“Найбольш актуальныя ў нашым раёне — пытанні павышэння якасці работы з адоранымі дзецьмі і ўдасканалення прафесійнага майстэрства педагогаў з улікам сучасных патрабаванняў, а таксама падтрымка іх ініцыятыўнасці і імкнення да самаадукацыі, да выхавання навучэнцаў у духу патрыятызму і павагі да гістарычнага мінулага нашай краіны, — адзначыў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці Уладзімір Раманавіч ДУБОК. — Акрамя таго, акцэнтуем увагу на павышэнні якасці базавай і профільнай адукацыі, на дыферэнцыраванні падыходаў да прафарыентацыйнай работы, агітуем выпускнікоў на паступленне ў педагагічныя навучальныя ўстановы з далейшым іх вяртаннем і працаўладкаваннем у нашым раёне”.
— Ахарактарызуйце, калі ласка, сістэму адукацыі раёна ў цэлым з усімі яе дасягненнямі.
— У 2016 годзе ў сферу адукацыі накіроўваецца 41,4% фінансавых сродкаў раённага бюджэту. Актывізавана работа па стварэнні бяспечных умоў для навучання ў адукацыйных установах. За кошт рацыяналізацыі вучэбнага працэсу паступова аптымізуем адукацыйную сетку раёна з улікам эканамічнай мэтазгоднасці. Сярэдняя напаўняльнасць класаў складае 14,6 вучня. Колькасць навучэнцаў на 1 настаўніка складае 8,9. Шмат увагі з боку нашага аддзела ў мінулым навучальным годзе ўдзелена ўдасканаленню кіраўніцкай дзейнасці і рабоце з кадрамі.
Ахоп дзяцей адукацыяй ад 1 да 6 гадоў у 2015/2016 навучальным годзе складаў 80%, прычым з трохгадовага ўзросту — 94%, а з 5 гадоў усе дзеці ахоплены падрыхтоўкай да школы. У 2016 годзе павялічана колькасць груп з рэжымам знаходжання ад 2 да 7 гадзін, у тым ліку на платнай аснове. Карыстаюцца попытам новыя формы арганізацыі адукацыі — вячэрнія групы, групы выхаднога дня. У яслях-садзе № 4 Шчучына, напрыклад, арганізавана работа выхавальніка дома.
Агульную сярэднюю адукацыю забяспечваюць у раёне 18 устаноў. Укараненне профільнага навучання на трэцяй ступені такой адукацыі дазваляе ўлічваць інтарэсы, схільнасці і здольнасці навучэнцаў больш поўна, ствараць для старшакласнікаў належныя ўмовы для навучання ў адпаведнасці з іх прафесійнымі інтарэсамі і далейшымі планамі па паступленні ў іншыя ўстановы. Па выніках цэнтралізаванага тэсціравання 2015 года навучэнцы гімназіі Шчучына Аляксандр Якусік (па рускай мове), Людміла Ціцяк (па матэматыцы), Наталля Лісоўская (па англійскай мове) набралі 100 балаў.
Працэнт паступлення выпускнікоў школ нашага раёна ў вышэйшыя навучальныя ўстановы павысіўся нязначна (да 60,3%), але на бюджэтную форму навучання знізіўся.
У 2015 годзе на абласных этапах прадметных алімпіяд яны занялі 16 (у 2014 годзе — 12) прызавых месцаў, на заключным этапе — 3 (у 2015 годзе — 5). Лідарам па колькасці дыпломаў на абласным і заключным этапах рэспубліканскай алімпіяды застаецца гімназія Шчучына. Другі год запар каманда ўстановы перамагае ў абласным турніры юных матэматыкаў. Вынікам шматгадовай работы выпускніка гімназіі Андрэя Асанава і яго настаўніцы Тамары Васільеўны Уласавай стаў сярэбраны медаль, які юнак атрымаў на Міжнароднай матэматычнай алімпіядзе ў Ганконгу. У Міжнародным конкурсе GS Group па матэматыцы для 4300 старшакласнікаў з несталічных гарадоў, які праходзіў у Гусеве Калінінградскай вобласці, Андрэй стаў абсалютным пераможцам і з’яўляецца ўладальнікам імянной стыпендыі GS Group (150 у.е.) пры ўмове паступлення ў профільныя навучальныя ўстановы на тэхнічныя спецыяльнасці. Яго настаўніца — Тамара Васільеўна — пераможца раённага конкурсу “Рэйтынг прафесійнай дзейнасці настаўніка”. Яна ўдастоена ганаровага звання “Чалавек года Гродзеншчыны — 2015”.
