Гісторыя Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы пачалася 22 лютага 1940 года, калі Савет народных камісараў БССР прыняў пастанову “Аб мерапрыемствах па народнай адукацыі ў заходніх абласцях БССР”, у адпаведнасці з якой і быў створаны Гродзенскі настаўніцкі інстытут. 7 сакавіка 1940 года на двух аддзяленнях — беларускай мовы і літаратуры, рускай мовы і літаратуры і фізіка-матэматычным — пачалі вучобу больш за 100 студэнтаў, якія рыхтаваліся стаць настаўнікамі 5—7 класаў няпоўнай сярэдняй школы.
Праз 75 гадоў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы — адзін з самых буйных універсітэтаў Беларусі. У яго структуры — 15 факультэтаў, Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў, 4 каледжы. Універсітэт з’яўляецца заснавальнікам рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Вучэбна-навукова-вытворчы цэнтр “Тэхналаб”. У ГрДУ працуе звыш 2000 выкладчыкаў і супрацоўнікаў, якія ажыццяўляюць прафесіянальную падрыхтоўку 20 тысяч студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў, навучэнцаў каледжаў.
Не толькі падводзілі вынікі, але і зазірнулі ў дзень заўтрашні карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” Надзея Вашкелевіч і рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, доктар педагагічных навук, дацэнт Андрэй Кароль.
— Андрэй Дзмітрыевіч, вы былі студэнтам Купалаўскага ўніверсітэта ў ХХ стагоддзі, а сталі яго рэктарам у ХХІ. Якім, на ваш погляд, павінен быць універсітэт ХХІ стагоддзя, яго выкладчык, студэнт?
— Сапраўды, цікава паглядзець на адны і тыя ж суб’екты з розных эпох. Час сціскаецца не па законах арыфметычнай прагрэсіі, а, хутчэй, па геаметрычнай, па экспаненце. Калі азірнуцца ў сярэдзіну ХХ стагоддзя, то колькасць жыхароў складала каля 2 млрд чалавек. Сёння — амаль 8. Узрастае камунікатыўнасць, мы выходзім на тое, што аб’ёмы калектыўнай вытворчасці ведаў растуць таксама ў геаметрычнай прагрэсіі. Павышаецца тэмп жыцця. Да чалавека прад’яўляюцца патрабаванні не столькі пасіўнага паглынальніка інфармацыі, запатрабавана яго актыўная пазіцыя, каб ён мог ісці ўпоравень з пераўтварэннямі, выступаць не кладаўшчыком інфармацыі, а актыўным арганізатарам, наладжвальнікам свету. Таму такія патрабаванні, як мэтанакіраванасць, рэфлексія, арганізацыя сваёй дзейнасці, менеджарскія якасці, сёння прад’яўляюцца і да выкладчыкаў, і да студэнтаў. Яны запатрабаваны са школьнага ўзросту, нават з малодшага школьнага ўзросту. І гэта накладвае адбітак на змест навучання. Калі мы гаворым аб практыка-арыентаваным навучанні, то немагчыма падрыхтаваць спецыяліста без уключэння яго ў дзейнасць. Таму функцыі і студэнта, і выкладчыка, і рэктара, і ўвогуле ўніверсітэта сёння адрозніваюцца ад тых, якія былі нават дзесяць гадоў назад.
— У сувязі з гэтым і пытанне аб першым выпуску магістратуры Гродзенскага ўніверсітэта па спецыяльнасці “Менеджмент адукацыі”, які адбыўся на пачатку гэтага года.
— Само злучэнне адукацыі і менеджменту паказвае, што сёння трэба быць адміністратарам свайго прафесіянальнага і жыццёвага шляху. Гэта важна для выпускніка любой ступені адукацыі. Так, гэта першыя ластаўкі. Пакуль мы закладваем у змест вучэбнага працэсу дысцыпліны, якія звязаны з менеджментам, але глыбока перакананы, што ёсць рэзервы па выкарыстанні інавацыйных тэхналогій. Змест можа быць вельмі добрым, але калі метады не дазваляюць навучэнцу стаць даследчыкам, то мы будзем асуджаны на няўдачу. Важна не толькі чаму вучыць, але і як вучыць. А падрыхтоўка магістраў па спецыяльнасці “Менеджмент адукацыі” пачалася пасля абмеркавання з упраўленнем адукацыі Гродзенскага аблвыканкама і разумення яе неабходнасці ў адукацыйнай галіне рэгіёна.
— Мы зараз усё часцей узгадваем практыка-арыентаваную адукацыю. А як жа фундаментальныя веды ў класічным універсітэце? Якое іх месца і значэнне?
— Я прыгадаю гады свайго студэнцтва. У нас, на тэхнічнай спецыяльнасці, былі, напрыклад, такія лекцыі, калі выкладчык на дошцы пісаў толькі адзін знак інтэграла. І далейшыя паўтары гадзіны ішла філасофія, разважанні. Вось такі фундаменталізм, энцыклапедычнасць ведаў. І такі ўзровень выкладчыка. Фундаменталізм не адмяняе практыку, і наадварот. Як раскрыць навучаемага? Калі мы даём магчымасць студэнту пазнаваць свет, зыходзячы з яго асаблівасцей у межах стандартаў адукацыйных праграм, то выкладчык дае адкрытае заданне, напрыклад, распрацаваць турыстычны маршрут па горадзе — для кожнага студэнта ён будзе асабісты. А вось далей студэнту прапануецца зазірнуць у фундаментальнае люстра і параўнаць свой адказ з тым, што назапашана чалавецтвам. У параўнанні свайго і чужога мы напаўняем аб’ект уласным сэнсам. Пры гэтым, здзяйсняючы адкрыццё, лепш спазнаём сябе, мяняемся самі. Адбываецца працэс адкрыцця, параўнання свайго і чужога.
— Што дапамагае падтрымліваць высокі ўзровень выкладання сёння?
— Можна доўга разважаць аб тэхналогіях, інавацыях у адукацыі, але іх павінны ў жыццё ўвасабляць рэальныя людзі, супрацоўнікі. З мінулага года ва ўніверсітэце ўведзена рэйтынгавая сістэма ацэнкі работы прафесарска-выкладчыцкага складу. Механізм такі: кожны від работы — навуковай, выкладчыцкай, выхаваўчай — мае градацыю ў балах. Існуе пяць груп рэйтынга. Чым вышэйшы рэйтынг — тым вышэйшая зарплата. Акрамя таго, выкладчык можа прэтэндаваць на зніжэнне колькасці гадзін у межах пэўнага дыяпазону. Такая рэйтынгавая сістэма на падставе інтэграванага падыходу стымулюе выкладчыкаў і павышае якасць адукацыйных паслуг. І павышаецца не толькі якасць адукацыі, але і ўвогуле адказнасць за сваю работу. Так, выкладчыкі сталі больш увагі ўдзяляць выхаваўчай рабоце. Калі раней у інтэрнатах бывалі часцей куратары груп, то зараз і выкладчыкі знаёмяцца з пражываннем і паводзінамі студэнтаў у інтэрнатах.
Нельга разарваць вучэбную і навуковую дзейнасць выкладчыка, правесці падзел паміж навукай і практыкай. Стварэнне вучэбна-навукова-вытворчых лабараторый — інструмент павышэння матывацыі ў гэтых працэсах. І не толькі для выкладчыкаў, але і для студэнтаў, якія будуць мець магчымасць працаваць па заданнях прадпрыемстваў над канкрэтнымі праектамі праз выкананне курсавых і дыпломных работ. Хто паспявае ў вучобе, той і думае па-іншаму. Перспектыўнымі бачым для ўніверсітэта даследаванні ў галіне біятэхналогіі, інфармацыйных тэхналогій, фізіка-тэхнічны напрамак.
Кадравая палітыка накіравана ў тым ліку і на абарону дысертацыйных даследаванняў. У гэтым годзе распрацавана і ўкаранёна сістэма кандыдацкіх і доктарскіх грантаў рэктара з мэтай падтрымкі перспектыўных даследчыкаў. Матэрыяльная дапамога складае 7 млн рублёў у месяц пры падрыхтоўцы доктарскай дысертацыі, 3 млн рублёў — пры падрыхтоўцы кандыдацкай дысертацыі. Гранты размяркоўваюцца на конкурснай аснове. Зараз іх атрымліваюць 8 чалавек.
