Знаходзім прыродныя адгадкі

- 10:50Навіны рэгіёнаў

У санаторным яслях-садзе № 9 Смаргоні з выхаванцамі 5—7 гадоў арганізавана работа па экалагічным праекце “Адгадкі прыроды”, які рэалізуецца ў межах адукацыйнага праекта “Зялёная школа”.

Праект уключае комплекс даследаванняў, доследаў і эксперыментаў, якія размеркаваны па блоках. Кожны блок прысвечаны фарміраванню сродкамі пазнавальнай практычнай дзейнасці ўяўленняў аб аб’ектах жывой прыроды, такіх як божая кароўка, павук, елка, аксаміткі, шпак, каштан, мурашкі, матылёк, крапіва. Работа па блоку можа працягвацца ад двух месяцаў да аднаго года.

Праект арганізуецца згодна з планам рэалізацыі адукацыйнага працэсу на навучальны год з выхаванцамі 5—7 гадоў, які заснаваны на аўтарскім матэрыяле і адлюстроўвае змест адукацыйнай галіны “Дзіця і прырода”. Планаванне даследаванняў, доследаў і эксперыментаў лагічна ўключана ў агульнае планаванне рэалізацыі адукацыйнага працэсу ў раздзеле “Пазнавальная практычная дзейнасць”.

Кожны блок змяшчае матэрыял пра асаблівасці знешняга выгляду і ўнутранай будовы аб’екта прыроды, яго значэнне для прыроды і чалавека, спосабы аховы, паказвае ўзаемасувязь з навакольным светам.

Для рэалізацыі дадзенага праекта дастаткова вучэбна-метадычнага забеспячэння, якое ёсць у кожнай уста­нове дашкольнай адукацыі, але для павышэння цікавасці да выканання даследаванняў, доследаў і эксперыментаў важна забяспечыць адукацыйны працэс фотакамерай, мультымедыйнымі сродкамі, дзённікамі назіранняў.

Ніводная прагулка не адбываецца без пазнання дзецьмі чагосьці новага. Выхаванцы знаходзяць аб’екты прыроды, назіраюць за імі, самастойна праводзяць даследаванні, сумесна робяць высновы.

Анастасія МАРШАЛАК,
выхавальніца санаторнага ясляў-сада № 9 Смаргоні.