З Годам моладзі мы развіталіся больш за месяц назад, аднак водгалас яго гучыць і сёння. У раёнах Мінскай вобласці ён прайшоў па-рознаму, але ўсюды актыўна і ярка. Як гэта было ў Маладзечанскім раёне, узгадвалі на раённым фестывалі “Зоркі XXI стагоддзя”.
Фестываль “Зоркі XXI стагоддзя” традыцыйна праходзіць у Маладзечне раз у тры гады і збірае найбольш актыўных і творчых юнакоў і дзяўчат. Сёлета ж ён стаў выніковым мерапрыемствам Года моладзі ў Маладзечанскім раёне. Навучэнцы ўстаноў адукацыі актыўна ўдзельнічалі ў вялікай колькасці мерапрыемстваў, спартыўных і творчых конкурсаў, фестываляў раённага, абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню, прымеркаваных да Года моладзі. “Імідж маладога чалавека ХХІ стагоддзя — гэта імідж таленавітага, мэтанакіраванага, спартыўнага, грамадска актыўнага чалавека, які ў поўнай меры ўсведамляе адказнасць за сваю будучыню. Радасна, што вельмі многа юных жыхароў Маладзечанскага раёна адпавядаюць гэтаму партрэту. Для таго каб адзначыць самых ініцыятыўных і творчых з іх, аддзелам адукацыі, спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама і быў праведзены гэты фестываль”, — расказвае Аксана Валянцінаўна Семеж, загадчык раённага вучэбна-метадычнага кабінета. Зоркі запальваліся ў гэты вечар у сярэдняй школе № 14 Маладзечна. Сюды прыехалі дэлегацыі з усіх навучальных устаноў раёна. У іх склад увайшлі тыя вучні, якія зарэкамендавалі сябе як актыўныя, таленавітыя людзі, якія імкнуцца да пакарэння новых вяршынь. На мерапрыемства запрасілі таксама тых, хто падтрымлівае дзяцей пры ўзыходжанні на гэтыя вяршыні, — іх бацькоў і педагогаў.
Фестываль стаў арыгінальнай творчай формай дэманстрацыі дасягненняў моладзі раёна. Працавалі выставы работ навучэнцаў і педагогаў, быў арганізаваны паказ відэаролікаў аб мерапрыемствах, праведзеных у рамках Года моладзі. Сваю дзейнасць прэзентавалі бізнес-кампанія “Поспех” і маладзёжны парламент, радавалі выступленнямі мастацкія калектывы сярэдніх школ № 1 і № 14, гімназіі № 6, гімназіі-каледжа мастацтваў, ЦТДіМ “Маладзік”.
Для гасцей мерапрыемства працавалі тэматычныя пляцоўкі, якія не толькі забаўлялі, але і навучалі. Вывучыць некалькі новых “па” можна было на пляцоўцы “Флэш-моб з урокамі танцаў”, надаць сваёй знешнасці арыгінальнасці прапаноўвалася на пляцоўцы “Аквагрым”, навучыцца ствараць прычоскі — на пляцоўцы “Будучаму цырульніку”. Таксама для дзяцей працавала фотазона і майстар-клас па стварэнні фігур з паветраных шарыкаў.
Галоўнай падзеяй мерапрыемства стала цырымонія ўзнагароджання навучэнцаў і педагогаў. Дарэчы, спецыяльна для гэтага была створана памятная статуэтка ў форме зоркі, якую разам з граматамі і падарункамі атрымлівалі героі фестывалю. 11 навучэнцаў атрымалі гэтую ўзнагароду за актыўны ўдзел у мерапрыемствах, якія прайшлі ў раёне ў Год моладзі. Гэта, напрыклад, конкурс юных журналістаў “Слова — маладым”, фотаконкурс “Свет вачамі маладых”, конкурс відэаролікаў “Мы такія!”, конкурс сацыяльных праектаў “Мы гэта можам” і інш. Былі адзначаны і вучні, якія далучыліся да ініцыятывы “Горад, дружалюбны да дзяцей” і актыўна праявілі сябе ў рабоце ў Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі. Таксама ўзнагароды атрымалі калектывы ўстаноў адукацыі, якія плённа папрацавалі ў Год моладзі. Статуэтку-зорку атрымалі: гімназія-каледж мастацтваў, сярэдняя школа № 14, Красненская сярэдняя школа і Маладзечанскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі “Маладзік”.
Фестываль “Зоркі XXI стагоддзя” стаў прыгожым і годным завяршэннем Года моладзі на Маладзечанскай зямлі. На змену яму прыйшоў Год культуры, і ён абяцае быць не менш цікавым, асабліва для Маладзечна, які абвешчаны на 2016 год культурнай сталіцай Рэспублікі Беларусь, а гэта значыць, што будзе многа цікавых мерапрыемстваў і з’явяцца новыя зоркі.
Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена аддзелам адукацыі,
спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама.