Чытаю, пішу, абмяркоўваю…

- 10:38Культура, Рознае

Праблема дзіцячага і ўвогуле чытання сёння не трывожыць, бадай, толькі самых лянівых і раўнадушных да кнігі людзей. Аб ёй гавораць настаўнікі, пісьменнікі, выдаўцы, журналісты. Гавораць то з трывогай, то нават з роспаччу, то з бляклай, але ўсё-такі надзеяй на тое, што нашы дзеці вернуцца да кнігі… Да апошняга часу гэтыя галасы былі разрозненымі, раскіданымі па ўсёй сацыякультурнай прасторы чытання. І таму нараджэнне рэспубліканскага інфармацыйна-асветніцкага праекта “КнігаСвет” і адпаведнага інтэрнэт-рэсурсу www.knigasvet.adu.by на нацыянальным адукацыйным партале стала значнай падзеяй, сапраўдным святам для ўсіх, каго непакоіць сёння сітуацыя з кнігай і чытаннем. 13 кастрычніка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў межах праекта адбыўся рэспубліканскі форум “Кніга=Свет: сучасны стан і стратэгіі развіцця нацыянальнай прасторы чытання”, арганізатарамі якога выступілі Нацыянальны інстытут адукацыі, Выдавецкі дом “Звязда”, НББ і “Настаўніцкая газета”.

Форум сабраў пісьменнікаў і педагогаў з усёй краіны, выдаўцоў і навукоўцаў, супрацоўнікаў бібліятэк і спецыялістаў сістэмы адукацыі, студэнтаў і старшакласнікаў.

Вітаючы ўдзельнікаў мерапрыемства, дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Сяргей Аляксандравіч Важнік асабліва падкрэсліў, што інфармацыйна-асветніцкі праект “КнігаСвет” стаў вынікам супольных намаганняў прадстаўнікоў розных прафесійных сфер: педагагічнай, пісьменніцкай, выдавецкай, кнігагандлёвай. І яго сутнасць выразна адлюстроўвае слоган “Ствараем кніжны сусвет разам!”. Сяргей Аляксандравіч таксама адзначыў, што праект “КнігаСвет” мае на мэце найперш стварэнне ўмоў для развіцця культуры чытання дзяцей, а таксама развіцця і фарміравання інавацыйнага творчага асяроддзя, у якім чытанне будзе ўспрымацца як нацыянальная культурная каштоўнасць. “Больш за тое, праект перарастае ў нацыянальную праграму падтрымкі і, я нават сказаў бы, абароны дзіцячага чытання. Просім неабыякавых далучацца да нашага праекта. Ён адкрыты”, — дадаў дырэктар НІА.

У сваю чаргу дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Сцяпанавіч Матульскі ў сваім вітальным слове заўважыў, што духоўны складнік грамадства, да якога ці не ў першую чаргу адносяцца кнігі і чытанне, не заўсёды можна вымераць рыначнымі адносінамі. “Літаратура больш працуе не на тых, хто багаты, а якраз на тых, бедных, маладых, хто яшчэ не сфарміраваўся або сфарміраваўся не лепшым чынам. І вось ім трэба дапамагчы, каб да іх дайшла кніга. І дапамагчы ім у гэтым могуць якраз бібліятэкі, бо па рыначным кошце ў кніжных магазінах яны кніг сёння не купяць. Мы павінны клапаціцца найперш пра тое, каб тая літаратура, якая прапагандуе сапраўдныя духоўныя каштоўнасці, была ў публічных і школьных бібліятэках. Іх у нас каля 3800 публічных і прыблізна столькі ж школьных. Якой дарогай кніга туды патрапіць? Вырашыць гэтае пытанне і павінна наша грамадства, у тым ліку дзякуючы такім сацыяльна значным праектам, якім з’яўляецца праект “КнігаСвет”, — сказаў Раман Сцяпанавіч.

На пленарным пасяджэнні форуму было прадстаўлена чатыры даклады.

Вядомы пісьменнік, краязнаўца, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома “Звязда” Алесь Мікалаевіч Карлюкевіч у сваім выступленні звярнуўся да самых розных пытанняў, звязаных з кнігавыданнем і чытаннем. Асобна ён спыніўся на тэме дзіцячага чытання як гарантыі духоўна-маральнай бяспекі беларускага грамадства. Алесь Мікалаевіч, у прыватнасці, заўважыў: “Разлічаныя на дзяцей кніжныя праекты адраснага характару, безумоўна, маглі б развівацца значна шырэй і больш актыўна, калі б у нас быў самым сур’ёзным чынам наладжаны працэс літаратурна-мастацкай крытыкі ў галіне дзіцячай літаратуры. За апошнія гады, колькі мы ні спрабавалі арганізаваць дыскусіі на тэму дзіцячай літаратуры, гэтыя спробы былі, трэба прызнаць, не вельмі ўдалымі, хаця сіл у гэта ўкладвалася вельмі шмат. Давайце ж ствараць агульную атмасферу — атмасферу спрыяння. Калі будзе агульная зацікаўленасць у захаванні ці ўжо нават адраджэнні дзіцячага чытання, усё атрымаецца”.

На пытанне з залы “Якой вы бачыце будучыню дзіцячай кнігі?” Алесь Карлюкевіч адказаў коратка і ёміста: “Мне хацелася б, каб дзіцячая кніга мела сацыяльны адрас, была сацыяльна значнай. І ў сувязі з гэтым мне яшчэ хацелася б, каб дзіцячая кніга была не менш разумнай, чым сацыяльныя сеткі, у якіх сядзяць нашы дзеці, але пры гэтым, каб у ёй заставалася размова пра дабрыню, справядлівасць, адносіны з бацькамі, пра ўсе астатнія рэчы, звязаныя з духоўнасцю і маральнасцю”. А наконт рэспубліканскага інфармацыйна-асветніцкага праекта “КнігаСвет” ён адзначыў: “Сёння яшчэ невядома, у што ў выніку аформіцца праект “КнігаСвет”, але актуальнасць яго бясспрэчная. І актуальнасць гэтая не ў апошнюю чаргу заключаецца ў тым, што самым розным сацыяльным групам, самым розным узростам і аўдыторыям патрэбны рэкамендацыі, заснаваныя на працы літаратурна-мастацкіх крытыкаў, пісьменнікаў, выдаўцоў. Рэкамендацыі, якімі, хочацца спадзявацца, будзе напоўнены змест праекта. А разгляд літаратурна-мастацкага працэсу павінен наладжвацца і ў адукацыйнай сістэме, і ў бібліятэчнай сістэме, і ў іншых самых розных абсягах”.

Вельмі эмацыянальным і напоўненым рознага кшталту парадаксальнымі высновамі было выступленне прафесара кафедры тэорыі літаратуры філалагічнага факультэта БДУ, культуролага, пісьменніка, доктара філалагічных навук, прафесара Анатоля Мікалаевіча Андрэева на тэму “Чытач — гэта культурны статус”. Вось фрагмент: “Зварот-пытанне “Агу, ты дзе, чытач?” не такі просты, як можа падацца. Пра якога чытача ідзе размова? Пра таго, які любіць чытво? Ці таго, хто аддае перавагу сапраўднай літаратуры? Трэба ўсё-такі культываваць адрозненне паміж літаратурай як камерцыйным прадуктам і літаратурай як феноменам культуры, калі мы хочам, каб літаратура захавалася. Многія лічаць, што дастаткова ўзяць у рукі кніжку — і ты стаў чытачом. Не, ты стаў толькі спажывальнікам кніжнай прадукцыі. Пры чым тут чытанне як такое? Чытанню трэба яшчэ навучыць спажывальніка кніжнай прадукцыі. Трэба працаваць з чытачом як з мэтавай аўдыторыяй”. Выступленне прафесара выклікала ажыўленую рэакцыю слухачоў у выглядзе шматлікіх пытанняў.

У працяг тэмы, закранутай А.М.Андрэевым, выступіла пісьменніца літаратурны аглядальнік Людміла Іванаўна Рублеўская: “Сёння так званае чытво — гэта вельмі расплывістае паняцце, бо ў кніжнай сферы сёння прысутнічаюць і наступныя развагі. Творы кшталту “Маятнік Фуко” ці “Уліс” сёння здольны прачытаць і атрымаць асалоду ад іх прачытання нямногія? Значыць, трэба даць масаваму чытачу літаратуру, якую ён лёгка адолее і пры гэтым застанецца ва ўпэўненасці, што яму “скармілі” самае разумнае, самае лепшае. Для задавальнення патрэб і амбіцый масавага чытача існуе і бурна развіваецца цэлы пласт літаратуры, адмысловы сінтэз філасофскага трактата, бульварнага чытва, дэтэктыва, містычнага рамана і г.д. Флагманы такой літаратуры — Паўла Каэлья і Рычард Бах. А адзін з апошніх прыкладаў — звычайны эратычны раман “50 адценняў шэрага”, які набыў інтэлектуальную афарбоўку. Дзякуючы намаганням крытыкаў, якія назвалі гэты раман адкрыццём таямніц псіхалогіі, мноства людзей, не самых дурных, а, наадварот, разумных і адукаваных, з задавальненнем паглынае гэтую немудрагелістую кніжку ў стылі Цінта Браса з упэўненасцю ў тым, што, паколькі шмат аўтарытэтаў у ёй нешта знайшлі, яе трэба абавязкова прачытаць”.

Галоўны бібліятэкар навукова-даследчага аддзела Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі кандыдат культуралогіі Вольга Валяр’янаўна Бандарчук прачытала даклад на тэму “Інтэрпрэтацыя паняцця “сучасны беларускі аўтар” праз прызму бібліятэчнага падыходу”. Вольга Валяр’янаўна назвала многія спрэчныя моманты, якія праявіліся падчас прапрацоўкі паняцця “сучасны беларускі аўтар”: ці лічыць сучасным аўтарам таго аўтара, чые творы, скажам, пяцідзесяцігадовай даўнасці актыўна перавыдаюцца сёння, але сам аўтар памёр; ці лічыць сучасным беларускім аўтарам таго аўтара, які піша па-руску; ці лічыць сучасным беларускім аўтарам таго аўтара, які жыве за мяжой і інш. Узважыўшы ўсе нюансы, супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі прыйшлі да наступнай фармулёўкі паняцця: “Сучасны беларускі аўтар — гэта грамадзянін Рэспублікі Беларусь ці выхадзец з Рэспублікі Беларусь з грамадзянствам іншых дзяржаў, які ажыццяўляе ці ажыццяўляў літаратурную дзейнасць на любой мове як на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, так і за яе межамі ў перыяд з 1992 года па сённяшні час”. З улікам такога падыходу было падлічана: сёння можна гаварыць пра 1015 сучасных беларускіх аўтараў.

Адным з самых адметных момантаў пленарнага пасяджэння форуму стала прэзентацыя інтэрнэт-рэсурсу “КнігаСвет”, які прадставіла начальнік упраўлення дыстанцыйных адукацыйных паслуг Нацыянальнага інстытута адукацыі Гюльнара Мансураўна Юсцінская. Яна падкрэсліла, што распрацаваны Нацыянальным інстытутам адукацыі сумесна з Выдавецкім домам “Звязда” рэсурс “КнігаСвет” нацэлены на фарміраванне інфармацыйна-адукацыйнай прасторы пры дапамозе форм і спосабаў сеткавага ўзаемадзеяння, прапаганду нацыянальнай літаратуры і кнігавыдання, павышэнне чытацкай матывацыі і стымуляванне да асобаснага і інтэлектуальнага развіцця дзяцей і моладзі.

