Змены павінны адбыцца

- 11:39Якасць адукацыі

У педагагічным і грамадскім асяроддзі актыўна абмяркоўваюцца новыя падыходы да выніковай атэстацыі навучэнцаў. Узняла гэтае пытанне падчас пасяджэння калегіі Міністэрства адукацыі дырэктар гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны Мінска, настаўніца матэматыкі, кандыдат педагагічных навук Наталля Уладзіміраўна Бушная.

Кожны педагог усведамляе, што змены павінны адбыцца, хоць абсалютна зразумела, што да іх трэба сур’ёзна і ўзважана рыхтавацца: правядзенне сумешчаных экзаменаў — справа няпростая. Сёння цэнтралізаванае тэсціраванне, фармат яго правядзення, змест заданняў усімі намі ўспрымаецца як сталая традыцыя. Патрабаванні да цэнтралізаванага тэсціравання не выходзяць за межы праграм, зразумелыя навучэнцам і педагогам. Як настаўнік матэматыкі, які працуе ў выпускным класе, гавару пра гэта з поўнай адказнасцю.

Разам з тым варта адзначыць, што падыходы да выніковай атэстацыі выпускных класаў, насуперак запатрабаванай часам дынамічнасці ўсіх працэсаў, заставаліся нязменнымі ўжо дастаткова доўга. У сувязі з гэтым узнікае цалкам заканамернае пытанне: ці трэба мяняць тую сістэму, якая ўжо склалася і зразумелая ўсім педагогам? Практыка паказвае, што мяняць трэба. Спашлюся на вопыт правядзення выніковай атэстацыі навучэнцаў на прыкладзе прадмета, які мне бліжэй за ўсё.

 Экзаменацыйная работа па матэматыцы за курс сярэдняй школы ўключае ў сябе 10 заданняў і доўжыцца 5 гадзін. Цэнтралізаванае тэсціраванне ўключае ў сябе 32 заданні і доўжыцца 3 гадзіны. Пры гэтым школьны экзамен право­дзіцца па адкрытых тэкстах, даступных для навучэнцаў да пачатку экзамену, а канкрэтны змест заданняў ЦТ абітурыент бачыць толькі тады, калі атрымлівае ліст з заданнямі. Таму чакаць адэкватнай карэляцыі адзнак аб’ектыўна не даво­дзіцца.

Яшчэ адзін прыклад. Па рускай або беларускай мове за курс базавай школы навучэнцы пішуць дыктоўку, за курс сярэдняй школы — пераказ, а на ЦТ — тэст. Зусім розныя формы, якія патрабуюць розных метадаў падрыхтоўкі і абапіраюцца на розныя сістэмы ацэньвання вынікаў вучэбнай дзейнасці. Вядома, можна гаварыць пра рознабаковае развіццё навучэнца. Але той факт, што гэта прыводзіць да іх перагрузкі, не выклікае сумненняў.

Таму сёння мы назіраем пэўную супярэчнасць паміж існуючай сістэмай выніковай атэстацыі і запытам на такую адукацыю, якая дазваляе знізіць вучэбную перагрузку навучэнца, захаваўшы і нават памножыўшы яе якасць. Каб атрымаць новы імпульс для далейшага развіцця, гэтую супярэчнасць трэба будзе нашай сі­стэме адукацыі вырашыць. Адзіныя зразумелыя патрабаванні да выніковай атэстацыі, лічу, знімуць пэўнае непаразуменне ў ацэнцы вучэбных дасягненняў навучэнцаў і з боку бацькоў. Далёка не ўсім бацькам зразумела тое разыходжанне ў ацэнках вучэбных дасягненняў навучэнцаў, якое існуе на сённяшні дзень”, — адзна­чыла Наталля Уладзіміраўна.

Начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Дзяржынскага райвыканкама Мінскай вобласці Галіна Уладзі­міраўна Гапанькова гаварыла пра знач­насць выхаваўчай работы ва ўстановах адукацыі. 2020 год з’яўляецца завяршальным у рэалізацыі праграмы бесперапыннага выхавання дзяцей і мола­дзі (2016—2020 гады). Галіна Уладзіміраўна адзначыла, што педагагічная грамадскасць гатова падключыцца да распрацоўкі новай праграмы, пры фарміраванні якой неабходна пазбягаць перагружанасці мера­прыемствамі, бо часта за іх колькасцю цяжка ўбачыць вучня.

У Дзяржынскім раёне сістэма выхаваўчай работы арыентуецца на індывідуальнасць кожнага дзіцяці. Як заўважыла начальнік упраўлення, індывідуальны падыход не вынаходніцтва сённяшняга дня, але, на жаль, на практыцы ён сустракаецца не так часта, як бы таго хацелася. У сувязі з гэтым Галіна Уладзіміраўна звярнула ўвагу на ролю класнага кіраўніка. “Сучасны класны кіраўнік павінен быць дырэктарам мікракалектыву, які ўключае ў сябе вучняў класа, іх бацькоў, настаўнікаў-прадметнікаў і іншых сацыяльных партнёраў. Разам з тым прававое поле дзейнасці класнага кіраўніка патрабуе карэкціроўкі”, — адзначыла Г.У.Гапанькова.

У сваім выступленні начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Дзяржынскага райвыканкама гаварыла і пра неабходнасць цеснага супрацоўніцтва з бацькамі, якім часта неабходны парады і кансультацыі школьных настаўнікаў і псіхолагаў. Каб такая падтрымка ажыццяўлялася пастаянна і прафесійна, патрабуецца пэўная структура, якой можа стаць сістэма бацькоўскіх універсітэтаў. Ідэю стварэння такіх універсітэтаў восенню мінулага года агучыў міністр адукацыі. Галіна Уладзіміраўна запэўніла, што педагогі Дзяржынскага раёна гатовы далучыцца да рэалізацыі гэтай ідэі.

Рэктар Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова, Дзяніс Уладзі­міравіч Дук гаварыў пра павышэнне якасці і эфектыўнасці практыка-арыентаванай падрыхтоўкі спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, пра цесныя сувязі з заказчыкамі кадраў з Магілёўскай вобласці. У прыватнасці, распрацоўваецца, узгадняецца і ліцэнзуецца сумесная дакументацыя.

“Пры распрацоўцы вучэбных праграм для спецыяльнасцей педагагічнага профілю асаблівая ўвага была ўдзелена развіццю і ўдасканаленню прафесійных кампетэнцый у галіне практычнай псіхалогіі і педагогікі. На сваіх занятках выкладчыкі ўніверсітэта актыўна выкарыстоўваць інфармацыйныя тэхналогіі. Час не стаіць на месцы, таму, каб павысіць узровень выкладання, мэтазгодна выкарыстоўваць воблачныя сэрвісы. Аднак затраты на ўтрыманне электроннага навучання вельмі вялікія, што не дае магчымасці развівацца на поўную моц”, — адзначыў рэктар.

Моц рэгіянальнага ўніверсітэта — у стапрацэнтным забеспячэнні кадрамі свайго рэгіёна. І каб гэтыя кадры мелі якасную падрыхтоўку, ва ўніверсітэце клапоцяцца пра замацаванне самых здольных і таленавітых студэнтаў — патэнцыяльных выкладчыкаў. Усе ўніверсітэцкія навуковыя школы працуюць на павышэнне прафесійнага ўзроўню маладых выкладчыкаў.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.