Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, канцлер ФРГ Ангела Меркель і кіраўнік французскай дзяржавы Франсуа Аланд правялі 19 кастрычніка позна ўвечары ў Берліне перагаворы па сірыйскім урэгуляванні, якія гаспадыня сустрэчы А.Меркель ахарактарызавала як “зразумелы і жорсткі абмен думкамі”. Гэтым перагаворам папярэднічала сустрэча ў “нармандскім фармаце” з удзелам украінскага прэзідэнта Пятра Парашэнкі, якая была прысвечана рэалізацыі мінскіх дамоўленасцей па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны.
Цэнтральным пытаннем перагавораў па Сірыі стала сітуацыя вакол горада Алепа. Расія, якая аб’явіла ў Алепа гуманітарную паўзу, гатова прадоўжыць яе наколькі гэта магчыма, але разлічвае на правядзенне Захадам работы па раздзяленні тэрарыстаў і ўмеранай апазіцыі, заявіў Прэзідэнт Расіі па выніках перагавораў з канцлерам ФРГ і Прэзідэнтам Францыі.
“Мы праінфармавалі аб намеры расійскага боку прадоўжыць, наколькі гэта будзе магчыма, зыходзячы з рэальнай сітуацыі на тэрыторыі, паўзу ў нанясенні авіяцыйных удараў у раёне Алепа”, — расказаў расійскі лідар. “Мы гатовы гэта рабіць да таго часу, пакуль не сутыкнёмся з актывізацыяй бандфарміраванняў, якія заселі ў Алепа”, — дадаў У.Пуцін.
У сваю чаргу Франсуа Аланд, выступаючы на сумеснай з Ангелай Меркель прэс-канферэнцыі, адзначыў, што “цяперашняя кароткая паўза ў ваенных дзеяннях павінна быць прысвечана дастаўцы гуманітарных грузаў, а таксама ўсяму, што можа садзейнічаць палітычнай дыскусіі аб будучыні Сірыі”. “Францыя і Германія поўнасцю гатовы садзейнічаць такім ініцыятывам, а таксама дастаўцы гуманітарнай дапамогі ў Алепа”, — сказаў французскі прэзідэнт. “Гэта наш абавязак, і мы абяцаем выканаць яго”, — сказаў ён.
Таксама Уладзімір Пуцін паведаміў, што на перагаворах з А.Меркель і Ф.Аландам абмеркаваў палітычны складнік мірнага працэсу ў Сірыі, у прыватнасці работу па новай Канстытуцыі краіны.
Паводле слоў А.Меркель, у ходзе перагавораў, якія яна ахарактарызавала як “вельмі зразумелы і жорсткі абмен думкамі”, Берлін і Парыж падкрэслілі неабходнасць спынення “бесчалавечных бамбардзіровак”, якія з’яўляюцца “жудасным выпрабаваннем для насельніцтва”. “Так, з тэрарызмам трэба змагацца, але не цаной 300 тысяч жыхароў, якія гінуць або вымушаны бегчы”, — сказала А.Меркель.
Канцлер ФРГ і Прэзідэнт Францыі не выключылі магчымасці прыняцця новых санкцый адносна Расіі. “Мы маем намер прадаўжаць абмеркаванне сітуацый і падзей у Сірыі, бамбардзіровак, якія там адбываюцца. Безумоўна, могуць быць прыняты санкцыі адносна асоб, адказных за такія злачынствы. На гэты час я не магу ўдакладніць, якія менавіта санкцыі будуць прыняты, але яны павінны адпавядаць існуючай небяспецы таго, што адбываецца”, — сказаў Ф.Аланд.
На заканчэнне Ф.Аланд сказаў, што “гэтыя перагаворы з Уладзімірам Пуціным былі накіраваны на тое, каб закласці аснову будучых рашэнняў крызісу, але пацвярджэнне гэтага можа быць атрымана толькі ў найбліжэйшыя дні”. “Але калі паўза ў баявых дзеяннях будзе прадоўжана, ужо гэта стане першым крокам наперад. Аднак каб выйсці на правільны шлях, нам яшчэ трэба зрабіць нямала крокаў”, — адзначыў французскі лідар.