Змяніць сябе, каб змяніліся студэнты і змяніўся ўніверсітэт

- 11:55Вышэйшая школа

Днямі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце стартаваў вочна-дыстанцыйны курс “Методыка навучання праз адкрыццё: як вучыць усіх па-рознаму, але аднолькава”. Удзельнікамі першага семінара сталі каля 150 педагогаў і выкладчыкаў БДУ, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы, Ліцэя БДУ і чатырох каледжаў. Зносіны, дыскусіі і абмеркаванне праходзілі анлайн у міжсеткавым рэжыме.

Аўтар і вядучы згаданага курса — рэктар БДУ доктар педагагічных навук Андрэй Дзмітрыевіч Кароль.

Як “нічыйную” інфармацыю зрабіць сваёй

Тэма першага семінара — “Ці можна вучыць усіх па-рознаму, але аднолькава? Як распрацаваць адкрытае (эўрыстычнае) заданне”.

— Мэта курса — падрыхтоўка выкладчыкаў, якія здольны выкладаць інакш, чым па старых канспектах, — адзначыў Андрэй Кароль. — Спецыфіка, змест і форма семінара заключаюцца ў тым, што кожны ўдзельнік — гэта не пасіўны слухач, спасціжэнне інфармацыі адбываецца праз актыўнае дзеянне. Праз пастаноўку мэт, распрацоўку ўласных прадуктаў (камплект адкрытых заданняў, сцэнарый заняткаў ці інтэрнэт-заняткаў) ствараецца тое, што можна задзейнічаць у далейшай рабоце.

Рэктар БДУ сцвярджае: можна і трэба вучыць студэнтаў па-рознаму, з улікам іх фізіялагічных асаблівасцей, асобасных і інтэлектуальных патрэб. Задача выкладчыка — забяспечыць засваенне вучэбнага базавага зместу свайго прадмета з выбудоўваннем індывідуальнай адукацыйнай траекторыі.

— Гістарычна адукацыя мае “пераймальны” і перадатачны характар, — гаворыць Андрэй Кароль. — Па сутнасці, гаворка ідзе аб перадачы полікультурнай, агульнай, а таму “нічыйнай” інфармацыі без уліку культурных, псіхафізіялагічных і іншых асаблівасцей навучэнца. Адукацыя мае характар маналогу. Але маналог — гэта нераўнапраўныя зносіны, якія адмаўляюць самастойны, творчы характар пазнання. Цяжка навучыць чалавека думаць нестандартна, калі адукацыйны працэс звесці да паведамлення шаблоннай інфармацыі ў выглядзе правіл, схем, класіфікацый, тэарэм, заканамернасцей. І праблема выхавання маральнасці, талерантнасці вучня цяжка вырашаецца без умення весці дыялог (з сабой, з іншымі людзьмі). У “нічыйнай” інфармацыі няма адкрыцця для чалавека, бо адкрыццё — гэта погляд на свет сваімі, а не чужымі вачыма.

Андрэй Кароль з’яўляецца аўтарам сістэмы эўрыстычнага навучання на аснове дыялогу — навучання, якое адкрывае вучня. Тэхналогія заключаецца ў тым, што на першым этапе навучэнец выконвае адкрытае заданне, на якое не існуе загадзя вядомага адказу, тым самым ствараючы ўласны адукацыйны прадукт. На другім этапе сваё супастаўляецца з чужым — назапашанымі чалавецтвам ведамі ў рамках пэўнай вучэбнай тэмы. У выніку дыялогу свайго з чужым вучань здзяйсняе ўласныя адкрыцці, гля-дзіць на сябе збоку, спазнае сябе.

— У адкрытасці зместу адукацыі, яго дыялагічнасці закладзена магчымасць для студэнта здзяйсняць уласныя адкрыцці, а значыць, мяняцца, — сцвярджае Андрэй Кароль. — Атрыманы навучэнцам вынік заўсёды ўнікальны і адлюстроўвае не чаканы правільны адказ, а ступень яго індывідуальнага творчага самавыяўлення.

Выступленне рэктара БДУ выклікала актыўную дыскусію ўдзельнікаў семінара. Выкладчыкі закранулі пытанні рознай накіраванасці і значнасці — ад філасофіі адукацыі і метадалогіі да напаўнення зместу навучання асобасным сэнсам. Прадоўжыўся семінар работай удзельнікаў у васьмі групах у БДУ і ў трох групах у ГрДУ імя Янкі Купалы, якія былі сфарміраваны з ліку выкладчыкаў розных факультэтаў. Ім было прапанавана самастойна распрацаваць эўрыстычныя заданні для студэнтаў. Над выкананнем гэтай задачы працавалі таксама педагогі Ліцэя БДУ і каледжаў.

Напрыканцы семінара выкладчыкі прэзентавалі распрацаваныя імі адкрытыя заданні калегам у анлайн-рэжыме і вочна. Мадэратарам гэтай часткі семінара выступаў рэктар БДУ Андрэй Кароль.

— Мы паставілі мэтай развіццё эўрыстычных якасцей выкладчыка, здольнага дзейнічаць у сітуацыі нявызначанасці, дзе няма гатовых рашэнняў, — заўважыў Андрэй Дзмітрыевіч. — У сучаснай вышэйшай (ды і сярэдняй) школе важна арганізаваць працэс і ўмовы для самарэалізацыі кожнага навучэнца, даць ім магчымасць стварыць адукацыйны прадукт, адрозны ад іншых. Трэба памятаць, што сённяшнія студэнты — гэта заўтрашнія менеджары, і яны павінны быць крэатыўнымі, гнуткімі і мабільнымі.

Выкладаць інакш

Андрэй Кароль упэўнены, што выкладчыкі, якія асвояць курс “Методыка навучання праз адкрыццё: як вучыць усіх па-рознаму, але аднолькава”, будуць працаваць інакш, не так, як раней. Гэта будуць не столькі перадатчыкі інфармацыі, колькі менеджары, здольныя выбудоўваць індывідуальную траекторыю развіцця кожнага студэнта. Навучыўшыся распрацоўваць адкрытыя (эўрыстычныя) заданні, выкладчыкі дапамогуць навучэнцам ствараць уласны адукацыйны прадукт, што будзе спрыяць лепшаму разуменню імі саміх сябе, навакольнага свету і, як вынік, больш поўнай самарэалізацыі.

— Тое, што мы робім сваімі рукамі, сваім інтэлектам, становіцца нашым, а не чужым, прысвоеным, — гаворыць Андрэй Кароль. Дарэчы, распрацаваны ім курс адкрыты і для іншых універсітэтаў. І гэта шанс змяніць сістэму выкладання ў вышэйшай школе.

Вочна-дыстанцыйны курс складаецца з трох семінараў: “Як распрацаваць адкрытае (эўрыстычнае) заданне”, “Як распрацаваць і правесці заняткі эўрыстычнага тыпу” і “Як спраектаваць і правесці эўрыстычныя інтэрнэт-заняткі”.

Падчас першага семінара яго ўдзельнікі азнаёміліся з методыкай складання адкрытых заданняў, якія не маюць адназначнага правільнага адказу. У такіх заданнях закла-дзена магчымасць для навучэнцаў здзяйсняць уласныя адкрыцці.

На другім семінары кожны ўдзельнік створыць план-канспект эўрыстычных заняткаў па сваім прадмеце.

Трэці семінар дапаможа ўдзельнікам асвоіць тэхналогію распрацоўкі інтэрнэт-заняткаў, арыентаваных на самарэалізацыю вучня, ажыццявіць сінтэз адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій.

— Неабходна даць навучэнцу магчымасць самарэалізацыі, — гаворыць Андрэй Дзмітрыевіч. — Калі сэнсы і мэты адукацыі — вырасціць, а не даць, то інфарматызацыя — сродак для дэманстрацыі і параўнання адукацыйных праектаў навучэнцаў, супастаўлення свайго з чужым. Вельмі карысна паглядзець на сябе вачыма студэнтаў, калег.

Боязь аўдыторыі, маўляў, моладзь і так праседжвае час у сацыяльных сетках і выкладчыкам не варта яшчэ больш іх падахвочваць, рэктар БДУ не падзяляе.

— Каб мець эфектыўныя зносіны са студэнтамі, трэба гаварыць з імі на адной мове, — заўважыў Андрэй Кароль. У прыватнасці, яго вопыт правядзення семінараў для студэнтаў у сацыяльных сетках сведчыць пра іх высокую эфектыўнасць. Студэнты ў сацыяльных сетках разняволеныя, актыўныя, творчыя і гатовы разважаць. Гатовы спасцігаць новыя сэнсы, мяняцца. Таму не варта баяцца сацыяльных сетак, трэба вучыцца выкарыстоўваць іх з карысцю для ўсіх удзельнікаў вучэбна-выхаваўчага працэсу.

Усе семінары, прапанаваныя рэктарам БДУ, дзейсныя і маюць на ўвазе высокую актыўнасць удзельнікаў. Падчас работы выкладчыкі навучацца ствараць уласныя адукацыйныя прадукты — як знешнія (згаданыя ўжо адкрытыя заданні, сцэнарыі вочных і дыстанцыйных заняткаў эўрыстычнага тыпу), арыентаваныя на творчую самарэалізацыю навучэнца, так і ўнутраныя, накіраваныя ў тым ліку на развіццё камунікатыўных, эўрыстычных якасцей асобы педагога, што забяспечваюць самарэалізацыю, а таму матывацыю да прафесійнай дзейнасці.

— Я спадзяюся, што па выніках усіх трох семінараў кожны ўдзельнік дасягне асобасна значных адкрыццяў, распрацуе асобасна і грамадска значныя адукацыйныя прадукты. Гэта ўжо будуць выкладчыкі з крыху іншымі кампетэнцыямі, якія праз дзеянне і рэфлексію паглядзяць на сябе зусім іншымі вачыма.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота прадастаўлены прэс-службай БДУ.