Знаходзіць лепшае ў кожным вучню

- 9:31Людзі адукацыі

Наталля Мікалаеўна Сычэўская аддана не толькі педагагічнай прафесіі, але і адзінай установе адукацыі. З 1989 года настаўніца пачатковых класаў кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” працуе ў гімназіі № 4 Баранавіч, дзе сцвердзілася як адказны, неабыякавы і творчы спецыяліст.

— Да сённяшняга часу з вялікай удзячнасцю і павагай згадваю першую настаўніцу Валянціну Васільеўну Рыжыкаву, — гаворыць Н.М.Сычэўская. — У строгага і патрабавальнага педагога заўсёды было цікава на ўроках. Менавіта гэтая настаўніца заклала добрую аснову для выбару далейшага прафесійнага шляху. Акрамя таго, у сярэдняй школе № 6 (сённяшняя гімназія № 3) Баранавіч, дзе я вучылася, панаваў культ ведаў. У гэтай установе было сорамна дрэнна вучыцца. Многія педагогі з’яўляліся прыкладам адданага служэння любімай справе, таму выбар настаўніцкай прафесіі быў заканамерным.

Вялікі ўплыў на прафесійнае станаўленне педагога аказала і працягвае аказваць метадычная вучоба, якую праводзіць адміністрацыя гімназіі разам з АПА і Брэсцкім абласным ІРА. Н.М.Сычэўская ўважліва вывучае і творча адаптуе ў рабоце ўсе самыя новыя і перадавыя тэхналогіі і методыкі ў адукацыі. Наталля Мікалаеўна ўзначальвае клуб настаўнікаў-метадыстаў “Прафесіянал”, створаны пры вучэбна-метадычным кабінеце Баранавіч. Задача клуба — суправаджэнне прафесійнага росту педагогаў і распаўсюджванне сучасных эфектыўных адукацыйных тэхналогій, методык і сродкаў навучання.

Н.М.Сычэўская актыўна ўдзельнічае ў правядзенні семінараў для настаўнікаў, якія атэстуюцца на вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, і майстар-класаў па павышэнні матывацыі вучняў праз выкарыстанне праблемнага навучання, аказвае кансультацыйную дапамогу па актуальных пытаннях адукацыйнай практыкі і запытах педагогаў, выступае на курсах павышэння кваліфікацыі настаўнікаў пачатковых класаў як член лектарскай групы Брэсцкага абласнога ІРА, уваходзіць у склад журы гарадскога этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”.

— Вядучым відам дзейнасці малодшых школьнікаў з’яўляецца вучэбная, таму мая задача заключаецца ў тым, каб зрабіць яе любімай справай кожнага вучня, стварыць спрыяльныя ўмовы для актывізацыі разумовай і творчай работы ўсіх дзяцей, — гаворыць Н.М.Сычэўская. — Якім павінна быць навучанне, што паспяхова вырашае гэтыя задачы? Якім чынам арганізаваць яго праз жаданне і ініцыятыву саміх вучняў? Як актывізаваць іх, стымулюючы прыродную цікаўнасць? З дапамогай якіх метадаў, прыёмаў і сродкаў матываваць цікавасць да самастойнага набыцця ведаў? Знаходжуся ў пастаянным пошуку адказаў на гэтыя пытанні.

Наталля Мікалаеўна лічыць, што навучанне павінна быць арыентавана на станаўленне актыўнай пазнавальнай пазіцыі вучняў. Сярод шматлікіх інавацыйных напрамкаў у педагогіцы настаўніца аддае перавагу асобасна арыентаванаму навучанню, падчас якога дзеці засвойваюць вучэбную інфармацыю і адначасова авалодваюць тэхналогіяй яе засваення, бачаць вынікі сваёй працы і могуць ацаніць іх.

— Гэтае навучанне лёгка ўпісваецца ў існуючую класна-ўрочную сістэму і заснавана на прызнанні самабытнасці і ўнікальнасці кожнага вучня, на раўнапраўным узаемадзеянні настаўніка і дзяцей, — адзначае Н.М.Сычэўская. — Добра, калі гэтае ўзаемадзеянне пачынаецца са стварэння даверлівай атмасферы, якая дорыць радасць зносін і пазнання новага, дазваляе дзіцяці адчуць сваю значнасць, развіць веру ў сябе і запрашае да вучэбнага супрацоўніцтва, павагі і ўзаемаразумення.

