Змены ў жыцці — змены ў слоўніку

- 11:12Якасць адукацыі

Арганізацыя даследчай дзейнасці ў сярэдняй школе № 2 Смаргоні  ажыццяўляецца праз дзейнасць навукова-даследчага таварыства, членамі якога з’яўляюцца педагогі, навучэнцы не толькі старшых і сярэдніх класаў, але і малодшых. Сістэмная работа ў гэтым кірунку дазваляе фарміраваць у вучняў лідарскія якасці, уменне самастойна працаваць, думаць і прымаць рашэнні, аргументавана даказваць свой пункт гледжання.

Даследчай дзейнасцю я займаюся з 2011 года. У гэтым го­дзе вучні старшых класаў пад маім кіраўніцтвам працавалі над тэмай “Змяненні слоўнікавага складу сучаснай беларускай літаратурнай мовы (на матэрыяле супастаўлення тлумачальнага слоўніка пад рэдакцыяй М.Р.Судніка 1999 года і слоў­ніка пад рэдакцыяй І.Л.Капылова 2016 года)”.

Мы прыйшлі да высновы, што любыя перамены ў грамадскім развіцці непазбежна цягнуць за сабой змяненні ў слоўніку. Таму мэта даследавання — параўнаць тлумачальныя слоўнікі 1999 і 2016 гадоў і выявіць змяненні, якія адбыліся за 2017 год.

Слоўнікавы склад папоўніўся і запазычанай лексікай, і ўласнымі наватворамі. Разам з навучэнцамі-даследчыкамі мы адзначылі 103 такія словы. Напрыклад, не так даўно ў наша жыццё ўвайшла камп’ютарная сфера дзейнасці і з’явілася толькі адно запазычанае слова — камп’ютар. А ўжо ў слоўніку 2016 года з’яўляюцца новыя словы, якія цесна звязаны з гэтым словам: вінчэстар, мадэм, фармаціраваць і інш. Лексікаграфічная база слоўніка папоўнілася і такімі запазычанымі словамі, як бэта-версія, гастарбайтар, гендар, геном, дрэс-код, дыскаўнтар, слэнг і інш. З’яўляюцца і ўласныя новаўтварэнні, якія падкрэсліва­юць нацыянальную спецыфіку мовы: хмарачос, хуткапрамаўлянка.

У слоўніку 2016 года можна назіраць і такую з’яву, калі з’яўляюцца новыя словы, аднак яны паралельна функцыянуюць з дублетнымі найменнямі: аповед і апавяданне, аскепак і асколак, выстава і выстаўка, жаўранак і жаваранак і інш.

Асобныя лексічныя адзінкі, зафіксаваныя ў папярэдніх выданнях тлумачальнага слоўніка, у новым выданні заменены беларускімі адпаведнікамі: агаломшыць замест агарошыць, бясконцы замест бесканечны, Дабравешчанне і Дабравесце замест Благавешчанне, суразмовец і суразмоўнік замест субяседнік і інш.

У новым выданні тлумачальнага слоўніка таксама адлюстраваны новыя, актуальныя ў сучаснай беларускай мове значэнні слоў, якія да гэтага часу не азначаліся: жучок (тэхнічнае прыстасаванне для праслухоўвання), слімак (спецыяльны знак — @, які выкарыстоўваецца пры запісе адраса электроннай пошты) і інш. Намі было адзначана 165 такіх слоў.

З аднаго боку, слоўнікавы запас мовы няспынна ўзбагачаецца за кошт узнікнення новых слоў і разам з тым змяншаецца за кошт выхаду з ужытку некаторых слоў. Мы заўважылі, што ў рэестр слоўніка 2016 года не ўключаны словы, якія на сённяшні дзень не адносяцца да актыўнай лексікі. У першую чаргу гэта абласныя словы: аброжак, бацян, груца, жбан, істопка і інш. Вучні знайшлі 30 такіх слоў.

Не ўвайшлі ў слоўнік і размоўныя словы адсябяціна, барматуха, лафа, мячэўнік, рабяты, тумак, шафярня і інш. Усяго 80 такіх слоў.

Некаторыя спецыяльныя словы таксама не ўключаны ў рэестр слоўніка 2016 года, іх 12: азаніра­ваць, раскасіраваць, тралёўка, эшаланіраваць і інш.

Зніклі таксама словы з ярка выражанай афарбоўкай грубасці: дзяржыморда, сажраць, скапуціцца і інш.

Некаторыя словы сталі саста­рэлымі і выйшлі з ужытку, бо ў выніку развіцця грамадства зніклі асобныя прадметы, з’явы рэчаіснасці, а разам з імі зніклі і іх назвы: баярка, гараднічы, гасцінны двор, дарчая грамата, крупэрня, сельпо, трапак і інш. Мы адзначылі 48 такіх слоў.

Не меншую цікавасць выклікала ў нас група слоў, якія выража­юць дадатковыя эмацыянальна-экспрэсіўныя адценні. Выкарыстанне стылістычна афарбаваных слоў звычайна абмяжоўваецца пэўным стылем мовы, а ў слоўніках яны ­адзначаюцца спецыяльнымі стылістычнымі паметамі. Пры параўнанні тлумачальных слоўнікаў 1999 і 2016 гадоў мы заўважылі, што словы могуць пераходзіць з размоўных у агульнаўжывальныя і наад­варот — з агульнаўжывальных у раз­моўныя; кніжныя, афіцыйныя і спецыяльныя словы — у агульнаўжывальныя, і агульнаўжывальныя — у спе­цыяльныя, устарэлыя і гістарызмы.

Значныя змяненні адбыліся таксама ў тэрміналагічных і фразеалагічных спалучэннях, якія падаюцца ў слоўніку.

З’явіліся новыя і актуальныя тэрміналагічныя спалучэнні (шлюбны кантракт, банкаўская плацежная картка, паслужны спіс, асабовая справа, ствалавыя клеткі і інш.). Мы адзначылі фразеалагізмы, якія раней не падаваліся ў слоўніку (на агеньчык зайсці, працаваць з аганьком, базарная баба, сіліконавая даліна і інш.).

Лексічны склад мовы адразу рэагуе на змяненні ў жыцці грамадства, і гэтыя змяненні таксама адлюстроўваюцца ў слоўніку. А веданне змяненняў слоўнікавага складу карысна для ўсіх носьбітаў беларускай мовы.

31 кастрычніка 2017 года ў Гродне праходзіў ІХ Абласны конкурс работ даследчага характару (канферэнцыя) “Крышталёвая альфа”, і наша работа была адзначана дыпломам ІІІ ступені.

Марына ЦАРЫК,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 2 Смаргоні.