Зорны букет захапленняў

- 10:43Людзі адукацыі

Вольга Багаслоўская — шчыры і адкрыты чалавек, але ў размове з ёй штораз успамінаецца знакамітае: “У жанчыне заўсёды жыве таямніца”. Здавалася б, чым бліжэй з кімсьці знаёмішся, тым менш павінна заставацца ў ім нечаканага і неразгаданага. Але тут атрымліваецца наадварот: чым больш раскрываецца суразмоўніца, тым мацней прыцягвае яе асабісты сусвет, зноў і зноў здзіўляе, заварожвае нязведаным…

Нашы чытачы ведаюць Вольгу Аляксандраўну як актыўнага пазаштатнага аўтара. Навучэнцы і выпускнікі — як добрую настаўніцу, калегі — як дасведчанага спецыяліста з унікальным педагагічным почыркам. Між тым яна яшчэ і таленавіты паэт, і медык, на рахунку якога не адно выратаванае жыццё, і завадатар мноства важных грамадскіх спраў. Цэнтрам прыцягнення ў лёсе Вольгі Багаслоўскай была і застаецца школа, а ў школе — любімыя біялогія і геаграфія.

— З дзяцінства хацела быць настаўніцай, — успамінае наша гераіня. — Мая цётка, сельская настаўніца, разгледзела гэтую цікавасць і стала, як ні прыеду да яе, запрашаць на свае ўрокі ў пачатковыя класы — я сядзела ціхенька і ўсё запамінала, баялася слоўца прапусціць. Захапленне біялогіяй прыйшло пазней, у маёй школе: яго прывіла мне цудоўны педагог Наталля Уладзіміраўна Чарненка, якая, дарэчы, у старшых класах час ад часу давала мне апераджальныя заданні, дадатковы матэрыял і давярала весці частку ўрока. Усе сакрэты, якімі дзялілася Наталля Уладзіміраўна, я ўлічыла, запомніла і выкарыстоўваю цяпер у рабоце. Настаўніца біялогіі часта хваліла мяне, ад яе я ўзяла перакананне: каб матываваць вучняў да вучобы, варта браць пад увагу не агульны ўзровень падрыхтоўкі, а асабістыя дасягненні кожнага ў вывучэнні прадмета — тую станоўчую дынаміку, без якой немагчымы высокі вынік. І часцей хваліць. Сама я пастаянна ўдзельнічала ў алімпіядах па біялогіі, была пераможцай. Пра гэта расказваю сваім вучням: што з уласнага вопыту ведаю алімпіядны рух, як гэта цяжка, адказна і разам з тым цікава, як многа і карпатліва трэба рыхтавацца і старанна да ўсяго падыходзіць. У мяне таксама штогод ёсць пераможцы алімпіяд рознага ўзроўню і па біялогіі, і па геаграфіі.

Тым не менш пасля школы Вольга выбрала медыцыну, як настойліва раіла маці. Сама ўрач, Валянціна Канстанцінаўна марыла, каб сямейная дынастыя працягвалася. Дзяўчына апраўдала чаканні: скончыла медвучылішча з дыпломам з адзнакай, два гады адпрацавала па спецыяльнасці медсястрой. Мелася паступаць у медыцынскі ўніверсітэт, а душа ўсё імкнулася да настаўніцтва, урокаў, вучняў. І маці не вытрымала: сама прапанавала дачцэ пайсці вучыцца на настаўніцу геаграфіі і біялогіі, тады ў Віцебску якраз адкрыўся адпаведны факультэт. Падчас вучобы на 3 курсе студэнтку запрасілі ў родную сярэднюю школу № 33 Віцебска, на замену настаўніцы ў дэкрэтным адпачынку. Так пачаўся педагагічны стаж Вольгі Аляксандраўны. У 1998 годзе малады спецыяліст скончыла ВДУ імя П.М.Машэрава і адразу пайшла працаваць у сярэднюю школу № 1, якая ў 2007 годзе была пераўтворана ў гімназію № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна.

— Працую я ў адметным калектыве, — працягвае Вольга Багаслоўская. — Нашы дзеці вельмі таленавітыя, таленавітыя і настаўнікі. Адна з маіх вучаніц у 10 класе напісала работу “Пушкінскія імёны ў назвах Беларусі”, падрабязна даследавала, дзе сустракаецца імя паэта на тэрыторыі краіны і, у прыватнасці, у нашым горадзе. Аляксандр Сяргеевіч двойчы праязджаў праз Віцебск, у нас ёсць помнік, мост і сквер імя Пушкіна. У дзень нараджэння і смерці паэта нашы вучні прыходзяць да яго помніка, чытаюць вершы і гавораць пра тое, што “пушкінскай дарозе няма канца”. Візітная картка гімназіі — Пушкінскія дні, якія ўключаюць і конкурс вершаў, і Пушкінскі баль, і яшчэ мноства мерапрыемстваў, прысвечаных вялікаму паэту. Яго імя аб’яднала ўсіх настаўнікаў і навучэнцаў гімназіі. Ва ўсіх пачынаннях мяне і маіх калег падтрымлівае Людміла Васільеўна Сомава — наш дырэктар. Я ўпэўнена, што творчая атмасфера моцна ўплывае не толькі на навучэнцаў, але і на настаўнікаў. Гэта, магчыма, падштурхнула мяне да напісання вершаў.

