Змоўклі страявыя песні

- 11:44Адукацыйная прастора

Сцягі згорнуты, фуражкі зняты, страявыя песні змоўклі — у суботу НДЦ “Зубраня” развітаўся з удзельнікамі ХІ грамадзянска-патрыятычнай кадэцкай змены навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “За гонар Айчыны”. Прадстаўнікі 21 дэлегацыі з Расіі і 21 дэлегацыі з Беларусі (выхаванцы спецыялізаваных кадэцкіх навучальных устаноў, навучэнцы кадэцкіх, ваенна-патрыятычных класаў, іх педагогі) на працягу 21 дня адпачывалі на беразе Нарачы, паказвалі выпраўку, ваенныя навыкі, веданне ваеннай гісторыі, уменне маршыраваць на пляцы, дзяліліся вопытам, знаходзілі новых сяброў.

Змена завяршылася. Гэта сумна, аднак засталіся сотні яркіх успамінаў — і гэта цудоўна. А згадваць будучым афіцэрам, эліце нашай арміі, ёсць што. Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы, супрацоўнікі НДЦ “Зубраня” падрыхтавалі для 14—16-гадовых хлопцаў і дзяўчат насычаную праграму. Так, 10 верасня для кадэтаў была наладжана аглядная экскурсія па Мінску з наведваннем Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, агляднай пляцоўкі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. У гэты ж дзень на мемарыяльным комплексе “Курган Славы” была праведзена грамадзянска-патрыятычная акцыя “Жывая памяць пакаленняў”, наведалі ўдзельнікі змены і гісторыка-культурны комплекс “Лінія Сталіна”.

Урачыстае адкрыццё змены прайшло 14 верасня. Па добрай традыцыі мерапрыемства было яркім, запамінальным святам. А якое ж свята без сюрпрызаў? Такім сюрпрызам для кадэтаў сталі паказальныя выступленні спецпадраздзяленняў, кінолагаў са службовымі сабакамі, выстава стралковай зброі, паказ сучаснай формы адзення ваеннаслужачых Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Далучыліся падлеткі і да такіх зубраняцкіх рытуалаў, як “Корпусныя дэвізы”, “Калідор сяброўства”, “Зубраняцкі сцяг”.

Сярод шматлікіх задач змены — папулярызацыя кадэцкага руху, абмен вопытам у арганізацыі дзейнасці кадэцкіх навучальных устаноў, садзейнічанне інтэлектуальнаму, культурнаму, фізічнаму і маральнаму развіццю падлеткаў, знаёмства з гісторыка-культурнай спадчынай Рэспублікі Беларусь, выяўленне і развіццё лідарскіх якасцей у будучых абаронцаў Айчыны. Вырашэнню гэтых задач садзейнічаў у тым ліку і конкурс інсцэніраванай ваенна-патрыятычнай песні “Песня ў салдацкім шынялі”, які прайшоў 22 верасня. У гэты ж дзень кадэты сустрэліся з курсантамі Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, якія паведамілі пра асаблівасці навучання ў гэтай установе вышэйшай адукацыі, арганізацыі службы на дзяржаўнай граніцы, а таксама прадэманстравалі элементы рукапашнага бою.

Адметнасцю кадэцкага жыцця з’яўляецца кадэцкі баль. Так, вечарам 26 верасня ў Палацы дзіцячай творчасці гучала ўрачыстая музыка, а твары кадэтаў літаральна свяціліся ад усмешак і шчасця. Чырвоная дарожка, паланэз, грацыёзныя рухі пар — усё, як на сапраўдным балі. Баль — гэта толькі адна з традыцый кадэцкага жыцця. Не менш важным з’яўляецца і ўшанаванне памяці пра подзвіг народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 27 верасня кадэты наведалі комплекс “Партызанскія базы” каля вёскі Чарэмшыцы. Яшчэ адна традыцыя змены “За гонар Айчыны” — гэта Дзень Саюзнай дзяржавы. 28 верасня з удзелам прадстаўнікоў Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы прайшло свята “Са стагоддзя ў стагоддзе крочым разам”. Канцэрт, урачысты марш-парад дэлегацый — усё прайшло ў лепшых кадэцкіх традыцыях “Зубраняці”.

На ўрачыстым закрыцці змены 29 верасня былі падведзены вынікі, уручаны ўзнагароды пераможцам і актыўным удзельнікам ваенна-спартыўных спаборніцтваў, конкурснай праграмы. У агульнакамандным заліку сярод каманд, якія складаліся з навучэнцаў ваенна-патрыятычных, кадэцкіх класаў, перамогу святкавала Валагодская кадэцкая школа-інтэрнат імя Белазёрскага палка (на другім месцы, дарэчы, каманда сярэдняй школы № 7 Барысава). Сярод каманд з кадэцкіх карпусоў, кадэцкіх вучылішчаў на першым месцы — каманда спецыялізаванага ліцэя пры Універсітэце грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь. За перамогу і актыўны ўдзел у мерапрыемствах каманды атрымалі кубкі, дыпломы, медалі з сімволікай змены.

Адзінаццаты раз “Зубраня” прымала кадэтаў Беларусі і Расіі, адзінаццаты раз на параднай плошчы “нага ў нагу” страявым маршам праходзілі пад рознакаляровымі сцягамі хлопцы і дзяўчаты ў параднай форме — будучая эліта нашай арміі. На працягу трох тыдняў яны не толькі паказвалі ваенныя ўменні і навыкі, знаходзілі новых сяброў, але і напаўнялі свае сэрцы сотнямі яркіх успамінаў пра выдатны адпачынак у маляўнічым Нарачанскім краі.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега БАГІНСКАГА.