Знаўцы нестандартных рашэнняў

Абласны этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах у чарговы раз сабраў у Магілёве лепшых прадстаўнікоў вучнёўскай моладзі. На працягу некалькіх дзён свае тэарэтычныя веды і практычныя навыкі дэманстравалі больш як 900 чалавек — пераможцаў гарадскіх і раённых спаборніцтваў.

— Алімпіяднік — гэта будучы вучоны, які будзе рухаць наш прагрэс, — адзначыў старшыня журы алімпіяды па астраноміі выкладчык фізікі і астраноміі Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 2 Віктар Адамавіч Вайлапаў. — Гэта чалавек з асаблівым аналітычным складам розуму. Тое, чым сёння валодаюць удзельнікі алімпіяды, не сорамна прадэманстраваць нават ва ўніверсітэце. Гэта дзеці, з якімі цікава працаваць, бо яны падыходзяць да рашэння задач творча і знаходзяць нестандартныя рашэнні. Ужо цяпер яны практычна гатовыя спецыялісты па выпрацоўцы новых тэхналогій, якія абавязкова знойдуць вытворчае прымяненне. Упэўнены, чым больш будзе такіх дзетак, тым больш імкліва будзе развівацца эканоміка нашай дзяржавы.

На думку Віктара Адамовіча, узровень складанасці алімпіядных заданняў узрастае і выходзіць за рамкі школьнай праграмы.

— Вымераць тэмпературу сонца, вызначыць яго памеры для большасці людзей неверагодна, а вось для нашага алімпіядніка гэтыя разлікі не складаюць ніякай цяжкасці, — прывёў прыклад суразмоўца. — Гэта адна з самых лёгкіх для іх задач. Менавіта таму нашы дзеці запатрабаваны па ўсім свеце. Мы абавязаны не толькі раскрыць іх інтэлектуальны патэнцыял і падтрымаць на шляху да вялікай навукі, але і матываваць застацца ў нашай краіне, не з’язджаць вучыцца і працаваць за мяжу.

Таксама Віктар Адамавіч адзначыў, што ў Магілёве вельмі моцная школа па астраноміі і ёсць дастатковая колькасць настаўнікаў, якія добра валодаюць прадметам. Гэта стварае здаровую канкурэнцыю, якая дазваляе рухацца наперад. У гэтым годзе ў абласным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па астраноміі ўдзельнічалі 27 навучэнцаў, 12 з іх былі ўдастоены дыпломаў, 5 — права прадстаўляць рэгіён на заключным этапе спаборніцтваў. Большасць узнагарод забралі навучэнцы з Магілёва. Так, у заключным этапе працягнуць барацьбу 4 выхаванцы Ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта і 1 — Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1.

Прадстаўнікам алімпіяднага руху па фізіцы з Магілёўшчыны таксама ёсць чым ганарыцца. Аб тэндэнцыях развіцця гэтай навукі ў школьным асяроддзі за апошнія 20 гадоў расказаў старшыня журы абласнога этапу па фізіцы, дэкан факультэта матэматыкі і прыродазнаўства МДУ імя А.А.Куляшова, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Леанід Яўгенавіч Старавойтаў:

— Безумоўна, дух алімпіяднага руху становіцца іншым. Сёння гэта не заўсёды нестандартная задача і нестандартны вучань: падрыхтоўка да інтэлектуальных спаборніцтваў больш нагадвае падрыхтоўку да цэнтралізаванага тэсціравання. Усё залежыць ад таго, пазнаёмілі дзіця з методыкай рашэння прапанаванай задачы або не.

Па словах спецыяліста, на алімпіядзе ёсць прадстаўнікі 19 з 21 раёна вобласці, а таксама Магілёва і Бабруйска.

— Там, дзе ёсць добры настаўнік, ёсць і прадстаўнікі алімпіяднага руху. Просты прыклад: 2 гады назад мы размеркавалі на Клічаўшчыну нашага выпускніка, ужо праз год я ўручаў прадстаўніку гэтага раёна дыплом. Гэта не гаворыць аб тым, што раней там не было здольных дзяцей, проста не было кадраў.

