Працаваць школьнай настаўніцай Ірына Анатольеўна Снігірэвіч не збіралася. Падчас вучобы марыла стаць спартыўным урачом ці псіхолагам, дзеля чаго займалася ў дыстанцыйнай школе факультэта псіхалогіі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Але жыццё склалася інакш.
— На прафесійны выбар паўплывала настаўніца біялогіі Лілія Генадзьеўна Кашча з сярэдняй школы № 6 Баранавіч (сённяшняя гімназія № 3), — расказвае І.А.Снігірэвіч. — Дзякуючы таленавітаму педагогу, біялогія была любімым прадметам у школе. Настаўніца не толькі захапляльна расказвала пра гэтую цікавую навуку, але і часта згадвала гады вучобы ў педагагічным інстытуце, напоўненыя адкрыццямі невядомага і загадкавага.
Пасля заканчэння географа-біялагічнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна малады спецыяліст вярнулася ў родныя Баранавічы, дзе ўладкавалася настаўніцай геаграфіі ў сярэднюю школу № 3. Потым Ірына Анатольеўна працавала ў гімназіі № 5, а на працягу апошніх 8 гадоў шчыруе ў сярэдняй школе № 18.
— За 30 гадоў педагагічнай дзейнасці ў настаўніцкай прафесіі не расчаравалася, — прызнаецца І.А.Снігірэвіч. — Працаваць у школе застаюцца толькі па прызванні. Выпадковыя людзі хутка сыходзяць. У школе я знайшла сябе. Вялікае задавальненне атрымліваю ад работы з моладдзю, якая зараджае энергіяй, бадзёрасцю і аптымізмам. Вельмі натхняе на далейшую дзейнасць аддача ад цяжкай і карпатлівай працы. Калі бачу вынік, забываюцца ўсе непрыемныя моманты ў рабоце.
Ірына Анатольеўна лічыць, што сучасны настаўнік павінен быць эрудзіраваным, актыўна выкарыстоўваць тэхнічныя сродкі навучання, цікавіцца сённяшняй музыкай і кіно, мець выдатнае пачуццё гумару, займацца самаўдасканаленнем і самаадукацыяй, валодаць артыстычнымі здольнасцямі, быць строгім, добрым і пазітыўным. Дзеці зацікавяцца прадметам толькі тады, калі іх зацікавіць асоба педагога. Без гэтага, упэўнена І.А.Снігірэвіч, нельга дасягнуць высокіх вучэбных вынікаў.
Школьны кабінет геаграфіі абсталяваны неабходнымі сродкамі навучання. Вялікую ўвагу на ўроках Ірына Анатольеўна ўдзяляе нагляднасці і інфармацыйна-камунікацыйным тэхналогіям, прычым вучыць выкарыстоўваць іх з карысцю, а не толькі дзеля забавы. На думку педагога, школьныя веды павінны быць прыкладнымі, а дзеці павінны самі атрымліваць іх і ўмець прымяняць у розных сітуацыях. Акрамя ІКТ, настаўніца выкарыстоўвае ў рабоце элементы тэхналогіі поўнага засваення ведаў і калектыўных спосабаў навучання.
— Важную ролю ў авалоданні геаграфічнай навукай адыгрывае матывацыя, — гаворыць І.А.Снігірэвіч. — Для развіцця і падтрымання цікавасці да прадмета вяду ў кожнай паралелі класаў профільны факультатыў. На занятках прапаноўваю дзецям цікавыя заданні, паказваю прыкладную значнасць геаграфіі, выхоўваю спаборніцкія якасці.
Ірына Анатольеўна вельмі любіць цікаўных вучняў. Калі бачыць зацікаўленасць прадметам, робіць усё магчымае, каб яна не згасла і дала вынік. Настаўніцу радуе, што яе выхаванцы выбіраюць геаграфію для працягу адукацыі ва ўніверсітэтах, прычым робяць гэта з-за любімага педагога.
Важнае месца ў прафесійнай дзейнасці І.А.Снігірэвіч займае навукова-даследчая і алімпіядная работа з вучнямі. На рахунку яе вучняў — 4 рэспубліканскія і больш за 10 абласных дыпломаў, атрыманых па выніках прадметнай алімпіяды.
— Вяду мэтанакіраваную работу па падрыхтоўцы алімпіяднікаў, — расказвае педагог. — Пачынаецца яна з факультатыўных заняткаў і выяўлення здольных дзяцей. У рабоце з імі абавязкова ўлічваю псіхалагічныя і лідарскія якасці. Важна, каб вучні добра ведалі іншыя прадметы, умелі самастойна працаваць і здабываць новыя веды. Алімпіядная работа прымушае падцягвацца і не адставаць самому. Гэта надзвычай цікава.
Нягледзячы на тое, што Ірына Анатольеўна вучыць геаграфіі каля 400 школьнікаў, ёй ўдаецца знайсці да кожнага з іх індывідуальны падыход. За гады работы ў педагога ніколі не ўзнікала канфліктных сітуацый.
Дзейнасць І.А.Снігірэвіч адзначана граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму Баранавіцкага гарвыканкама, упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Міністэрства адукацыі Беларусі.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.