“PRO-вакацыі” стартавалі ўдала

- 15:04"АРТ-вакацыі": галерэя творцаў

Энергіяй танца і маладосці разагналі хмары над Гроднам удзельнікі ІІ этапу рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці вучнёўскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі-2016”. І хоць з раніцы ішоў дождж, чым прынёс нямала хваляванняў і арганізатарам, і ўдзельнікам, пачатак конкурснай праграмы адбыўся, як і планавалася, на адкрытай пляцоўцы каля Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Прадстаўнікі трох універсітэтаў — дзяржаўнага імя Янкі Купалы, аграрнага і медыцынскага, прайшоўшы строгі папярэдні адбор, прадставілі журы цікавыя творчыя нумары на дзвюх пляцоўках, дзе выступілі амаль 500 чалавек.

Міжуніверсітэцкая творчая пляцоўка ў медыцынскім універсітэце насіла назву “Ад прадзедаў спакон вякоў…”. Тут выступалі хары, былі прадстаўлены тэатральныя пастаноўкі, народныя танцы. Будучыя медыцынскія работнікі ўразілі гледачоў выкананнем гістарычных танцаў. Нікога не пакінулі абыякавым выступленне тэатра танца медыцынскага ўніверсітэта “Альмадэа” з нумарам “Русалачка” і песня “Александрына” ў выкананні студэнтаў ГрДУ.

Другая частка праграмы адбывалася ў ГрДУ імя Янкі Купалы і праходзіла пад дэвізам “Усё можа маладосць”. У чаканні журы студэнты бавілі час песнямі і сучаснымі танцамі, аб’яднаўшыся ў адну вялікую творчую групу.

А потым да вясёлых студэнтаў далучылася журы, і фестываль пачаў работу ў афіцыйным фармаце з танцавальнага флэш-мобу “Усміхайся, Беларусь!”.
Але ж да пачатку дзеяння журналісты задалі пытанні сустаршыні журы загадчыку аддзела сацыякультурных праектаў і маладзёжных ініцыятыў Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Алене Лаўрыновіч аб асаблівасцях мерапрыемства ў гэтым годзе.

— Менавіта ў Гродне, менавіта гродзенскія студэнты прапанавалі два гады назад новы фармат, які атрымаў назву “PRO-вакацыі”, — сказала Алена Сяргееўна. — Конкурс, у якім удзельнічае маладое крэатыўнае пакаленне, патрабуе і новых фарматаў, новых прарываў, дэманстрацыі таго, што жадаюць сказаць і паказаць самі студэнты.

І яны паказалі, што маладосць — гэта самы час зрабіць крок да новых адкрыццяў, у Год культуры вынайсці новыя фарматы творчасці ў новых магчымасцях часу, стаць творцамі і выканаўцамі сваіх задумак.

Але студэнцтва — гэта і час эксперыментаў, якія заснаваны на фундаменце сям’і і грамадства. Такую думку прадставілі студэнты факультэта эканомікі і кіравання ГрДУ ў інсайт-праекце намінацыі “Live-ўдзел”, дзе ў тэатральнай пастаноўцы паказалі, як важна мець сям’ю, што значыць яна ў жыцці кожнага чалавека.

На творчай пляцоўцы тэатраў моды разгарнулася “Вясновая феерыя”. Так называўся паказ тэатра моды “Мілада” аграрнага ўніверсітэта. “Мой красавік” прадставілі дзяўчаты з тэатра моды “Дасканаласць” медыцынскага ўніверсітэта, а “Кветкі” — удзельніцы тэатра моды “Уні-арт” Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Тое, што моладзі ўсё пад сілу, паказала і рознабаковасць жанраў: пантаміма ў выкананні студэнтаў аграрнага ўніверсітэта, удзельнікаў тэатральнай студыі “Байка”; нумар “Пад небам Парыжа”, у якім студэнты медыцынскага ўніверсітэта Таццяна Коўш і Арцём Аганесян спалучылі класічны танец са скрыпічным суправаджэннем інструментальнага ансамбля “Кварта”; сучасная харэаграфія. Так, калектыў студэнтаў факультэта матэматыкі і інфарматыкі ГрДУ выканаў танец, які быў створаны пасля прагляду апошняй часткі фантастычнай сагі “Зорныя войны”. Кіраўнік групы “Лайк” студэнтка Валянціна Цыдзік расказала, што ў гэтым выступленні яны хацелі спалучыць сур’ёзнасць з гумарам. Самі паставілі нумар, падабралі музыку, зрабілі арыгінальныя і незвычайныя касцюмы. І так прынялі ўдзел у “PRO-вакацыях”.

Харэаграфічная кампазіцыя “Мілітары” ў пастаноўцы студэнткі факультэта мастацтваў і дызайну ГрДУ Настассі Аўсейчык — таксама вынік “PRO-вакацый”. Дарэчы, Настасся таленавітая не толькі як танцавальны пастаноўшчык. У Рэспубліканскім конкурсе “Студэнт года” яна заняла 3-е месца.
Выступленні на дзвюх пляцоўках завяршаліся агульным выхадам удзельнікаў “АРТ-вакацый”, але творчыя эксперыменты студэнтаў на гэтым на завяршаюцца. Яны будуць рыхтавацца да новых выступленняў і абавязкова адкрыюць для сябе новыя гарызонты творчасці, незалежна ад таго, якой прафесіі прысвецяць жыццё.

А журы чакае вельмі цяжкая задача: выбраць самых лепшых з усіх лепшых.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.