Звыш 70% старшакласнікаў школ Кіраўскага раёна вучацца ў профільных класах

- 16:04Образование

Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Кіраўскага раёна ў прыярытэце профільнае навучанне — звыш 70% старшакласнікаў вучацца ў профільных класах, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

“Сярод ключавых задач сучаснай школы — асобаснае і прафесійнае самавызначэнне навучэнцаў, таму ўсюды развіваем сетку профільных класаў. У гэтым годзе ўсе 10-я і 11-я класы ў нас альбо профільныя, альбо з наяўнасцю профільнай групы. Лідзіруе сярод профіляў педагагічная і аграрная накірава­насць”, — паведаміла начальнік аддзела па адукацыі Кіраўскага райвыканкама Наталля Трацця­кова.

Настаўнік працоўнага навучання Барчыцкай сярэдняй школы Пётр Сямёнаў выкладае факультатыў у аграрным класе з індывідуальным падыходам да кожнага вучня

У Барчыцкай сярэдняй школе дзейнічаюць тры профільныя групы. Спачатку тут адкрылі аграрны напрамак, крыху пазней зацікавілі дзяцей педагогікай.

“Зыходзілі з асноўных кадравых патрэб нашай мясцовасці. Кіраўшчына — сельскагаспадарчы рэгіён, прадпрыемствам аграпрамысловага комплексу заўсёды неабходны маладыя спецыялісты. У адукацыі таксама патрэбна моладзь: гадуем сабе змену са сваіх вучняў”, — адзначыла дырэктар Святлана Акуліч.

Вучні з педгрупы знаходзяцца пад куратарствам вопытнага настаўніка намесніка дырэктара Галіны Сямёнавай, якая стараецца даць дзецям максімальна дакладнае ўяўленне аб спецыфіцы прафесіі.

“Дапамагае тэматычны факультатыў. Праграма курса выразная, вывераная і інфарматыўна насычаная. Дзеці атрымліваюць асноўныя веды па педагогіцы і псіхалогіі. Падчас заняткаў таксама часта дзялюся з вучнямі асабістымі прафесійнымі лайфхакамі і жыццё­вымі гісторыямі, разбіраем розныя педагагічныя сітуацыі”, — расказала Галіна Сямёнава.

Захапляльнымі і натхняльнымі для навучэнцаў з’яўляюцца педагагічныя пробы, калі старшакласнікі могуць паспрабаваць сябе ў ролі настаўніка, выхавальніка, важатага школьнага лагера.

“Калі сам правёў урок, канчаткова пераканаўся ў тым, што буду педагогам. Ужо выбраў і ўніверсітэт. Планую паступаць у МДУ імя А.А.Куляшова, хачу стаць настаўнікам гісторыі”, — падзяліўся адзінаццацікласнік Данііл Рабізо.

Дакладна вызначыліся з далейшай адукацыйнай траекторыяй і вучні аграрнай профільнай групы. Так, адзінаццацікласнік Мікіта Арлоў мае намер паступаць па мэтавым накіраванні ў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію. Вызначыцца дапамог куратар профілю — настаўнік працоўнага навучання Пётр Сямёнаў.

“Выкладаць факультатыў стараюся з індывідуальным падыходам да кожнага навучэнца. Мы не проста вывучаем галіны сельскай гаспадаркі, а падрабязна разбіраем, наколькі дзіця схільнае да той ці іншай работы, — патлумачыў Пётр Сямёнаў. — Пастаянна гавару навучэнцам пра перспектывы аграпрамысловага комплексу. Рэгулярна бываем на экскурсіях па вытворчых аб’ектах сельгаспрадпрыемстваў. Усё гэта ў комплексе дапамагае вучням рабіць асэнсаваны прафесійны выбар. Сярод выпускнікоў штогод ёсць тыя, хто працягвае адукацыю ў профільных універсітэтах”.

У цеснай сувязі з установамі вышэйшай адукацыі выбудоў­ваюць профільнае навучанне ў сярэдняй школе № 2 Кіраўска імя К.П.Арлоўскага. Летась тут з’явіўся інжынерны профіль. Кірунак аказаўся запатрабаваным сярод вучняў.

“Для эфектыўнага функцыянавання інжынернага класа заключылі дагавор аб супрацоўніцтве з БРУ. Школьнікі наведвалі лекцыі ва ўніверсітэце, зараз абмяркоўваем алгарытмы выезду выкладчыкаў да нас — нацэлены на развіццё інтэграцыі. У планах — наладзіць больш трывалыя кантакты з прадпрыемствамі”, — паведаміла дырэктар Алена Каранкевіч.

У працэс навучання ў профільным класе арганічна ўпісаны адпаведны факультатыў, заняткі праходзяць у абсталяваных сучаснай тэхнікай кабінетах фізікі і інфарматыкі і напоўнены практыкай, эксперыментамі, праектнай дзейнасцю.

“Падчас вывучэння праграмных тэм фармірую ў вучняў тыя ўменні і навыкі, якія спатрэбяцца ім у студэнцтве. Мы вучымся працаваць з вымяральнымі прыборамі, вывучаем патрэбныя для работы праграмы, асвойваем канструяванне і мадэляванне”, — расказаў настаўнік інфарматыкі Дзмітрый Перавознікаў.

Магчымасць з розных бакоў разгледзець асаблівасці інжынерных прафесій станоўча ўплывае на навучэнцаў. Наперадзе ў адзінаццацікласнікаў сярэдняй школы № 2 яшчэ цэлы навучальны год, а некаторыя ўжо вырашылі, чаго хочуць у будучыні. Напрыклад, Віталь Лапацінскі марыць стаць студэнтам факультэта камп’ютарнай інжынерыі БДУІР, а двайняты Уладзіслаў і Хрысціна Фіневіч бачаць сябе сярод студэнтаў БНТУ.

“Дзякуючы растлумачальнай рабоце з навучэнцамі і іх бацькамі, практычна поўнасцю адышлі ад базавых класаў і перайшлі на профілі”, — падкрэсліла Наталля Траццякова.

Зараз на базавым узроўні ў 10—11 класах у школах Кіраўскага раёна вучацца ўсяго 49 хлопцаў і дзяўчат. У рамках працоўнага навучання школьнікі могуць асво­іць спецыяльнасць аператара ЭВМ, сталяра або кухара.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара