З чаго пачынаецца любоў да Радзімы і як фарміраваць патрыятызм у дашкольнікаў? Адказы на гэтыя пытанні ведае калектыў дзіцячага сада № 7 Круглага. Педагогі выбудавалі сістэму работы, якая бесперапынна далучае дзяцей да нацыянальных гісторыка-культурных каштоўнасцей беларускага народа. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Ад блізкага да далёкага
— Агульнавядома, што дашкольны ўзрост — найважнейшая ступень у станаўленні асобы. Менавіта ў гэтыя гады ў свядомасці дзіцяці закладваюцца ключавыя жыццёвыя ўстаноўкі. Але для таго каб сфарміраваць перадумовы грамадзянскасці і патрыятызму, навучанне неабходна ажыццяўляць з акцэнтам на эмацыянальна-пазнавальных уражаннях. Іншымі словамі, інфармацыю трэба даносіць так, каб яна знаходзіла водгук у сэрцы кожнага малыша, — расказала загадчыца сада Галіна Ганчарова.
Змест патрыятычнага выхавання педагогі рэалізуюць паступова. Выхавальнікі перакананы: патрыятызму немагчыма навучыць за некалькі заняткаў. Далучэнне малых да гісторыі, культуры і традыцый Беларусі ва ўстанове вядуць праз пазнанне да разумення.
Значным тут лічаць наяўнасць адпаведнага прадметна-прасторавага асяроддзя. Ва ўсіх групах ёсць грамадзянска-патрыятычныя цэнтры. У гэтых кутках прадстаўлены прадметы народных промыслаў і мастацтва, дзяржаўныя сімвалы, старадаўнія беларускія цацкі, лялькі ў нацыянальных касцюмах, фотаальбомы, вучэбныя дапаможнікі. Адсылкі да грамадзянска-патрыятычнай тэматыкі прысутнічаюць і ў іншых памяшканнях, нават у фае дзіцячага сада. Гэта дазваляе педагогам выхоўваць у дзяцей патрыятызм не толькі на мерапрыемствах, а пастаянна — у побыце і штодзённай гульні.
— Галоўны прынцып, якога прытрымліваемся ў выхаваўчай рабоце, — ад блізкага да далёкага, ад простага да складанага. Патрыятызм трэба пачынаць фарміраваць з таго, што акружае дзяцей, што ім даступна і зразумела. Усебакова прыцягваем выхаванцаў да вывучэння роднага краю. Падрабязна знаёмім дзяцей з прыродай, славутасцямі, выдатнымі землякамі, дасягненнямі Кругляншчыны. Праз пачуццё захаплення малой радзімай у дзіцячых душах зараджаецца любоў да Айчыны ў цэлым, — адзначыла Галіна Мікалаеўна.
На традыцыях і інавацыях
У напрамку грамадзянска-патрыятычнага выхавання педагогі знаходзяцца ў творчым пошуку, імкнуцца да ўкаранення перадавых адукацыйных тэхналогій.
— Каб выхаванне было эфектыўным, выкарыстання адных традыцыйных методык ужо недастаткова. Патрэбны наватарскія падыходы, якія змогуць захапіць і зацікавіць сучасных дзяцей. Па гэтай прычыне на працягу амаль дзесяці гадоў наша дашкольная ўстанова ўдзельнічае ў рэспубліканскіх інавацыйных праектах. У рамках інавацый мы ўнеслі ўклад у напаўненне віртуальнага музея Магілёўскай вобласці, стварылі мноства турыстычна-краязнаўчых медыяпадарожжаў, — паведаміла намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Наталля Гобарава.
Медыяпадарожжы — гордасць калектыву. Педагогі распрацавалі цэлыя цыклы займальных відэаролікаў.
Так, выхавальніца Ала Марчанка стварыла серыю анімацыйных відэа “Дзіўныя падарожжы з Васільком”, прысвечаных беларускай прыродзе. А Марына Расолька ў сваіх работах зрабіла ўпор на гістарычную спадчыну Круглага, памятныя для горада даты і падзеі.
— Да ўсіх ролікаў ёсць гульнявыя дадаткі, каб дзеці маглі запомніць убачанае. Самы важны плюс медыяпадарожжаў — візуалізацыя навучання. Яны даюць малышам магчымасць перанесціся ў любы пункт краіны, прадставіць тэкставы матэрыял наглядна, — растлумачыла Наталля Мікалаеўна.
Дарэчы, пра нагляднасць. Інавацыйныя праекты стымулявалі педагогаў да стварэння разнастайных аўтарскіх дыдактычных гульняў, інтэлект-карт, дапаможнікаў, лэпбукаў. У разнастайнасці распрацовак вылучаецца макет “Мой любімы горад”.
— У такой незвычайнай форме вырашыла азнаёміць дзяцей з архітэктурнымі асаблівасцямі Круглага. З паперы зрабіла цэнтральную вуліцу і плошчу райцэнтра, найбольш адметныя будынкі. Макет шырока выкарыстоўваю на занятках, прысвечаных вывучэнню горада, — расказала выхавальніца Вольга Іванова.
Сярод унікальных ідэй таксама развіццёвыя рухомыя кубы. Іх зрабілі выхавальніцы Ала Марчанка і Кацярына Курносава.
— Кубы маюць шматфункцыянальныя грані, на якія нанесены яркія ілюстрацыі. У ходзе гульні ў дзяцей развіваецца мысленне, маторыка, каардынацыя. Пакуль стварылі тры такія вырабы, але плануем павялічыць іх колькасць. Малышы гуляюць імі з вялікім энтузіязмам, — падзяліліся педагогі.
Не замест, а разам
Завяршыўшы адну інавацыю, калектыў дзіцячага сада № 7 пачынае наступную. Цяпер тут займаюцца распрацоўкай рэгіянальнай партнёрскай сеткі па фарміраванні грамадзянска-патрыятычнай пазіцыі навучэнцаў.
— У выхаванні, як і ў навучанні, патрэбна пераемнасць. Мэта бягучага праекта — узаемадзеянне розных устаноў, арганізацый, грамадскіх інстытутаў. Бо выгадаваць патрыёта можна толькі сумесна. Прычым асаблівая роля належыць сям’і. Нашы выхавальнікі знаходзяцца ў цесным супрацоўніцтве з бацькамі. Маці і таты — актыўныя ўдзельнікі адукацыйнага працэсу, — падкрэсліла Галіна Ганчарова.
У выхаваўчых аспектах педагогі стараюцца быць не замест, а разам з сям’ёй. У адзінстве ажыццяўляюць мноства патрэбных спраў, шукаюць захапляльныя варыянты баўлення вольнага часу.
— Вельмі спадабалася бацькам такая форма знаёмства з гісторыяй горада, як маршруты выхаднога дня. Зараз выхавальнікі распрацавалі ўжо 12 маршрутаў з інтэрактыўнымі заданнямі. Дзеці і бацькі вывучаюць знакавыя аб’екты раёна, робяць прыгожыя фатаграфіі. На аснове гэтых прагулак рэгулярна ладзім выставы, прэзентацыі, фотачэленджы, — дадала Наталля Гобарава.
Плённая рознабаковая работа прыносіць адпаведныя вынікі. Выхаванцы 7-га дзіцячага сада валодаюць дакладнымі ўяўленнямі пра сваю Радзіму. Малышы ведаюць, што жывуць у Рэспубліцы Беларусь і з’яўляюцца беларусамі, з гордасцю гавораць пра славутасці роднага краю і вядомых землякоў.
— Дзеці растуць адказнымі, справядлівымі, добрымі маленькімі грамадзянамі. У іх сфарміравана глыбокая прыхільнасць да родных мясцін, паважлівыя адносіны да гісторыі і нацыянальнай культуры, трывалыя духоўныя і маральныя арыенціры, — заўважыла Галіна Мікалаеўна. — У інавацыйным фармаце ўзрошчваць будучых патрыётаў працягнем і ў далейшым.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА