Мама… Звычайна гэтае слова для дзіцяці — сінонім упэўненасці, спакою, абароненасці. Але бывае і наадварот: менавіта мамам гэтых якасцей і не хапае. У Беларусі штогод каля тысячы непаўналетніх дзяўчат становяцца мамамі. Асуджэнне, закрытасць і няўпэўненасць часта становяцца галоўнымі спадарожнікамі іх і іх дзяцей. Змяніць такую сітуацыю паспрабавала ўпраўленне адукацыі Мінаблвыканкама разам з грамадскім аб’яднаннем “Здаровы выбар”.
Першы крок самы важны
“Здаровы выбар” ужо 14 гадоў рэалізоўвае праекты па падтрымцы і аказанні дапамогі дзецям-сіротам, дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў і якія выхоўваюцца ў нядобранадзейных сем’ях, дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Работа вядзецца ў камандзе са спецыялістамі сферы адукацыі, тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, камісій па справах непаўналетніх, з медыцынскімі работнікамі.
“Ідэя праекта нарадзілася, калі мы абмяркоўвалі са спецыялістамі грамадскага аб’яднання “Здаровы выбар” вынікі праекта “Праз адказнасць сям’і да зніжэння сацыяльнага сіроцтва”, які мы рэалізоўвалі сумесна ў Слуцкім, Салігорскім і Барысаўскім раёнах, — гаворыць начальнік сацыяльнай і выхаваўчай работы ўпраўлення адукацыі Мінгарвыканкама Ніна Мікалаеўна Глінская. — Праблема ранняга мацярынства для нас даволі актуальная, прычым у асноўным у дачыненні да дзяўчат з сіроцкай катэгорыі і навучэнак сярэдніх адукацыйных устаноў. Зразумела, што навыкаў догляду дзяцей яны не маюць, асабліва калі самі сіроты і адсутнічае наглядны прыклад. У лепшым выпадку апека афармляецца на бацькоў маладой мамы да дасягнення ёй паўналецця, у горшым — дзіця выхоўваецца ў дамах малюткі да сканчэння навучання маці. Адсюль — праблема адмаўлення ад немаўлят. І мы, рэалізоўваючы гэты праект, хацелі растлумачыць дзяўчатам, што яны не адзінокія, што ёсць шмат людзей, гатовых ім дапамагаць, і што тыя тры гады, якія ім даюцца на догляд дзіцяці, не павінны быць вакуумам”.
Дарэчы, гэта першы праект у краіне, які ставіць на мэце навучыць маладых мам быць мамамі і да якога далучыліся дзяржаўныя ўстановы. Да гэтага клопат пра дзяўчат бралі на сябе толькі грамадскія арганізацыі.
Як адзначыла Таццяна Аляксандраўна Пімкова, псіхолаг, каардынатар праектаў грамадскага аб’яднання “Здаровы выбар”, гэта абумоўлена тым, што клопат пра выхаванне дзяцей маладымі мамамі не ўваходзіць у кампетэнтнасць ніводнай службы. Яны могуць трапіць у поле зроку хіба што спецыялістаў сацыяльна-педагагічных цэнтраў, але толькі ў выпадку, калі лічацца нядобранадзейнымі. Аднак не ўсе дзяўчаты адносяцца да такой катэгорыі, таму і застаюцца па-за ўвагай.
Даць вуду замест рыбы
“Праект разлічаны на тэрмін са жніўня 2015 па снежань 2016 года і рэалізоўваецца пры фінансавай падтрымцы шведскай арганізацыі “Форум Сюд”. Удзельнічаюць у ім тры раёны Мінскай вобласці: Мінскі, Валожынскі і Пухавіцкі, дзе тэма юнага мацярынства асабліва актуальная. Многія лічаць, што галоўнае для маладых адзінокіх мам — дапамагчы ім з дзіцячым харчаваннем, адзеннем ці сродкамі гігіены. Але гэта памылка: даваць трэба не толькі “рыбу”, але і “вуду”, — гаворыць Таццяна Пімкова. — Мэта ж нашага праекта — даць маладым мамам старт у жыцці, дапамагчы вырашыць актуальныя для іх праблемы”.
А іх, як высветлілася, мноства. Адна з самых актуальных — узаемаадносіны з равеснікамі. Дзяўчаты саромеюцца, што так рана сталі мамамі, мае месца заціснутасць, закрытасць, праблемы з камунікацыяй. Зразумела, што падставай для гэтага стала адмоўнае стаўленне да іх з боку аднакласнікаў, часам зняважлівыя адносіны настаўнікаў. Ёсць праблемы і ў асабістай камунікацыі ў сям’і, асабліва калі ў непаўналетняй мамы і муж непаўналетні. Ім складана выбудоўваць і падтрымліваць трывалыя сямейныя адносіны, будаваць сям’ю на традыцыях, каштоўнасцях, прыярытэтах. Таму значнай часткай праекта стануць кансультацыі спецыялістаў, якія дапамогуць умацаваць сям’ю. Паспрыяе гэтаму і арганізацыя мабільнай фотавыставы, дзе будуць паказаны сем’і ўдзельніц праекта. Асноўная мэта фотавыставы — прапаганда сямейных каштоўнасцей і традыцый, наданне мамам упэўненасці ў сабе. Працаваць з імі будуць прафесійныя фатографы.
З мамамі працуюць таксама псіхолагі, яны праводзяць заняткі па развіцці камунікацыі, упэўненасці ў сабе. Акрамя псіхолага, які каардынуе гэтыя групы, на заняткі запрашаюць юрыстаў, медыкаў, у тым ліку і педыятраў, валеолагаў і нават касметолагаў — усё залежыць ад запытаў групы дзяўчат, ад таго, што для іх найбольш актуальна. Атрымліваецца комплексная работа: развіццё асобаснага патэнцыялу, павышэнне прававой дасведчанасці, пашырэнне ведаў пра свае правы, ацэнка стану здароўя як свайго (спецыялісты праводзяць кансультацыі), так і дзіцяці. Педыятры расказваюць пра неабходнасць наведвання педыятра, пра каляндар прышчэпак, пра ўзроставыя асаблівасці дзяцей, вучаць рабіць дзецям масаж, аздараўленчую гімнастыку. Таксама дзяўчаты вучацца праводзіць развіццёвыя гульні.
У рамках праекта запланавана шмат майстар-класаў па стварэнні вырабаў і сувеніраў ручной работы, валенні ўпрыгожванняў з лямцу, варэнні мыла, роспісе гіпсавых фігурак і інш. Магчыма, некаторым дзяўчатам такія ўменні дапамогуць атрымліваць дадатковы заробак. Як арганізаваць сваю майстэрню, дзяўчатам раскажуць юрысты.
Кацярына Каўрова, заснавальнік і бізнес-кансультант грамадскай арганізацыі “Здаровы выбар”, дырэктар Сямейнага цэнтра, у рамках праекта створыць “Штодзённік маладой мамы”. Ён мае на мэце падтрымаць маладую маму ў самым пачатку яе мацярынства, паказаць шляхі вырашэння складаных сітуацый, дапамагчы развіць наяўныя рэсурсы і ўмацаваць веру ва ўласныя сілы. Гэта будзе сучасны скейч-бук з гатовымі ілюстраванымі старонкамі. У штодзённіку будзе месца і простым кулінарным рэцэптам, казкам, натхняльным гісторыям і цытатам вядомых людзей, старонкам для малявання.
Намацваючы болевыя кропкі
Каб забяспечыць эфектыўную работу ва ўсіх трох раёнах (Валожынскім, Мінскім, Пухавіцкім), у рамках праекта праходзіць шэраг вучэбных семінараў для спецыялістаў, якія там працуюць. Напрыклад, адзін з апошніх праводзілі спецыялісты па сацыяльнай рабоце са Швецыі (горад Гетэборг). Удзельнікі гэтага семінара пазнаёміліся з работай сямейных сацыяльных цэнтраў Швецыі, арганізацыяй іх дзейнасці, атрымалі інфармацыю аб асаблівасцях работы псіхолагаў, сацыяльных работнікаў, медыкаў па суправаджэнні маладых маці.
Змястоўным быў і семінар “Ранняе мацярынства і звязаныя з ім праблемы сексуальнага характару”, які правялі спецыялісты Цэнтра падтрымкі сям’і і мацярынства “Матуля”. З псіхалагічнымі аспектамі ранняга мацярынства ўдзельнікаў пазнаёміла Кацярына Мікалаеўна Шавялёва, вядучы псіхолаг цэнтра “Матуля”, магістр сацыяльных навук Манчэстэрскага ўніверсітэта. Кацярына Мікалаеўна прадставіла спецыялістам мадэль поларолевага развіцця дзяўчынкі ад нараджэння да 20—23 гадоў, падрабязна апісала псіхалагічны партрэт непаўналетняй беларускай мамы і медыцынскія аспекты цяжарнасцей у юных мам. Важнай часткай выступлення сталі практычныя парады па аказанні псіхалагічнай дапамогі маладым мамам.
Ларыса Аркадзьеўна Мартынава, старшы выкладчык кафедры псіхалогіі і кіравання МДІРА, член праўлення цэнтра “Матуля”, заклапочана грамадскім стэрэатыпам, згодна з якім лепш зрабіць аборт (у Беларусі каля 400 непаўналетніх дзяўчынак штогод звяртаюцца да гэтай працэдуры). Аднак такая мера вядзе да пагаршэння рэпрадуктыўнага здароўя, у прыватнасці — бясплоднасці. “Расійскія даследчыкі даказалі, што для непаўналетняй дзяўчыны нарадзіць у 6 разоў здаравей, чым зрабіць аборт. Але яны ж сцвярджаюць, што педагогам, медыкам і чыноўнікам трэба прыкласці ўсе намаганні для прафілактыкі ранніх цяжарнасцей, стварыць такія ўмовы, якія б падтрымлівалі рашэнне маладых людзей адкласці пачатак палавога жыцця да шлюбу, самастойнасці. Але калі ўжо ўзнікла новае жыццё, то самае лепшае, што можа зрабіць грамадства, — дапамагчы маленькай маме стаць сапраўднай мамай. Трэба распрацоўваць і ўкараняць адукацыйныя і матывацыйныя праграмы, накіраваныя на раскрыццё для маладой жанчыны тых станоўчых бакоў жыцця, якія нясе мацярынства, на псіхалагічную і сацыяльна-эканамічную падтрымку, пераадоленне ізаляцыі дзяўчыны ад аднагодкаў і звыклага кола зносін, пабудову перспектывы адносна будучага сямейнага жыцця, магчымасцей адукацыі і прафесійнага выбару, на прымірэнне з бацькамі”, — гаворыць Ларыса Аркадзьеўна.
Хутка будзе завершана работа па напісанні “Сагі пра непаўналетніх мам”. Гэта будзе 15 індывідуальных жыццёвых гісторый, у якіх мамы раскажуць пра свае сённяшнія сем’і, сваё дзяцінства, свае інтарэсы і захапленні, пра тое, якая дапамога ім неабходна. Аўтарам работы выступіла выкладчык і журналіст Наталля Цярэшчанка, якая таксама адна выхоўвае дзіця і не па чутках ведае, з якімі цяжкасцямі сутыкаецца адзінокая мама, калі няма падтрымкі блізкіх і разумення з боку грамадства.
“На нашу думку, гэта будзе каштоўны матэрыял для арганізацыі работы спецыялістаў розных сфер. Мы ўбачым болевыя кропкі, даведаемся, пра што маладыя маці думаюць, пра што мараць, чаго хочуць, якіх ведаў ім не хапае, якога вопыту”, — гаворыць Таццяна Пімкова.
Ужо цяпер відавочна, што адным з самых актуальных пытанняў будзе атрыманне адукацыі — не толькі прафесійнай, але і базавай ці сярэдняй, бо не ўсе скончылі школу. Некаторыя дзяўчаты нацэлены на вышэйшую адукацыю, сярод тых, хто атрымаў агульную сярэднюю адукацыю, ёсць такія, якія маюць сярэдні бала атэстата 9,5 і вышэйшы.
“Гэта здарылася: непаўналетняя дзяўчына стала мамай, — падводзіць рысу Таццяна Пімкова. — Наша задача не толькі прыцягнуць увагу грамадскасці да гэтай праблематыкі, зняць напружанасць, градус асуджэння, але і адкрыць у гэтых дзяўчатах станоўчыя якасці, дапамагчы ім стаць добрымі мамамі, атрымаць падтрымку спецыялістаў, вызначыцца з прафесіяй. У рамках праекта мы апрабуем сістэму такой комплекснай дапамогі ў раёнах, і калі ўпэўнімся, што яна эфектыўная, падумаем, як яе можна пашырыць на тэрыторыі іншых рэгіёнаў”.
Святлана НІКІФАРАВА.