Яшчэ адна асаблівасць у тым, што фізіка пачынае паступова набываць жаночае аблічча. Сёння дзяўчат не менш як 50%, і яны змагаюцца за прызавыя месцы нароўні з хлопцамі. Дзіўна, але першы дыплом па выніках алімпіяды па фізіцы Леанід Яўгенавіч ўручаў дзяўчыне ўсяго каля 8 гадоў назад.

— Калі гаварыць аб складанасці алімпіядных заданняў, то раней яны былі разліковымі і больш канкрэтнымі, — адзначыў ён. — Цяпер навучэнцам даводзіцца абмяркоўваць праблему. Гэта няпроста, аднак дае магчымасць імправізаваць і атрымаць за гэта дадатковыя балы.

Вучань 11 класа Ліцэя БРУ Андрэй Томашаў — адзін з тых, каму рашыць алімпіядныя заданні не склала вялікай працы. У спаборніцтве па фізіцы ён узяў першы дыплом. На заключным этапе алімпіяды ён будзе прадстаўляць вобласць ужо трэці раз. У мінулым годзе з рэспубліканскага фіналу па фізіцы вучань прывёз “серабро”, на гэты раз таксама спадзяецца на прызавое месца.

— У перспектыве я хацеў бы займацца не вытворчасцю, а менавіта навукай і даследчай дзейнасцю, бо мне гэта блізка і цікава, — дзеліцца сваімі планамі на будучыню Андрэй. — Мне падабаецца энергетыка, бо вывучэнне яе праблем вельмі актуальнае ў сучасным свеце. Навукоўцам ужо сёння неабходна прадбачыць сітуацыю, калі знікне нафта і неабходна будзе шукаць альтэрнатыўную крыніцу энергіі.

У абласным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы прынялі ўд зел 78 юных жыхароў рэгіёна. З іх 27 дзевяцікласнікаў, 25 дзесяцікласнікаў і 26 прадстаўнікоў выпускных класаў. Асабліва жорстка канкурэнцыя праявілася сярод вучняў 9-х класаў. Паколькі разрыў у балах паміж удзельнікамі быў дастаткова высокі, журы вызначыла толькі адно 1-е месца і па пяць дыпломаў ІІ і ІІІ ступеней. Усяго ў рэспубліканскім фінале па фізіцы выступяць 15 чалавек: па 5 лепшых з кожнай паралелі. Сярод іх — прадстаўнікі ўстаноў адукацыі Магілёва, Бабруйска, Шклова і Кіраўска.

— Дыпломы атрымалі прыкладна 45% дзяцей ад агульнай колькасці вучняў: 20% — І ступені, 30% — ІІ, 50% — ІІІ ступені, — расказала адказная за правядзенне абласнога этапу па фізіцы і астраноміі метадыст аддзела фізіка-матэматычных і прыродазнаўчых дысцыплін Магілёўскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Яўгенія Валер’еўна Лазарэнка. — Пры роўнай колькасці набраных удзельнікамі балаў або вельмі маленькай разбежцы старшыня журы карэкціраваў колькасць узнагарод у той ці іншы бок. Пры гэтым строга выконвалася ўмова справядлівага рашэння, каб пазбегнуць заўваг з боку навучэнцаў і кіраўнікоў каманд.

Яўгенія Валер’еўна таксама адзначыла, што ў вобласці добра наладжана і адпрацавана сістэма падрыхтоўкі алімпіяднікаў, якая ахоплівае дзяцей нават з самых аддаленых раёнаў. Так, ствараюцца трэнерскія клубы, праводзяцца вучэбныя зборы, кансультацыі, дадатковыя заняткі, ладзяцца дыстанцыйныя курсы навучання, летнія інтэлектуальныя школы.

Навучэнцы Магілёўшчыны ў 2017 годзе ўдастоены 80 дыпломаў на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды і 7 медалёў на міжнародных алімпіядах. Рэгіён ганарыцца поспехамі вучняў гімназіі № 2 Бабруйска Аляксея Харлапа і Кацярыны Мароз, якія заваявалі 3 медалі рознай вартасці на міжнародных алімпіядах па хіміі і матэматыцы; навучэнца гімназіі № 3 Магілёва Паўла Стульнікава, пераможца дзвюх міжнародных алімпіяд па геаграфіі (залаты і сярэбраны медалі), і інш.

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *