“Золата” Сярэднееўрапейскай матэматычнай алімпіяды прывезлі беларускія школьнікі

- 11:28Якасць адукацыі

Два залатыя, сярэбраны і бронзавы медалі прывезлі беларускія школьнікі з Сярэднееўрапейскай матэматычнай алімпіяды, якая праходзіла ў Літве. Сярод арганізатараў спаборніцтваў — Міністэрства адукацыі і навукі гэтай краіны, Літоўскі цэнтр нефармальнай адукацыі студэнтаў і Вільнюскі ўніверсітэт, на базе якога і праходзіла алімпіяда. Беларусь у гэтых спаборніцтвах прымала ўдзел упершыню па запрашэнні краіны-арганізатара. Кіраўнікамі каманды, якія суправаджалі беларускіх школьнікаў у паездцы, выступілі навуковы супрацоўнік аддзела дыферэнцыяльных ураўненняў Інстытута матэматыкі НАН Беларусі Міхаіл Васільевіч Карпук і студэнтка ФПМІ БДУ Лізавета Манжуліна, якая ў мінулым неаднойчы станавілася пераможцай міжнародных матэматычных алімпіяд.

У беларускай камандзе юных матэматыкаў сёлета былі навучэнцы Ліцэя БДУ Андрэй Шакель (залаты медаль), Арына Галубіцкая (сярэбраны), Аляксандр Казакоў (бронзавы), а таксама навучэнцы гімназіі № 41 Мінска імя В.Х.Сярэбранага Уладзіслаў Сявец (залаты медаль) і Лізавета Пузына, а таксама навучэнка гімназіі № 20 Мінска Юлія Крывіцкая. Усе навучэнцы ў гэтым годзе скончылі 10 клас. У камандным спаборніцтве Беларусь апынулася на 4-м месцы, падзяліўшы яго з камандай з Харватыі. На 1-м месцы — каманда з Польшчы, на 2-м — са Славеніі, на 3-м — з Венгрыі.

Сярэднееўрапейская матэматычная алімпіяда — гэта штогадовы матэматычны конкурс, які быў упершыню праведзены ў 2007 годзе. У ім традыцыйна ўдзельнічаюць дзесяць краін: Аўстрыя, Харватыя, Чэхія, Германія, Венгрыя, Літва, Польшча, Славакія, Славенія і Швейцарыя. (Спаборніцтвы з’яўляюцца пераемнікам Аўстрыйска-польскай матэматычнай алімпіяды, якая праводзілася з 1978-га па 2006 год.) Адна з асноўных мэт Сярэднееўрапейскай матэматычнай алімпіяды ў тым, каб даць магчымасць як мага большай колькасці школьнікаў набыць вопыт удзелу ў міжнародных спаборніцтвах. Яна прызначана для падрыхтоўкі навучэнцаў да ўдзелу ў Міжнароднай матэматычнай алімпіядзе.

Сярэднееўрапейская матэматычная алімпіяда складаецца з індывідуальнага і каманднага спаборніцтваў, кожнае з якіх доўжыцца пяць гадзін. У індывідуальным выпрабаванні навучэнцы рашаюць чатыры задачы: па алгебры, камбінаторыцы, геаметрыі і тэорыі лікаў. Падчас каманднага конкурсу, калі дзеці працуюць разам, рашаюць восем задач — па дзве з кожнага раздзела матэматыкі.

Рашэнне кожнай задачы ў абодвух спаборніцтвах ацэньваецца 8 ачкамі. Прыблізна палова ўдзельнікаў алімпіяды атрымала за індывідуальны конкурс медалі (залатыя, сярэбраныя або бронзавыя) у суадносінах па колькасці 1:2:3. Члены каманд, якія занялі 1-е, 2-е і 3-е месцы ў камандным заліку, атрымалі залатыя, сярэбраныя і бронзавыя медалі адпаведна.

Праграма спаборніцтваў доўжылася адзін тыдзень. Акрамя індывідуальнага і каманднага выпрабаванняў, школьнікі пабывалі з экскурсіямі ў Вільнюсе, Тракаі, у Музеі энергетыкі і тэхналогій у Вільнюсе, у Румшышкесе і Каўнасе, а таксама змаглі адпачыць з карысцю для здароўя ў аквапарку “Вішы”.

Надзея ЦЕРАХАВА.