Значны як настаўнік, цікавы як асоба

- 10:06Людзі адукацыі

Сяргей Іванавіч Камінскі — настаўнік, здольны ўмела ўдасканальваць змест сваёй дзейнасці, творча падыходзіць да выкладання матэматыкі і выхавання вучняў, бачыць патрэбу ў павышэнні педагагічнага майстэрства і вырашаць задачы, якія зараз ставяцца ў сістэме адукацыі.

Педагагічны стаж настаўніка матэматыкі сярэдняй школы № 1 Докшыц Сяргея Іванавіча Камінскага складае трыццаць гадоў, адзінаццаць з якіх ён працаваў у школе, выпускніком якой з’яўляецца. За час работы ўзбагаціў педагагічны вопыт, набыты ў сельскіх установах адукацыі, і дасягнуў прызнання прафесійнага майстэрства сярод настаўнікаў у раёне і вобласці. У яго шукаюць падтрымкі і дапамогі калегі, адораныя і слабапаспяваючыя дзеці. Для ўсіх ён значны як настаўнік і цікавы як асоба. Сяргей Іванавіч аддае перавагу рабоце з вучнямі, якіх вучыць прадмету з 5 класа, бо лічыць, што гэтая акалічнасць дазваляе бачыць вынік сваёй працы. За гэты час складалася і пэўная сістэма работы як з кожным вучнем, так з класам у цэлым.

— Добра, калі вучань валодае доўгачасовай памяццю і ўседлівасцю, — сцвярджае Сяргей Іванавіч. — На маю думку, калі няма ўседлівасці, то напалову ўпускаецца час пры вывучэнні прадмета. І таму пачынаю з выяўлення недахопаў у ведах вучняў, праводжу неабходную карэкцыйную работу, што дазваляе дзіцяці пераадолець часовыя цяжкасці, набыць упэўненасць у сваіх сілах, не перайсці няведанню ў хранічную форму і непаспяховасць.

Вядома, у класе за партамі сядзяць вучні з розным узроўнем ведаў, падрыхтоўкі і цікавасці да прадмета, але настаўніку трэба, каб усе засвоілі матэрыял. І Сяргей Іванавіч заўсёды звяртае ўвагу на пытанні, якія звычайна выклікаюць найбольшыя цяжкасці, кантралюе засваенне матэрыялу вучнямі, якія прапусцілі папярэднія ўрокі. На перапынку перад урокам навучэнцы па ўласным жаданні пішуць на класнай дошцы найбольш складаныя заданні дамашняй работы, каб на пачатку ўрока растлумачыць рашэнне задання іншым.

Пасля заканчэння вывучэння тэмы або раздзела Сяргей Іванавіч, як і патрабуецца, абагульняе вынікі засваення школьнікамі асноўных паняццяў, правіл, уменняў, навыкаў, выяўляе прычыны адставання асобных вучняў.

Калі пачынае азнаямленне з новым матэрыялам, у ходзе ўрока абавязкова правярае ступень разумення вучнямі асноўных элементаў матэрыялу. Вучыць задаваць пытанні, калі нешта не зразумела. Сяргей Іванавіч выкарыстоўвае разнастайныя метады навучання, якія дазваляюць актыўна засвойваць матэрыял, а на вучэбных занятках і ў пазашкольны час шмат увагі ўдзяляе самастойнай рабоце. Лічыць, што кожны вучань павінен самастойна знаходзіць рашэнне, ці хаця б паспрабаваць гэта зрабіць.

Сяргей Іванавіч не проста вучыць рашаць задачы і ўраўненні, а развівае мысленне дзіцяці. Ён можа зацікавіць школьнікаў элементамі праблемнага навучання, нетрадыцыйнымі формамі ўрока, напрыклад, матэматычнай гульнёй ці падарожжам. А пераключыць увагу і крыху адпачыць можна падчас матэматычнай фізкультхвілінкі ці проста разглядаючы праз акно першы снег.

Вучні Сяргея Іванавіча рэгулярна перамагаюць на раённым, абласным і фінальным этапах Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы, паказваюць высокія вынікі на цэнтралізаваным тэсціраванні, прывозяць узнагароды з конкурсаў на лепшы відэаматэрыял выхаваўчага напрамку.

Праца настаўніка не застаецца незаўважанай: у яго скарбонцы шматлікія граматы раённага аддзела адукацыі, мясцовых органаў улады і Міністэрства адукацыі. Неаднаразова імя С.І.Камінскага называлі на раённым свяце перадавікоў, яго партрэт знаходзіўся на раённай Дошцы гонару. Докшыцкі настаўнік двойчы быў удзельнікам рэспубліканскіх адукацыйных праектаў, якія праходзілі ў краінах Заходняй Еўропы, быў удзельнікам па абмене педагагічным вопытам, наведаў універсітэты ў Падуі і Барселоне.

Талент Сяргея Іванавіча выкладаць матэматыку — гарантыя поспеху вучня. І бацькі, і дзеці лічаць неабходным і жаданым вывучаць матэматыку менавіта ў яго. Да таго ж мужчынская педагагічная падтрымка — неаспрэчная дапамога тым маці, якія выхоўваюць дзяцей без бацькі. Ён ведае радасці і праблемы сем’яў навучэнцаў. Ён і навучыць, і выхавае, і зацікавіць, і прыгледзіць.

У сучаснай школе мужчына — класны кіраўнік — вялікая рэдкасць. А калі педагог яшчэ і з актыўнай грамадскай і жыццёвай пазіцыяй — тым больш. Не было ні аднаго перапынку, каб класны кіраўнік 8 класа С.І.Камінскі не пацікавіўся, ці смачна было ў школьнай сталоўцы, якія адзнакі з’явіліся ў дзённіках за папярэдні ўрок, як сябе адчувае той ці іншы вучань. І ў турпаход разам з вучнямі сходзіць, і ў спаборніцтвах і конкурсах паўдзельнічае, і на гітары сыграе і праспявае. Вось і цягнуцца да яго і дзеці, і калегі, як маладзейшыя, так і старэйшыя.

І так дзень пры дні. Здзіўляешся, як у Сяргея Іванавіча хапае часу і на школу, і на сям’ю. Уласна кажучы, сакрэту ў гэтым ніякага няма: жонка Алена Аляксандраўна — калега, дачка Таццяна — колішняя школьная выдатніца, прызёр Рэспубліканскай алімпіады па матэматыцы, а зараз студэнтка БДУ па спецыяльнасці “Актуарная матэматыка”. Не абдзелена ўвагай і старэйшае пакаленне: Сяргей Іванавіч дапамагае сваім бацькам, паважаным у горадзе людзям, паспявае і цешчу з цесцем наведаць у абласным цэнтры.

І разумееш, напэўна, ад таго ўсё так ладна і спраўна атрымліваецца, бо ён улюбены ў жыццё, сям’ю, дзяцей і, канечне, у матэматыку. Нярэдка паўтарае словы М.В.Ламаносава: “Матэматыку ўжо затым трэба вучыць, што яна розум у парадак прыводзіць”.

Людміла ГІЛЬНІЧ,
намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце
сярэдняй школы Докшыц Віцебскай вобласці.