Іаган Вольфганг Гётэ выказаў трапную думку пра тое, што ў таго, хто вывучыць усе законы, не застанецца часу іх парушаць. Гэтыя словы знакамітага паэта, мысліцеля, дзяржаўнага дзеяча сталі дэвізам прававога турніру сярод навучэнцаў, які прайшоў у Стоўбцах.
Сімвалам турніру была выбрана багіня правасуддзя Феміда, а паспрачацца за званне лепшых знаўцаў законаў, правоў і абавязкаў сабраліся прадстаўнікі трох устаноў адукацыі: гімназіі № 1 Стоўбцаў, сярэдніх школ № 2 і № 3 горада.
— У сучасным грамадстве сталі часта ўжывацца словы “складанае дзіця”, “дэвіянтныя паводзіны”, “дэзадаптацыя”. Праблема падлеткавай злачыннасці абумоўлена негатыўным уплывам сацыяльнага асяроддзя, сродкаў масавай інфармацыі, маральнымі каштоўнасцямі сучаснага грамадства, якія значна змяніліся, і зніжэннем выхаваўчых уздзеянняў. З мэтай замацавання ведаў аб асновах заканадаўства, прафілактыкі проціпраўных паводзін непаўналетніх было вырашана правесці прававы турнір, — расказвае Яўгенія Аляксандраўна Слясарчык, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Стаўбцоўскага райвыканкама.
Мерапрыемства праходзіла ў Стаўбцоўскім ЦТДіМ і было арганізавана так, каб дзецям было цікава і весела. Яно патрабавала ад удзельнікаў не толькі добрых прававых ведаў, але і творчага падыходу і кемлівасці. Творчасць і арыгінальнасць мыслення асабліва спатрэбіліся дзецям у першым конкурсе, калі неабходна было прыдумаць назву, эмблему і дэвіз. Так, за лідарства змагаліся каманды “Захавальнікі закону”, “Тарнада” і “Крэпасць”.
Дзеці давалі хуткія адказы на пытанні ў “Размінцы”, сваімі словамі тлумачылі тэрміны на прававую тэматыку ў конкурсным заданні “Вуснамі немаўляці”, разгадвалі анаграмы і расшыфроўвалі абрэвіятуры, звязаныя з тэмай мерапрыемства, а ў конкурсе капітанаў лідары каманд рашалі тэсты. Вельмі спадабаўся ўдзельнікам арыгінальны конкурс “Правы чалавека”, у якім па ўрыўку з тэксту казкі неабходна было вызначыць, якія правы чалавека парушаюцца ў дачыненні да пэўнага казачнага персанажа. Творчыя здольнасці спатрэбіліся дзецям у конкурсным заданні “Складзі верш”. Вершы, зразумела, павінны былі ўтрымліваць правазнаўчыя тэрміны. Падчас спаборніцтваў каманды таксама стараліся прыцягнуць увагу грамадства да пытанняў правоў і абавязкаў праз стварэнне сацыяльнай рэкламы. Па выніках гэтых выпрабаванняў журы адзначыла высокі ўзровень ведаў удзельнікаў і вызначыла пераможцу: ім стала каманда “Захавальнікі закону” гімназіі №1 Стоўбцаў.
Прававы турнір сярод устаноў адукацыі Стоўбцаў прайшоў упершыню, але відавочна не апошні раз, бо такая форма папаўнення багажу прававых ведаў спадабалася і арганізатарам, і ўдзельнікам турніру. Ужо праз некалькі тыдняў адбудзецца аналагічны турнір, у якім возьмуць удзел навучэнцы сельскіх школ Стаўбцоўскага раёна.
Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена аддзелам адукацыі, спорту і турызму Стаўбцоўскага райвыканкама.