— Універсітэт з’яўляецца членам міжнародных арганізацый і ўдзельнікам шматлікіх міжнародных праектаў. Сетка ўніверсітэтаў Памежжа з’явілася зусім нядаўна. Што цікава: ГрДУ ў такой арганізацыі?
— Аб’яднанне 10 універсітэтаў з Польшчы, Літвы, Беларусі, Украіны і Расіі дазваляе больш эфектыўна супрацоўнічаць нават з пункту гледжання геаграфічнага размяшчэння. У сетку ўваходзяць нашы бліжэйшыя партнёры — Універсітэт у Беластоку (Польшча), Універсітэт Вітаўтаса Вялікага з Каўнаса (Літва), Балтыйскі федэральны ўніверсітэт імя Імануіла Канта (Расія). Мы даўно супрацоўнічаем, але ментальнасць часу патрабуе менавіта такой кластарнай сістэмы каардынацыі навуковай дзейнасці, абменаў выкладчыкаў і студэнтаў, робіць іх больш даступнымі, мабільнымі. У межах сеткі ўніверсітэтаў Памежжа ўжо створаны навуковы часопіс, у якім публікуюцца даследаванні вучоных усіх універсітэтаў.
Мы актыўна супрацоўнічаем і з больш далёкімі ад нас універсітэтамі — з Фінляндыі, Германіі, Швецыі, Кітая. Развіццё міжнароднага супрацоўніцтва дазваляе павялічваць экспарт адукацыйных паслуг. Сёння студэнтамі ГрДУ з’яўляюцца больш за 600 замежных грамадзян з 22 краін, у тым ліку яны вучацца і ў магістратуры. Павялічылася ў апошнія гады колькасць студэнтаў з Кітая і Азербайджана.
— ГрДУ рыхтуе амаль па 70 спецыяльнасцях. Як працуеце з заказчыкамі кадраў?
— Мы актыўна ўкараняем практыка-арыентаваныя формы навучання на першай і другой ступенях адукацыі, што дазваляе павышаць канкурэнтаздольнасць універсітэта і яго студэнтаў. Аб гэтым сведчыць і амаль стапрацэнтнае размеркаванне нашых выпускнікоў. З гэтай мэтай рэалізоўваецца праект “Цэнтр практыка-арыентаванага навучання”, які дапамагае ўбачыць неабходныя змены і прыўнесці іх у сістэму падрыхтоўкі — вучэбныя планы, праграмы. Трэці год працуем над удасканаленнем структуры кафедраў, спецыяльнасцей. Так, у мінулым годзе не аб’яўлялі набор на спецыяльнасць “Эканамічная кібернетыка”, але павялічваем наборы па запатрабаваных спецыяльнасцях “Камп’ютарная бяспека”, “Праграмнае забеспячэнне камп’ютарных тэхналогій”.
Сувязь с заказчыкамі кадраў наладжваецца і праз стварэнне каардынацыйных саветаў. Так, на юрыдычным факультэце ў каардынацыйны савет увайшлі прадстаўнікі ўсіх сілавых ведамстваў, памежных войскаў, мытні, пракуратуры. Гэта дзеючы орган, які дапамагае нам убачыць неабходныя напрамкі практыка-арыентаваных падыходаў у падрыхтоўцы спецыялістаў. Менавіта па ініцыятыве і пры падтрымцы абласной пракуратуры на факультэце створаны зал судовых пасяджэнняў, дзе адбываюцца выязныя пасяджэнні судоў розных узроўняў.
— Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт вырас з настаўніцкага інстытута. Сёння ГрДУ застаецца галоўнай установай вобласці па падрыхтоўцы настаўнікаў.
— Супрацоўніцтва па якаснай падрыхтоўцы педагагічных кадраў вядзецца як на ўзроўні сістэмы кіравання адукацыяй, так і на ўзроўні школ, гімназій, ліцэяў. Створаны каардынацыйны савет упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама і Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы па рабоце з адоранымі і здольнымі вучнямі, супрацоўнікі ўніверсітэта прымаюць актыўны ўдзел у правядзенні ўсіх этапаў рэспубліканскай алімпіяды па прадметах. На базе ўніверсітэта працуюць прадметныя школы, арганізоўваюцца дыстанцыйныя алімпіяды, праводзяцца семінары для настаўнікаў. Ва ўстановах адукацыі створана больш за 30 філіялаў кафедраў універсітэта. Зараз выкладчыкі ўніверсітэта актыўна падключыліся да рэалізацыі праграмы “Прафесія — педагог”. Так, нашы выкладчыкі ў сярэдняй школе № 38 Гродна вядуць заняткі на гэтым факультатыўным курсе.
Менавіта такая сістэма супрацоўніцтва дапамагае ў правядзенні ўступнай кампаніі і выкананні на працягу апошніх гадоў набору ва ўніверсітэт. У мінулым годзе ГрДУ ўвайшоў у лік чатырох УВА Міністэрства адукацыі, якія ўжо ў першым туры выканалі план бюджэтнага набору. Быў поўнасцю выкананы і план мэтавага набору. Знакавым лічым і той факт, што 146 студэнтаў-першакурснікаў з’яўляюцца медалістамі і пераможцамі рэспубліканскіх алімпіяд, а адна з груп на педагагічным факультэце напалову складаецца з медалістаў.
Што тычыцца падрыхтоўкі педагогаў, то сёння яна павінна засноўвацца на тэхналогіі крэатыўнага арганізацыйна-дзейнаснага навучання з мэтай поўнага раскрыцця здольнасцей студэнтаў і ўцягвання іх у інавацыйную дзейнасць.
— Гады студэнцтва — гэта не толькі час вучобы, але і час станаўлення асобы, яе грамадзянскай пазіцыі. Якія студэнцкія ініцыятывы вас як рэктара зацікавілі і ўразілі больш за ўсё?
— Супрацоўніцтва з Беларускай Праваслаўнай Царквой вылілася ў праект “Каложа. Галасы жывой гісторыі”. Гэта была не аднаразовая акцыя, а доўгатэрміновая работа з правядзеннем мерапрыемстваў рознага зместу — выстаў старадаўніх кніг, навуковых семінараў, музычных вечарын, дабрачынных акцый, конкурсаў відэаролікаў і дзіцячых малюнкаў. Да яе далучыліся і замежныя студэнты, што дазваляла ім не проста пазнаёміцца з гісторыяй Гродна, але і пазнаць ментальнасць, традыцыі беларускага народа. Праект будзе працягвацца і ў гэтым годзе.
— У гэтыя дні ўніверсітэт адзначае 75-годдзе. Якія справы будуць займаць універсітэт і яго рэктара пасля святочных мерапрыемстваў?
— Вось на маім стале ляжыць дакумент аб канцэпцыі практыка-арыентаванай адукацыі ва ўніверсітэце да 2016 года. Нядаўна мы вялі размову з дырэктарам адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій Валерыем Цапкалам аб супрацоўніцтве ў сувязі з адкрыццём у Гродне філіяла ПВТ. Для нас гэта адзін з элементаў выканання канцэпцыі. А кіраўніцтва парка са свайго боку зацікаўлена ў выкладчыцкіх кадрах універсітэта.
Вышэй узгадваў пра каардынацыйныя саветы. Актыўную работу па іх стварэнні вядуць на педагагічным факультэце, факультэтах эканомікі і кіравання, біялогіі і экалогіі. Ставім задачу, каб асацыяцыі выпускнікоў былі створаны на кожным факультэце. І ў развіццё гэтай ініцыятывы — стварэнне пры іх віртуальных кадравых агенцтваў.
Напярэдадні юбілею адкрылі ў галоўным корпусе сталовую пасля капітальнага рамонту з мадэрнізацыяй абсталявання. А галоўнай нашай будоўляй становіцца студэнцкі інтэрнат, у перспектыве — будаўніцтва новага ўніверсітэцкага комплексу. Універсітэт працягвае развіццё кожны дзень.