Знакавы праект для ўсёй краіны

- 10:14Інфармацыйная гадзіна

Мінскі гарадскі форум маці з наступнага года можна вывесці на рэспубліканскі ўзровень. Аб гэтым заявіла кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава перад адкрыццём другога гарадскога форуму маці “Маці сталіцы: практыка малых і вялікіх спраў — важкі ўклад у развіццё горада”.

“Гэты форум можа і павінен стаць рэспубліканскім, таму што гэта знакавы праект для ўсёй краіны. Я думаю, такая прапанова знойдзе падтрымку. А зрабіць гэта можна ўжо з наступнага года”, — сказала Наталля Качанава. Яна ўпэўнена, што перашкод для гэтага няма. “Тая са-цыяльная палітыка, якая рэалізоўваецца цяпер у нашай краіне, дае аснову для гэтага. А форум можа даць новы імпульс для павышэння ролі інстытута сям’і, вырашэння пытанняў сацыяльнага сіроцтва і інш. Галоўнае, што ў гэтай рабоце ўдзельнічаюць непасрэдна грамадскія фарміраванні”, — дадала кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта.

На форум было запрошана больш за 450 мінчанак — мнагадзетных мам, жанчын, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, адораных дзяцей, ветэранаў вайны і працы, дэпутатаў парламента і Мінгарсавета, прадстаўніц бізнесу, навуковай супольнасці, кіраўнікоў прадпрыемстваў, грамадскіх арганізацый. Спачатку ўдзельніцы форуму вывучылі вопыт работы 9 гарадскіх прадпрыемстваў і арганізацый па рэалізацыі ролі сучаснай жанчыны — жыхаркі сталіцы, пасля чаго мерапрыемствы перамясціліся ў Палац Рэспублікі.

“У ходзе азнаямлення з работай гэтых арганізацый і прадпрыемстваў вы паглядзелі, як на практыцы ў Мінску прымяняюцца сучасныя падыходы да вырашэння важных праблем, у тым ліку павышэння статусу жанчын, абароны іх правоў, — адзначыла Наталля Качанава, звяртаючыся да ўдзельніц форуму. — Спадзяюся, у ходзе дыскусіі вамі будуць выпрацаваны цікавыя прапановы і ініцыятывы для ўнясення змяненняў у нарматыўна-прававыя акты”.

На панэльнай сесіі форуму абмяркоўваліся актуальныя пытанні аховы мацярынства і дзяцінства, дэмаграфічнай бяспекі, захавання традыцыйных сямейных каштоўнасцей і падтрымкі сем’яў, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, гендарнай роўнасці, інклюзіўнага ўладкавання горада як горада роўных магчымасцей, фарміравання здаровага ладу жыцця і інш.

Па выніках сустрэчы падпісана рэзалюцыя, якая стане дарожнай картай далейшага развіцця жаночага руху ў сталіцы. Яркім завяршэннем форуму стала ўрачыстая цырымонія ўручэння ордэнаў Маці 24 мінчанкам і святочны канцэрт.

Форум праводзіцца па ініцыятыве Беларускага саюза жанчын, асацыяцыі мнагадзетных бацькоў Мінска і пры падтрымцы Мінгарвыканкама. -Першая такая маштабная акцыя адбылася ў 2006 годзе і завяршыла комплекс мерапрыемстваў Года маці.