Эфектыўна, зацікаўлена, сучасна

- 10:46Да Рэспубліканскага педагагічнага савета, Рознае

Павышэнне эфектыўнасці сістэмы адукацыі на ўсіх яе ўзроўнях — такую галоўную задачу на новы навучальны год вызначае начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома.

— Мы ствараем такую сістэму рэгіянальнай адукацыі, якая будзе працаваць не на ўтрыманне, а на комплекснае ўдасканаленне і планамерны рост, — падкрэслівае Дзмітрый Леанідавіч. — Каб максімальна адпавядаць запытам усіх слаёў і груп насельніцтва, забяспечыць гарманічнае развіццё і выхаванне асобы з улікам агульначалавечых каштоўнасцей і каштоўнасцей нацыянальнай культуры, адукацыя павінна бесперапынна развіваць і развівацца.

Для гэтага вобласць мае ўсе неабходныя рэсурсы. Найперш, выдатны кадравы патэнцыял, высокую кваліфікацыю педагогаў. За апошнія некалькі гадоў статус настаўніка ў грамадстве відавочна павышаецца. Выразныя праявы азначанай тэндэнцыі — гэта арганізацыя педагагічных класаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, цікавасць абітурыентаў да педагагічных спецыяльнасцей, станоўчая дынаміка замацавання выпускнікоў на першым рабочым месцы. Настаўнікі, педагагічныя работнікі і ў цэлым работнікі сістэмы адукацыі сёння забяспечаны сацыяльнымі льготамі і гарантыямі, дастойнай заработнай платай. Моладзь гэта бачыць. Па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы, павышэнні кваліфікацыі кадраў у нас наладжана цеснае ўзаемадзеянне з абласным інстытутам развіцця адукацыі, рэгіянальнымі ўстановамі вышэйшай адукацыі. Канечне, неабходна, каб малады спецыяліст, калі ён праяўляе карысную ініцыятыву, з першага-другога года работы паказвае высокія вынікі, адчуваў дадатковую падтрымку на ўсіх узроўнях. У рэгіёне паступова фарміруецца моцная каманда кампетэнтных, адказных, ініцыятыўных дырэктараў. Адначасова мы мэтанакіравана працуем з кадравым рэзервам, вучым і даём магчымасць праявіць сябе новаму пакаленню кіраўнікоў. Што тычыцца настаўнікаў, то кожнаму прадастаўлена магчымасць павысіць катэгорыю, прафесійны ўзровень і такім чынам істотна паўплываць на памер уласнай зарплаты. Разам з тым інвестыцыі ў навучанне, павышэнне кваліфікацыі работнікаў апраўданы толькі як умова росту эфектыўнасці і канкурэнтаздольнасці арганізацыі. Таму ў спецыяліста, які зарэкамендаваў сябе як наватар, лідар па сваім напрамку, заўсёды будуць прапановы па дадатковай нагрузцы. Мы настройваем людзей не пасіўна чакаць, пакуль павысяць зарплату, а рэальна ўбачыць, што зрабіць, каб атрымліваць больш высокую зарплату, — і дзейнічаць. Нельга абысці ў размове і пэўныя дасягненні нашых педагогаў па рабоце з дзецьмі-сіротамі і дзецьмі, якія засталіся без апекі бацькоў, па папярэджанні супрацьпраўных дзеянняў сярод дзяцей і падлеткаў, у галіне спецыяльнай адукацыі, паспяховую рэалізацыю інавацыйных праектаў у напрамку інклюзіўнай адукацыі. Установы адукацыі рэалізоўваюць цікавыя сумесныя праекты, праводзяць мерапрыемствы пры падтрымцы або з удзелам прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, сілавых ведамстваў, шэфскіх прадпрыемстваў. Павышаную ўвагу мы ўдзяляем выніковасці адукацыйнага працэсу, прычым не проста падрабязна аналізуем вынікі рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, экзаменаў за курс базавай і сярэдняй школы, цэнтралізаванага тэсціравання, але і шукаем новыя шляхі да іх паляпшэння, праводзім тэматычныя семінары і нарады, актыўна вывучаем і ўкараняем перадавы вопыт.

Эканамічная дасведчанасць, прадпрымальнасць, эканомія і эфектыўнае выкарыстанне фінансавых сродкаў для ўстаноў і сістэмы адукацыі ў цэлым на сённяшні дзень — адзін з прыярытэтных напрамкаў. Мы набліжаемся да стварэння ўстойлівай рэгіянальнай сістэмы адукацыі з пэўнай колькасцю апорных устаноў, кожная з якіх у найбліжэйшыя некалькі гадоў стане найбольш эфектыўна выконваць свае функцыі ў існуючых эканамічных, юрыдычных і арганізацыйных умовах. У дачыненні да дашкольнай адукацыі галоўнае патрабаванне застаецца нязменным: ёй павінны быць ахоплены ўсе дзеці адпаведнага ўзросту, пажадана па месцы жыхарства. Апошняе тычыцца і пачатковай школы, у сувязі з чым вырашаецца пытанне аб будаўніцтве дашкольных устаноў, адкрываюцца комплексы “дзіцячы сад — пачатковая школа” ў новых гарадскіх мікрараёнах. Дзіцячы садок патрабуецца практычна ў кожным сельскім населеным пункце. Аднак неадзінкавыя прыклады, калі па тых ці іншых прычынах вяскоўцы не спяшаюцца аддаваць сваіх дзяцей у дашкольную ўстанову — і атрымліваецца, што нават мінімальны штат работнікаў перавышае колькасць выхаванцаў. Напэўна, з эканамічнага пункту погляду гэта няправільна, як і ўтрыманне малакамплектных школ. Калі выдаткі ў разліку на аднаго школьніка ў разы перавышаюць сярэднія паказчыкі, мы вымушаны прымаць рашэнне аб мэтазгоднасці работы такой установы адукацыі. Тут неабходны ўзважаны дзяржаўны падыход: як правіла, лепшым варыянтам бачыцца рацыянальна арганізаваць падвоз навучэнцаў, працаўладкаваць настаўнікаў і некалькі малакамплектных базавых школ рэарганізаваць у адну, размешчаную ў тыпавым будынку. У сваю чаргу ў сярэдняй школе павінны быць засяроджаны ўсе асноўныя рэсурсы, сучасныя сродкі навучання і вопытныя педагогі, і пажадана, каб яны жылі ў тым жа населеным пункце (на вёсцы гэта звычайна цэнтр гаспадаркі з добрымі перспектывамі развіцця). У некаторых асобных выпадках — калі відавочна, што дашкольнікаў няма і праз некалькі гадоў школа спыніць існаванне, — мы вымушаны ісці на апярэджанне мер па аптымізацыі. Разам з тым кіраўніцтвам вобласці пастаўлена задача: усе сэканомленыя ў выніку аптымізацыі грошы асвоіць у сістэме адукацыі. Такім чынам дасягаюцца дзве мэты: і аптымізацыя, і павышэнне якасці адукацыі. Для дырэктараў устаноў адукацыі ў мінулым навучальным годзе было арганізавана некалькі семінараў, у вобласці паспяхова рэалізаваны і рэалізоўваюцца праекты школьных бізнес-кампаній. Павелічэнню эканамічнай самастойнасці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў распараджэнні бюджэтнымі сродкамі, паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы, істотнаму росту зарплат педагогаў садзейнічае эксперыментальны праект па нарматыўным фінансаванні, што рэалізоўваецца ў рэгіёне. Многія ўстановы адукацыі вобласці маюць унікальны вопыт паспяховай арганізацыі пазабюджэтнай дзейнасці і аказання платных паслуг, пошуку дадатковых крыніц фінансавання. У прыклад можна прывесці шэраг праектаў, якія рэалізоўваюцца ПРААН і фінансуюцца Еўрасаюзам, праекты ў рамках трансгранічнага супрацоўніцтва, праект “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь”, што рэалізоўваецца за сродкі Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця.

Сёлета ў нас значна лепш складваецца сітуацыя з наборам і камлектаваннем устаноў прафесійнай адукацыі. Гэта заканамерны вынік комплексу мер, рэалізаваных органамі кіравання адукацыі і выканаўчай улады, зацікаўленымі прадпрыемствамі і арганізацыямі. Так, сёння ўстановы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі прапаноўваюць даволі шырокі спектр запатрабаваных на рынку працы спецыяльнасцей і спрыяльныя ўмовы для вучобы. Напрыклад, сельскія ўстановы ПТА забяспечваюць сваіх навучэнцаў бясплатным трохразовым харчаваннем. На базе лепшых з іх арганізаваны рэсурсныя цэнтры, дзе выкарыстоўваюцца сучаснае вучэбна-вытворчае абсталяванне, тэхніка, інавацыйныя адукацыйныя методыкі. Працягваецца работа па аптымізацыі сеткі ўстаноў ПТА. Вынікам іх далучэння да профільных каледжаў сталі шматузроўневыя ўстановы адукацыі інтэграванага тыпу, фактычна размова ідзе аб узнікненні адукацыйных кластараў.

На гэты момант у вобласці завершана падрыхтоўка да новага навучальнага года. Выказваю шчырую павагу за ўдзел у гэтай рабоце і матэрыяльна-фінансавую дапамогу нашым педагогам і навучэнцам, кіраўнікам устаноў, органам улады, папячыцельскім саветам, спонсарам, шэфскім прадпрыемствам. Сапраўды, 1 верасня, набліжэнне якога ўжо адчуваецца, — усеагульнае свята. Мы жывём у час інавацыйных тэхналогій, але яны імкліва мяняюцца. І, магчыма, не яны галоўнае для чалавека, а тое, што закладвае школа. Менавіта сям’я і школа ў адказе за тых, хто будзе ствараць нашу краіну ў будучыні, і сістэма адукацыі для грамадства самая важная. Гэта наш вялікі гонар і велізарная адказнасць.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.