адзначанай мэтай можна выкарыстоўваць разнастайныя гульнявыя сітуацыі, гукавыя сігналы, заданні са зменай дзейнасці, заданні на хуткае рэагаванне. Да групы вербальна-стылістычных прыёмаў можна аднесці фальклор, гумар, крылатыя словы. Вучоныя адзначаюць, што выкарыстанне такіх прыёмаў дапамагае актывізаваць любую дзейнасць, прадухіліць або лёгка ліквідаваць складаны канфлікт, зняць эмацыянальнае напружанне.

Фактары, якія перашкаджаюць псіхалагічнаму камфорту ў навучэнцаў:

няўпэўненасць у сабе,

павышаная стамляльнасць,

запаволенасць тэмпу дзейнасці,

павышаная патрэба ва ўвазе,

павышаная рухальная актыўнасць,

цяжкасці ў пераключэнні з адной дзейнасці на іншую.

У настаўнікаў, паводле даных статыстыкі, фактарамі ўзнікнення дыскамфорту выступаюць:

фізічная і псіхалагічная напружанасць працы,

пастаяннае ацэньванне з боку розных людзей,

высокі ўзровень адказнасці,

тэндэнцыя агрэсіўных адносін з боку баць­коў і навучэнцаў,

розныя стылі кіравання педагагічнымі кадрамі.

Крытэрыі псіхалагічнага камфорту ўрока:

адсутнасць стомленасці ў дзяцей і настаўніка;

станоўчы эмацыянальны настрой;

задавальненне ад праведзенай работы;

жаданне працягваць работу.

Акрамя адзначаных крытэрыяў, настаўнік павінен абавязкова ўлічваць фізіялагічныя і эмацыянальна-асобасныя асаблівасці дзяцей, ствараць сітуацыі поспеху на ўроку, выбіраць стыль зносін, які найбольш падыхо­дзіць.

Стварэнне сітуацыі поспеху — адзін з галоўных фактараў забеспячэння сацыяльна-псіхалагічнага камфорту на ўроку. У выпадку, калі поспех пастаянны, пачынаецца ланцуговая рэакцыя, якая вызваляе схаваныя магчымасці асобы.

Формы звароту настаўніка да вучняў:

  1. Дзелавая форма звароту (запрашэнне да дзелавых адносін): “Вывучыўшы тэарэтычны матэрыял, зоймемся, дзеці, яго практычным прымяненнем, бо гэта вельмі важна для кожнага з вас. Як будзем працаваць? Я буду выклікаць да дошкі або кожны працуе самастойна? Вашы прапановы”.
  2. Асобасна-даверлівы зварот: “Ці змог бы ты дапамагчы мне зрабіць падборку дадатковай літаратуры да ўрока? Буду табе вельмі ўдзячна”. Такая форма звароту асабліва карысная ў зносінах з падлеткамі і старшымі школьнікамі, калі ў іх выяўлена патрэба супрацоўнічаць з дарослымі як роўныя. Пры такім звароце падкрэсліваецца іх даросласць, таму што да іх звяртаюцца па дапамогу.
  3. Эмацыянальна-асобасны зварот: “У мяне, дзеці, быў сёння цяжкі дзень, і вы стаміліся да шостага ўрока — паберажом адно аднаго”; “Я ведаю, у вас сёння была кантрольная па матэматыцы. Як справіліся, цяжкая? Тады на ўроку зоймемся цікавай справай, апытваць вас не буду”. Такім шляхам наладжваецца ўзаемнае разуменне, клапатлівыя адносіны адно да аднаго, а вучні спасцігаюць розныя формы звароту да іншага чалавека. Галоўнае тут — зафіксаваць агульныя перажыванні ўсяго класа і паказаць, што далучаешся да іх. Тое ж магчыма і ў адносінах да асобнага вучня.

Такім чынам, камфортнае і бяспечнае сацыяльна-псіхалагічнае асяроддзе неабходна для найбольш эфектыўнага навучання, выхавання і асобаснага развіцця вучняў, для іх добрага фізічнага і эмацыянальнага стану. Сучасная школа павінна стаць пажыўным асяроддзем станаўлення паспяховых, шчаслівых і здаровых людзей.

Дзіяна НАВАГАРОДСКАЯ,
педагог-псіхолаг гімназіі Шчучына.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.