У год культуры – танец кожнаму

- 15:52Нам пішуць, Рознае

Нядаўна ў Віцебскай ордэна “Знак Пашаны” дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны прайшоў чарговы студэнцкі фестываль сучаснага танца, дзе ўдзельнічалі каманды з Беларусі, Расіі, Украіны і Казахстана. Ініцыятар фестываля аспірант ВДАВМ і намеснік начальніка ўпраўлення па распрацоўцы і рэалізацыі спецыяльных праектаў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Арцём Ігнаценка расказаў, што сёлета ў Віцебск прыехала рэкордная колькасць канкурсантаў – больш за 300 прадстаўнікоў з 21 установы вышэйшай адукацыі. На фестывальнай сцэне-2016 дэбютавалі творчыя калектывы з Санкт-Пецярбургскага гуманітарнага ўніверсітэта прафсаюзаў (Расія) і Еўразійскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Л.М.Гумілёва (Казахстан), БДУ, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі.

– Шосты фестываль унікальны тым, што ў ім бяруць удзел Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі і Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, – расказаў Арцём Ігнаценка. – Новым стала і тое, што Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі вырашыла падарыць кожнаму жадаючаму права наведаць канцэрты бясплатна ў рамках акцыі “У год культуры – танец кожнаму”. Узровень усіх канкурсантаў прыкметна вырас. Напрыклад, студыя танца “Рэха” Вялікалуцкай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі дагэтуль не займала ў нас прызавых месцаў, але артыстам удалося не проста крок зрабіць, а прабегчы наперад і стаць лаўрэатамі ІІІ ступені.

Па словах начальніка ўпраўлення па распрацоўцы і рэалізацыі спецыяльных праектаў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Глеба Лапіцкага, на фестывалі на сцэну выходзяць будучыя ўрачы, настаўнікі, інжынеры. Танец жыве ў іх сэрцах.

Праграма фестывалю прадугледжвала шматлікія майстар-класы і творчыя сустрэчы, якія правялі дырэктар, балетмайстар заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь тэатра сучаснага танца «Alexis» Аляксандр Зенчанка, магістр Акадэміі рускага балета імя Ваганавай Вольга Лабоўкіна, дырэктар, харэограф, танцор «Leggo dance studio» (Брэст) Аляксандр Натараў, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, мастацкі кіраўнік Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля танца “Равеснік” Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў Таццяна Семчанка. Міжнароднае журы сёлета ўзначальваў народны артыст Беларусі мастацкі кіраўнік балета Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Юрый Траян.

Па традыцыі фестываль падзяляўся на два конкурсныя блокі. Удзельнікі першага не толькі здзіўлялі і заварожвалі гледача танцамі ў стылях мадэрн, джаз-мадэрн і кантэмпарары, але і клікалі акунуцца загадкавы свет аднаактавых балетаў на тэму «Геаметрыя пачуццяў». У другім блоку былі прадстаўлены калектывы, якія танцуюць ў папулярных сярод моладзі стылях show-dance, krump, jazz-funk, hip-hop. А пасля таго як усе гледачы пранікліся ні з чым непараўнальнай энергетыкай вулічных танцаў, канкурсанты яшчэ і пазмагаліся за лідарства ў «DANCE-BATTLE». Свае лепшыя музычныя сэты ўдзельнікам батлаў падарыў DjSerVand.

Ансамбль “Самрук” Еўразійскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Л.М.Гумілёва выйграў гран-пры конкурсу, а таксама атрымаў грашовы сертыфікат на ўмацаванне матэрыяльнай базы танцавальнага калектыву, прадстаўлены Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі. Начальнік аддзела ідэалагічнай і выхаваўчай работы ў вышэйшай школе РІВШ Святлана Сергяюк уручыла спецяльны прыз артыстам з Нацыянальнага ўніверсітэта біярэсурсаў і прыродакарыстання Украіны.

Спецыяльны прыз Цэнтральнага камітэта БРСМ атрымаў танцавальны калектыў ВДАВМ “Inspire”. Па выніках фестывалю ў блоку вулічных танцаў І месца занялі “INFINITY DANCE GROYP” (прадстаўнікі Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта), другое – “FBIBLESSED” (Смаленскі дзяржаўны ўніверсітэт), трэцяе – “СУЗИРЬЯ КРIО” (Нацыянальны ўніверсітэт біярэсурсаў і прыродакарыстання Украіны). У блоку сучаснай харэаграфіі на першым месцы “Берагі” (Санкт-Пецярбургскі гуманітарны ўніверсітэт прафсаюзаў), другое – у «MAXIMА» (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі), трэцяе – у “Рэха” (Вялікалуцкая дзяржаўная сельгасакадэмія). У намінацыях за “Лепшую пастаноўку” адзначана «MAXIMA», “Лепшай танцоўшчыцай” прызнана Ксенія Рабава з «Берагоў», “Лепшым танцоўшчыкам” – Яўген Ермаловіч з «Альтаны» (Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт).

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.