Зніжэнне сабекошту паслуг не павінна негатыўна паўплываць на іх якасць

- 10:46Інфармацыйная гадзіна

Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч у час сумеснага пасяджэння палат Нацыянальнага сходу прапанаваў правесці парламенцкія слуханні па тэме ЖКГ. Гэтай тэме ў час сумеснага пасяджэння была ўдзелена асаблівая ўвага.

Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што парламентарыям мае сэнс сур’ёзна падрыхтавацца і правесці парламенцкія слуханні па тэматыцы ЖКГ.

На пасяджэнні абмяркоўваліся ў тым ліку перспектывы зніжэння сабекошту паслуг ЖКГ. На думку Міхаіла Мясніковіча, зніжэнне сабекошту жыллёва-камунальных паслуг не павінна негатыўна паўплываць на якасць абслугоўвання насельніцтва. “Напрыклад, істотных рэзерваў у водазабеспячэнні, водаадвядзенні ў краіне практычна няма. Нельга ні ў якім выпадку дапусціць пагаршэння якасці пітной вады і ачысткі сцёкаў, праводзячы маштабную кампанію па зніжэнні затрат”, — лічыць ён. Сур’ёзнай увагі патрабуе камунальны і ведамасны жылы фонд у невялікіх населеных пунктах.

Выступаючы на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Калінін адзначыў, што зніжэнне затрат жыллёва-камунальнай гаспадаркі забяспечыць дасягненне 60 працэнтаў узроўню кампенсавання насельніцтвам паслуг ЖКГ. “Задача была 50 працэнтаў, але мы з улікам шэрага рэалізаваных праграм, механізмаў, жорсткай ацэнкі і кантролю выходзім на ўзровень 60 працэнтаў”, — сказаў Анатоль Калінін.

Анатоль Калінін адзначыў, што па распараджэнні прэзідэнта была створана спецыяльная рабочая група і з гэтага моманту быў запушчаны працэс па рэарганізацыі сістэмы ЖКГ, павышэнні яе эфектыўнасці. Асноўны акцэнт зроблены на зніжэнне затрат, забеспячэнне празрыстасці іх фарміравання, паляпшэнне якасці абслугоўвання насельніцтва.

Анатоль Калінін нагадаў, што кошт некаторых паслуг ЖКГ у 2017 годзе павысіцца толькі на $5. Усе астатнія выдаткі будуць пакрывацца за кошт зніжэння затрат арганізацый сістэмы ЖКГ.

“Для таго каб не было нейкіх узрушэнняў і цяжкасцей пры налічэнні ўжо ў студзені, уводзіцца сістэма безнаяўных жыллёвых субсідый”, — сказаў віцэ-прэм’ер. “Не будзе ўзрушэнняў для грамадзян, якія абавязаны атрымаць безнаяўныя жыллёвыя субсідыі. Дзяржава створыць усе ўмовы для абароны гэтых грамадзян”, — падкрэсліў Анатоль Калінін. Пры гэтым ён заклікаў у поўнай меры карыстацца сістэмай абароны правоў спажыўцоў пры прадастаўленні паслуг ЖКГ.