Першы апублікаваны верш Вольгі Багаслоўскай “Кацюша” пабачыў свет на старонках “Настаўніцкай газеты”. Аўтар прысвяціла яго сваёй бабулі Кацярыне Цімафееўне, якая ў гады Вялікай Айчыннай вайны была сястрой міласэрнасці, дайшла да Кёнігсберга, адзначана ордэнам і медалямі, а пасля вайны працавала медсястрой. Па словах маёй суразмоўніцы, менавіта публікацыя ў газеце паслужыла стымулам для стварэння і выдання зборніка вершаў пад назвай “Букет успамінаў”. У зборнік увайшлі творы на рускай і беларускай мовах. Трэба дадаць, што Вольга Аляксандраўна на працягу доўгага часу цесна ўзаемадзейнічае з перыядычнымі выданнямі. Супрацоўніцтва з “Настаўніцкай газетай” пачалося ў 2014 годзе. На сёння ў актыве нашага пазаштатнага аўтара — больш за 20 надрукаваных матэрыялаў.

— Пэўны перыяд у мяне быў перапынак у публікацыях, — расказвае настаўніца. — Потым неяк мая калега Вольга Віктараўна Разноўская (зараз яна працуе намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце ў сярэдняй школе № 4 Віцебска) да мяне падступілася: “У цябе сабраны выдатны матэрыял, ты можаш падрыхтаваць публікацыю”. Яна дапамагла мне паверыць у сябе, і я зноў пачала пісаць. Гэта маё другое жыццё, я без гэтага ўжо не магу. Захапленне творчасцю стараюся перадаць дзецям. З навучэнцамі 7—8 класаў мы многа працуем у аб’яднанні па інтарэсах “Энергія і навакольнае асяроддзе”. У канцы года ладзім вялікае свята — экалагічны фестываль, у праграме якога — конкурс экалагічных праектаў, вершаў на экалагічную тэматыку, гульні, віктарыны і экалагічная выстава дзіцячых работ. Мае навучэнцы праводзяць даследаванні па ахове прыроды і краязнаўстве, пракладваюць турыстычныя маршруты, вывучаюць тапаніміку і раслінны свет, складаюць комплексную характарыстыку раёнаў Віцебшчыны, Беларусі, а каму выпадае ўлетку выехаць у іншую краіну — той і пра замежжа назапашвае матэрыял. Бацькі потым каменціруюць: “Сёлета не ўдалося адлежацца на пляжы, у сына (ці дачкі) загадзя была падрыхтавана праграма, што неабходна зрабіць. Затое ў нас адпачынак атрымаўся цікавы, як ніколі”. І гэта правільна.

У гімназіі Вольга Багаслоўская ўзначальвае пярвічную арганізацыю Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і камісію па рабоце з ветэранамі педагагічнай працы. Першыя яе памочнікі ў дабрачыннай і валанцёрскай дзейнасці — гэта навучэнцы. На думку настаўніцы, на поспех вучэбнай дзейнасці вялікі ўплыў аказвае выбар метадаў і форм правядзення вучэбных заняткаў. На ўроках яна шырока прымяняе часткова-пошукававы і даследчы метады, падахвочвае сваіх вучняў да вучэбнай дзейнасці.

— Настаўніку вельмі важна ісці ў нагу з часам, — лічыць Вольга Аляксандраўна. — Для развіцця пазнавальнай цікавасці эфектыўна выкарыстоўваць на ўроках біялогіі методыкі стварэння лэпбукаў, інтэлект-карт. Задзейнічаю прэзентацыі, відэафільмы, для актывізацыі ўвагі навучэнцаў, фарміравання інфармацыйных кампетэнцый арганізоўваю работу з прымяненнем інтэрактыўнай дошкі. Для мяне важна не толькі вучыць, але і самой вучыцца. Калі толькі прыйшла працаваць у гімназію, навучэнцы падарылі мне паштоўку з надпісам “Ніколі не здавайся!”. Такім дэвізам я кіруюся ў прафесійнай дзейнасці, творчасці, штодзённым жыцці. Ва ўсім стараюся шукаць пазітыў, вылучаць добрае, у кожным чалавеку бачыць іскрынку, яго талент. І вучу гэтаму дзяцей.

Таццяна БОНДАРАВА.