Вялікую ўвагу Н.М.Сычэўская ўдзяляе стварэнню станоўчай матывацыі на ўроку, арганізацыі актыўнай работы над матэрыялам, развіццю сэнсавай здагадкі і ўмення фіксаваць галоўнае. Новыя веды абапіраюцца на вопыт вучняў, іх інтарэсы, схільнасці і значныя для іх каштоўнасці. Рыхтуючыся да ўрокаў, настаўніца стараецца загадзя прадугледзець, што ў матэрыяле, які вывучаецца, можна выкарыстаць, абапіраючыся на асабісты вопыт дзяцей, атрыманы імі не толькі падчас вучобы, але і ў сям’і, у зносінах з равеснікамі, на занятках ва ўстановах дадатковай адукацыі, з кніг і СМІ. Педагог прадумвае сістэму пытанняў і заданняў, каб выклікаць дзіцячыя версіі вучэбнага матэрыялу, разгледзець і абмеркаваць іх. Настаўніца паважліва адносіцца да любога выказвання вучня, асцярожна і тактоўна адкідваючы памылковыя меркаванні.

— Выкарыстоўваю ў рабоце як традыцыйныя, так і сучасныя тэхналогіі, у прыватнасці праблемнае навучанне, якое фарміруе ў дзяцей уменне самастойна вызначаць мэты ўрока і планаваць дзеянні па іх дасягненні, выконваць гэтыя дзеянні, праводзіць самакантроль і самаацэнку, — расказвае Н.М.Сычэўская. — Вельмі часта звяртаюся да парнай формы работы на занятках. Мне бліжэй тыя метады і прыёмы, якія дазваляюць дзецям вучыцца самім. Заўсёды кажу ім, што ніхто не навучыць лепш, чым сам сябе. У гэтым дапамагаюць заданні пошукавага характару, якія прадугледжваюць арганізацыю даследчай дзейнасці. Вывучэнне праграмнага матэрыялу выбудоўваю з апорай на мадэлі, схемы і алгарытмы, дзе адлюстраваны найбольш істотныя прыкметы з’яў, якія вывучаюцца (метад лагічнага доказу).

Па словах Н.М.Сычэўскай, сёння даволі актуальнай з’яўляецца праблема ацэньвання вучэбных дасягненняў дзяцей. Партфоліа — адна з цікавых форм такога ацэньвання. Гэта індывідуальная папка асабістых дасягненняў вучня ў розных галінах дзейнасці: вучэбнай, творчай, сацыяльнай, камунікатыўнай і іншых.

— Партфоліа — гэта гісторыя поспеху, якая дазваляе прасачыць індывідуальны прагрэс дзіцяці, — тлумачыць Наталля Мікалаеўна. — За 4 гады тонкая папка, паступова напаўняючыся вучэбнымі і творчымі работамі, падзякамі і граматамі, ператвараецца ў папку — вернісаж школьных перамог. Шчаслівыя ўсмешкі, непадробнае здзіўленне і гонар за свае дасягненні адлюстроўваюцца на тварах чацвёртакласнікаў, калі яны гартаюць гэтыя партфоліа. Важна, што партфоліа з’яўляецца адной з кропак судакранання настаўніка і бацькоў. Дзякуючы яму, удаецца далучыць іх да адукацыйнага працэсу. Самае галоўнае правіла: “Палюбі сваіх вучняў не на словах, а на справе”. Калі гэта будуць адчуваць дзеці, то будуць адчуваць і бацькі. Тады яны стануць для настаўніка сапраўднымі памочнікамі, гатовымі заўсёды падтрымаць.

Н.М.Сычэўская імкнецца знайсці лепшае ў кожным вучню. Настаўніца любіць бачыць шчаслівыя твары хлопчыкаў і дзяўчынак, упэўненых у сваіх сілах, цікаўных і захопленых новымі ведамі, адчуваць гонар за вынікі працы і перамогі выхаванцаў у інтэлектуальных і творчых конкурсах. Наталля Мікалаеўна знаходзіць час, каб падзякаваць дзецям за радасць зносін, павагу і магчымасць сказаць пра сябе: “Я шчаслівы настаўнік”.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.