Нашы навучэнцы ўзнагароджваліся дыпломамі на алімпіядзе па матэматыцы і інфарматыцы для выпускнікоў устаноў сярэдняй і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якая праводзіцца факультэтам матэматыкі і інфарматыкі ГрДУ імя Я.Купалы, і на IV навукова-практычнай канферэнцыі школьнікаў “Фізіка вакол нас”, якая праводзіцца фізіка-тэхнічным факультэтам універсітэта. Паспяховымі былі выступленні нашых школьнікаў на абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Крыштальная альфа”, IX Абласным краязнаўчым конкурсе “Галасы гісторыі”, III Абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Край Гарадзенскі”, на Абласным конкурсе даследчых работ і творчых праектаў малодшых класаў. Вынікова працуе ў раёне і інтэлектуальны клуб “Мудры Шчупак”.
На падтрымку таленавітых дзяцей у 2016 годзе са сродкаў раённага бюджэту выдзелена 39,5 млн рублёў. Для заахвочвання педагогаў, вучні якіх перамагаюць у абласным і заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды, устаноўлена надбаўка да кантракта.
— Што вы лічыце найважнейшым сродкам для павышэння педагагічнага майстэрства настаўнікаў? Ці прапаноўваеце педагогам новыя цікавыя формы прафесійнага ўдасканалення?
— Надзвычай важнай умовай для паспяховага прафесійнага развіцця настаўнікаў лічу метадычную работу. У мінулым навучальным годзе раённая метадычная сетка ўключала больш за 70 метадычных фарміраванняў. Належным чынам мы арганізавалі работу школ маладых педагогаў, праблемных і творчых груп, школ удасканалення педагагічнага майстэрства, клубаў, кансультацыйных пунктаў і г.д. Новай формай прафесійнага развіцця настаўніка ў рамках метадычнай сеткі стала сеткавая супольнасць педагогаў (настаўнікаў пачатковых класаў, рускай мовы і літаратуры, інфарматыкі).
Педагогі раёна актыўна выкарыстоўваюць магчымасці бесперапыннага павышэння кваліфікацыі праз удзел у семінарах, канферэнцыях, фестывалях, падчас якіх лепшыя з іх прэзентуюць вопыт сваёй работы. З мэтай павышэння якасці работы з педагагічнымі кадрамі ў далейшым лічу неабходным праз метадычную работу павышаць іх кампетэнтнасць у даследчай, эксперыментальнай, праектнай дзейнасці, абагульняць i распаўсюджваць эфектыўны педагагічны вопыт выкладання вучэбных прадметаў на базавым і павышаным узроўнях пры навучанні ва ўмовах профільнага навучання, забяспечваць рэалізацыю кампетэнтнаснага падыходу пры выкладанні прадметаў, ажыццяўляць метадычнае суправаджэнне росту прафесійнай кампетэнтнасці настаўнікаў і атэстоўваць іх, працягваць работу з рэзервам кіруючых кадраў, а таксама павышаць адукацыйны ўзровень педагогаў дашкольных устаноў, стымуляваць усіх педагогаў да атрымання і пацвярджэння вышэйшай катэгорыі.
— Уладзімір Раманавіч, якія праблемы патрабуюць неадкладнага вырашэння?
— Спынюся толькі на асобных з іх. Хацелася б палепшыць вынікі выступленняў каманды раёна на заключным этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, а таксама павысіць эфектыўнасць сістэмы работы з адоранымі навучэнцамі ў кожнай установе адукацыі, пры гэтым акцэнтаваць увагу на аб’ектыўнасці пры ацэньванні здольнасцей навучэнцаў. Па-ранейшаму актуальная праблема функцыянавання на належным узроўні рэсурсных цэнтраў і стварэння неабходных умоў матэрыяльна-тэхнічнага, інфармацыйнага, кадравага, праграмна-метадычнага забеспячэння.
Застаецца шэраг праблем і ў сферы інфарматызацыі. У раёне няма ні аднаго мабільнага класа, што ўскладняе ўкараненне новых тэхналогій работы з інфармацыйнымі рэсурсамі і паслугамі, прымяненне воблачных тэхналогій у сістэме адукацыі. Надзённае пытанне — укараненне ЭСН у адукацыйны працэс, у прыватнасці, павелічэнне ў агульнаадукацыйных установах колькасці вучэбных кабінетаў, забяспечаных камп’ютарнай тэхнікай.
Асноўныя задачы, якія былі акрэслены перад установамі адукацыі на бягучы навучальны год, — гэта рацыянальнае расходаванне бюджэтных сродкаў, пошук дадатковых крыніц фінансавання і пашырэнне спектра платных адукацыйных паслуг, прыцягненне прамых замежных інвестыцый, захаванне бяспечных умоў знаходжання дзяцей, што з’яўляецца найважнейшай умовай пры навучанні, і інш.
Надзея ЦЕРАХАВА.