Знакі, прадметы, вобразы…

- 16:46Культура

На мінулым тыдні культурнае жыццё сталіцы азначылася адразу некалькімі знакавымі падзеямі: у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь пачала працаваць грандыёзная выстава работ вялікага сюррэаліста Сальвадора Далі, а ў горадзе былі ўсталяваны дзве яго скульптурныя кампазіцыі (каля самога музея — “Пакланенне Тэрпсіхоры”, на вуліцы Зыбіцкай — “Трыумфальны слон”), у Верхнім горадзе, па вуліцы Кірыла і Мяфодзія, адкрыўся доўгачаканы Археалагічны музей, у Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь разгарнулася незвычайная экспазіцыя “Забытыя асілкі зямлі беларускай”, прысвечаная ветраным млынам… І хоць, вядома, гэта ўсё вельмі розныя культурныя знакі, відавочна адно: наш Мінск паступова абрастае, напаўняецца менавіта імі — матэрыялізаванымі культурнымі знакамі ці, наадварот, гэтакімі віртуалізаванымі прадметамі, вобразамі, якія робяць яго яшчэ больш прыцягальным як для саміх мінчан, так і для гасцей сталіцы, адкрываюць для адных і для другіх новыя сэнсы, заахвочваюць думаць пра рэчы вечныя і важныя для душы. Асабліва для душы заціснутага з усіх бакоў бетонам і шклом гараджаніна, асабліва для прагнага назвацца сваім сапраўдным іменем беларуса і ўвогуле “безыменнага” чалавека ХХІ стагоддзя.

Загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела БДМНАіП Ігар Іваноў праводзіць першую экскурсію па выставе “Забытыя асілкі зямлі беларускай”.

Ветракі

Выстава “Забытыя асілкі зямлі беларускай”, падрыхтаваная Прэзідэнцкай бібліятэкай сумесна з Беларускім дзяржаўным музеем народнай архітэктуры і побыту, на самай справе і не зусім выстава ў прывычным сэнсе. Хутчэй тут варта гаварыць пра цэлы праект з умоўнай назвай “Ветракі Беларусі” ці, прынамсі, пра выставу вобразаў страчанай архітэктурнай спадчыны, як акрэсліў экспазіцыю загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела БДМНАіП Ігар Іваноў. Гэтыя вобразы, па словах Ігара Іванова, захаваліся дзякуючы рабочай групе музея, якая ў 70—80-я гады ХХ стагоддзя зрабіла шэраг экспедыцый па Беларусі, што ставілі за мэту пошук аб’ектаў для перавозу на тэрыторыю музея. Супрацоўнікі музея старанна фіксавалі помнікі народнай архітэктуры, і сёння ў фондах БДМНАіП захоўваецца багатая калекцыя негатываў з этнаграфічных экспедыцый тых часоў, сярод якіх вылучаюцца шматлікія фота­здымкі млыноў з Клецкага, Нясвіжскага, Іванаўскага, Пружанскага, Свіслацкага, Мядзельскага, Хоцімскага, Касцюковіцкага, Хойніцкага і іншых раёнаў. На жаль, боль­шасць з іх ужо не існуе, аднак 3 аб’екты атрымалі другое жыццё ў музеі.

Выстава “Забытыя асілкі зямлі беларускай” якраз і знаёміць наведвальнікаў з гэтым унікальным фотаматэрыялам. Упершыню дэманструюцца архіўныя дакументы: чарнавыя запісы членаў рабочай групы, чарцяжы-праекты аднаўлення, фотаматэрыялы, якія дэманструюць разборку і перавоз фрагментаў будынка. Вось яны, вобразы мілыя роднага краю… Яшчэ ў 60-я гады мінулага стагоддзя вясковы пейзаж было цяжка ўявіць без ветракоў: яны стаялі на ўзгорках, дзе добра дзьмуў вецер, паасобку ці па некалькі, былі добра відаць здалёк, служылі своеасаблівымі арыенцірамі падарожніку, збіралі вакол сябе жыхароў суседніх вёсак.

На вернісажы ў супрацоўнікаў Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту прысутныя пыталіся ў тым ліку пра тое, колькі аўтэнтычных млыноў — і ветраных, і вадзяных — засталося сёння ў Беларусі: “Гаворка ідзе пра сотні? Ці, можа, ужо толькі пра дзясяткі?”   

“Пра адзінкі…” — быў адказ.

Археалагічны музей

Новую эскпазіцыю “Мінск. Верх­ні горад. Археалагічны музей” сталіца атрымала ў падарунак на 520-ю гадавіну набыцця ёй Магдэбургскага права.

Музей размясціўся на тэрыторыі былога бернардзінскага кляштара, і ўжо тое, што ўнутры сучаснага будынка мы бачым цэнтральны экспанат — помнік археалогіі канца ХVІІІ — пачатку ХІХ стагоддзя — арачныя падмуркі колішняй гаспадарчай пабудовы гэтага самага кляштара, здаецца проста неверагодным. І захавалі, і так арыгінальна знайшлі прымяненне старым камяням! Гэтыя падмуркі, бачныя фактычна з любога музейнага кутка, куды б ты ні зайшоў, урэшце і трымаюць цябе ў пастаянным “веданні”: ты знахо­дзішся ў археалагічным музеі, ты ва ўнікальнай гісторыка-культурнай прасторы Мінска, якая называецца проста — Верхні горад…

А непасрэднае знаёмства з экспазіцыяй пачынаецца з вітрыны-дыярамы “Старажытная флора і фаўна на тэрыторыі Мінска”, дзе дэманструюцца рэльефы месца, рэшткі старажытных жывёл і раслін. Дарэчы, сам сюжэт заснаваны на астанках статка мамантаў, якія былі выяўлены беларускімі навукоўцамі ў 2008 годзе ў Мінску.

Раздзел “Узнікненне Мінска” расказвае гісторыю прагорада на Менцы, ілюструе і аніміруе адну з найбольш значных падзей мінскай гісторыі — бітву на Нямізе, дэманструе асаблівасці будаўніцтва Мінскага замка. Тут жа прадстаўлена легенда пра Менеска (волата-заснавальніка горада), якая ажывае пры дапамозе сучасных мультымедыйных тэхналогій. Прадстаўлены рэдкія экспанаты — археалагічныя знаходкі ХІ—ХІІІ стагоддзяў, якія адлюстроўваюць матэрыяльную і духоўную культуру жыхароў Мінска. 

Пры дапамозе штучна створанага археалагічнага раскопу наведвальнікі маюць унікальную магчымасць назіраць асаблівасці фарміравання культурных пластоў Мінска ХІ—ХІХ стагоддзяў праз “паглыбленне ў мацярык” горада.

Значэнне Верхняга горада ў развіцці Мінска раскрываецца праз дэманстрацыю жыцця гараджан і іх асноўных заняткаў: рамё­стваў, промыслаў, гандлю ў ХІV—ХІХ стагоддзях. Звыш­нагляднасць тут дасягаецца дзякуючы цудоўным рэканструкцыям гандлёвых радоў, майстэрні шаўца, лаўкі ганчара.

Асаблівасці архітэктурна-планіровачнай структуры Верхняга горада паказаны пры дапамозе планаў і карт Мінска, макетаў знакавых будынкаў, сюжэтных панарам. Дэманструюцца арыгінальныя будаўнічыя матэрыялы, цвікі, архітэктурна-дэкаратыўная кераміка, пліткі падлогі, фрагменты кафлі і іншае.

Нарэшце, дзякуючы сюжэтным інсталяцыям, можна зазірнуць у келлю да манахаў-бернардзінцаў і ў кляштар часоў вайны 1812 года. І ўсюды ў новым музеі — мультымедыйныя тэхналогіі, увасобленыя ў інтэр­актыўнай кнізе “Летапіс Мінска”, гульнёва-пазнавальным модулі “Калодзеж часу”, вітрыне-пірамі­дзе з 3D-праекцыяй і іншых сучасных фішках.

Несумненна, у кожнага з наведвальнікаў новай экспазіцыі “Мінск. Верхні горад. Археалагічны музей” тут знойдзецца свой, так бы мовіць, любімы экспанат. Мы ўжо гаварылі пра самы галоўны — старадаўнія падмуркі. А сярод іншых выбар вельмі вялікі: і абутак нашых продкаў-гараджан, у тым ліку скураны чаравік ХІІ (!) стагоддзя, і вырабы з дрэва (бочкі, дзверы і інш.) ХVІ—ХVІІІ стагоддзяў, і відэльцы, нажы дый нават прылады для цукру пазамінулых стагоддзяў, і асабістыя рэчы манахаў-бернардзінцаў (чарніліцы, лампадкі, нажніцы для зняцця нагару са свечак, падстаўкі пад распяцце), і табакеркі ды прылады цырульнікаў, што жылі ў Мінску ў ХVIIІ стагоддзі. У кожнага экспаната — свая гісторыя. Як у таго ж звона Мінскага пяхотнага палка, што невядома колькі часу праляжаў на даху дома насупраць КДБ, пакуль яго адтуль не спусцілі і не далі магчымасць спачываць у больш камфортным месцы, не пад снегам і не пад дажджом…

Эскпазіцыя “Мінск. Верхні горад. Археалагічны музей” — гэта магчымасць зірнуць на гісторыю Мінска, часткай якой ты з’яўляешся, з двух бакоў. Сваімі вачыма — на яе. І вачыма старажытнага Мінска — на сябе сённяшняга.

“Трыумфальны слон”

Скульптурная кампазіцыя Сальвадора Далі “Трыумфальны слон” паўстала літаральна за пару дзясяткаў метраў ад новага Археа­лагічнага музея, і такое суседст­ва можа падацца крыху дзіўным. Тут — манахі-бернардзінцы, сівая змрачнаватая гісторыя, а тут… слон на неверагодна тонкіх і доўгіх нагах з некалькімі суставамі, вышынёй амаль 6 метраў і вагой больш за дзве з паловай тоны, плён “паранаідальна-крытычнай” фантазіі вялікага сюррэаліста, як называў ён сам свой творчы метад. 

Але гэта ўжо Зыбіцкая, самая гламурная і ў нейкім сэнсе таксама “паранаідальна-крытычная” мінская вуліца, і слану Сальвадора тут утульна. Ён, такі экстравагантны, арганічна ўпісваецца ў пейзаж Зыбіцкай.

Але на самай справе са “Сланом” Далі (упершыню гэты вобраз з’явіўся ў творчасці мастака ў карціне “Спакуса Святога Антонія” ў 1946 годзе, праз дзесяцігоддзі быў увасоблены ў скульптуры) не ўсё так проста. І доўгія тонкія ногі мастак зрабіў слану не проста так. Гэтыя ногі і ёсць спакусы. Яны паміж небам і зямлёй. Яны, спакусы, ужо і з’яўляюцца грахамі. Варта толькі дакрануцца да іх — і ўсё рухне, распадзецца на зямлю і неба, на матэрыяльнае і духоўнае… І ўжо не будзе адзінага цэлага вобраза. Не будзе чалавека, не будзе вуліцы Зыбіцкай, не будзе нашага любімага Мінска са сваёй гісторыяй і сучаснасцю…

“Трыумфальны слон” на Зыбіцкай як спакуса і перасцярога для ўсіх нас. Фатаграфуйцеся, але не дакранайцеся да слана!

 Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.