“Усе адказныя рашэнні па пытаннях, звязаных з актыўным уключэннем людзей з інваліднасцю ў грамадства, з рэалізацыяй іх правоў на адукацыю, павінны прымацца сумесна пры актыўным дыялогу паміж прадстаўнікамі дзяржаўных структур і грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, якія прадстаўляюць інтарэсы асоб з інваліднасцю (асоб з АПФР), і самімі асобамі з інваліднасцю”, — гаворыць старшыня Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам Алена Георгіеўна Цітова.
Яна, у прыватнасці, лічыць, што неабходна стварыць каардынацыйны савет, у які ўвойдуць усе, хто зацікаўлены ў распаўсюджванні ідэй і практык інклюзіўнай адукацыі, у забеспячэнні яе якасці, у фарміраванні прыярытэтных кірункаў гэтай дзейнасці. Для таго, каб такі савет быў эфектыўным, у яго павінны быць пэўныя паўнамоцтвы, якія забяспечваюцца, напрыклад, пры міністэрстве ці іншай уплывовай установе.
Вельмі важнай з’яўляецца сістэмная мэтанакіраваная работа па інфармаванні грамадства аб патрэбах людзей з інваліднасцю. Неабходна далучаць да гэтага працэсу СМІ, праводзіць інфакампаніі, тэматычныя гутаркі, лекцыі, семінары, трэнінгі, экскурсіі і г.д. Запрашаць на падобныя мерапрыемствы можна спецыялістаў у галіне права, падчас якіх яны праінфармуюць, правядуць кансультацыі і факультатыўныя заняткі па правах дзяцей і моладзі (у тым ліку па правах людзей з інваліднасцю). Варта стварыць і адпаведны тэматычны інфармацыйны рэсурс у інтэрнэце.
Неабходна ажыццяўляць праектную дзейнасць пры рэалізацыі інклюзіўных падыходаў на базе канкрэтных устаноў адукацыі, што створыць умовы для пастаяннага ўзаемадзеяння дзяцей і маладых людзей з інваліднасцю з іх аднагодкамі. Людзей з абмежаваннямі неабходна запрашаць на школьныя мерапрыемствы, дзе вядзецца падрыхтоўка дзяцей да сустрэчы з аднагодкамі з АПФР, якія будуць вучыцца разам з імі. Прыкладам такой паспяховай вучэбнай дзейнасці Алена Цітова лічыць прынцып “роўны навучае роўнага”, канцэптуальнай ідэяй якога з’яўляецца правядзенне заняткаў з элементамі трэнінгаў групай школьнікаў, аднолькавых па ўзросце, сярод якіх ёсць і звычайныя дзеці, і навучэнцы з інваліднасцю. Адпаведны вопыт і метадычныя распрацоўкі да такога падыходу пры навучанні моладзі ўжо ёсць у грамадскай арганізацыі БелАДДІіМІ.
Трэба працягваць стварэнне безбар’ернага асяроддзя ва ўстановах адукацыі (ліфтаў, пандусаў, поручняў, у тым ліку і ў пакоях гігіены) і аснашчаць памяшканні партатыўнымі пад’ёмнікамі, набываць спецыяльную апаратуру для невідушчых людзей і тых, якія не чуюць, і г.д.
Пры арганізацыі ўзаемадзеяння навучэнцаў з інваліднасцю з аднакласнікамі ў пазаўрочнай дзейнасці (у гуртках, студыях, падчас падрыхтоўкі і правядзення грамадскіх мерапрыемстваў, конкурсаў, канцэртаў, выстаў, экскурсій, спартакіяд і г.д.) трэба больш актыўна выкарыстоўваць пляцоўкі ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Неабходна распрацаваць праграмы вучэбных курсаў для кіраўнікоў секцый, студый, дзіцячых калектываў па арганізацыі інклюзіўнай дзейнасці і распрацаваць механізм арганізацыі сумеснай пазаўрочнай дзейнасці дзяцей з АПФР і іншых дзяцей. Такія мерапрыемствы павінны стаць абавязковай часткай плана работы розных устаноў адукацыі. Сустрэчы інклюзіўнага характару можна праводзіць у партнёрстве з грамадскімі аб’яднаннямі.
“На сучасным этапе псіхолага-медыка-педагагічная камісія ЦКРНіР павінна выступаць не толькі ў ролі “чыстага” дыягноста дзіцяці з АПФР, які, зыходзячы з абмежаванняў, вызначае яму праграму і рэкамендуе ўстанову адукацыі для навучання (што не адпавядае прынцыпам інклюзіі), а перш за ўсё ў ролі кансультанта і супервізара працэсу навучання як для сям’і, так і ў рамках школы, — лічыць Алена Цітова. — Неабходна адыходзіць ад дыягназа-цэнтраванага падыходу пры абследаванні дзіцяці, а таксама ў працэсе яго навучання і перайсці да асобасна-цэнтраванага падыходу, арыентавацца не на дыягназ дзіцяці і ўзровень яго інтэлектуальнага развіцця, а перш за ўсё на яго асобасныя якасці, моцныя бакі яго характару.
Пажадана ўкараніць у практыку сярэдняй і вышэйшай школы сістэму індывідуальных праграм для ўсіх навучэнцаў, якія будаваліся б на моцных якасцях чалавека і ўлічвалі б яго слабыя бакі, утрымлівалі б рэкамендацыі, як займацца з кожным, каб ён максімальна засвоіў веды, як кантраляваць гэты працэс засваення, як ацаніць вынікі. Можна, напрыклад, працэс пісьмовага выкладання замяніць друкаваннем, а вусныя адказы — тэстамі і г.д.
Хацелася б ініцыіраваць стварэнне інклюзіўных спартыўных секцый і клубаў і правядзенне сумесна з Міністэрствам адукацыі і Параалімпійскім камітэтам дзіцячых інклюзіўных спартакіяд (аналагічна са спартакіядамі для дзяцей з АПФР). З гэтай мэтай варта ствараць валанцёрскія атрады студэнцкай моладзі, вылучаць з іх трэнераў-валанцёраў.
Важна далучаць да актыўнага ўдзелу ў працэсах інклюзіі недзяржаўныя арганізацыі, якія прадстаўляюць інтарэсы асоб з інваліднасцю. У прыватнасці, да рэалізацыі праграм дадатковай адукацыі дарослых, што накіраваны на фарміраванне неабходных кампетэнцый для ўзаемадзеяння з вучнямі з інваліднасцю. Эфектыўнасць інклюзіўнай адукацыі забяспечваюць у першую чаргу педагогі-псіхолагі, педагогі ўстаноў дашкольнай адукацыі, педагогі і кіраўнікі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, цьютары (суправаджальнікі). Настаў час для стварэння ў нашай краіне школы цьютараў, асістэнтаў, паводзінскіх спецыялістаў”.
Надзея ЦЕРАХАВА.