Па словах Гюльнары Мансураўны, рэсурс на сённяшні момант працуе ў тэставым рэжыме. Кантэнт рэсурсу на пачатковым этапе складаюць наступныя раздзелы: “Літаратурны подыум”, “Арт-сустрэчы”, “Бенефіс кнігі”, “Літаратурны агляд”, “Літаратурная вітрына”, “Літаратурныя віражы”, “Літаратурныя дэбаты”, “Літаратурны дэбют”, “Літаратурныя курсы”, “Літаратурныя эксперыменты” і інш. Асабліва актуальнымі з’яўляюцца інтэрактыўныя модулі “Пішу online”, “Чытаю online”, “Абмяркоўваю online”. На галоўнай старонцы рэсурсу выразна абазначана яго мэтавая аўдыторыя: “Чытачам”, “Выдаўцам”. “Аўтарам”. Кожнай з сацыяльных груп адрасаваны канкрэтныя старонкі.

У цяперашні час распрацоўваюцца і іншыя інтэрактыўныя сэрвісы рэсурсу: форумы, інтэрнэт-гасцёўні, анлайн-канферэнцыі, конкурсы, літаратурныя фестывалі. На інтэрнэт-рэсурсе яго аўтары прапаноўваюць усім зацікаўленым размяшчаць тэкставыя, фота-, прэзентацыйныя і відэаматэрыялы. Інтэрнэт-рэсурс значна пашырае спектр магчымасцей карыстальнікаў у сферы задавальнення культурна-інфармацыйных запытаў.

Пленарнае пасяджэнне завяршылася прыемным заключным акордам — цырымоніяй узнагароджання лепшых бібліятэкараў сістэмы культуры і адукацыі спецыяльнымі дыпломамі “За пашырэнне чытацкай аўдыторыі беларускай літаратуры”, а таксама пераможцаў II этапу культурна-інфармацыйнага марафону “Культ-пра-Свет” і дыстанцыйнага праекта “Стартап-фэст “Спадчына.tut”.

Дыскусія форуму “Кніга=Свет: сучасны стан і стратэгіі развіцця нацыянальнай прасторы чытання” прадоўжылася на секцыях: “Культура чытання як педагагічная праблема”, “Сучасны літаратурны працэс: традыцыі і наватарства”, “Праблемы і перспектывы развіцця беларускага кнігавыдання. Сучасныя фарматы кніжных выданняў”. Для ўдзельнікаў форуму таксама былі праведзены адмысловыя майстар-класы “Як напісаць рэцэнзію на кнігу і чым яна адрозніваецца ад школьнага сачынення” (вядучая — галоўны рэдактар газеты “Лiтаратура i мастацтва” Ларыса Іванаўна Цімошык) і “Ад таленавітага пісьменніка да таленавітага чытача: фарміраванне чытацкай культуры ў сістэме бесперапыннай літаратурнай адукацыі” (вядучая — старшы выкладчык кафедры літаратуры Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна Марына Генадзьеўна Лобан).

Найбольш цікавыя прапановы ўдзельнікаў форуму адносна далейшага развіцця нацыянальнай прасторы чытання будуць сістэматызаваны і выкладзены ў інтэрнэце па адрасе інтэрнэт-рэсурсу “КнігаСвет”.

А тым часам…

А тым часам, пакуль рыхтаваўся гэты матэрыял, у рэдакцыю прыйшоў допіс ад адной з удзельніц форуму настаўніцы беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 2 Турава Таццяны Зямлянік. Вось што, у прыватнасці, у ім чытаем: “Вучні нашай школы прымалі ўдзел у культурна-інфармацыйным марафоне “Культ-пра-Свет” і дыстанцыйным праекце “Стартап-фэст “Спадчына.tut”. Атрымаўшы дыплом пераможцы ў намінацыі “КультІмгненне” II этапу марафону “Культ-пра-Свет”, хачу адзначыць, што такая работа, як конкурсы, фарміруе ўнутранае імкненне да прафесійнага і асобаснага росту, не дае прывыкнуць да штодзённасці, дапамагае пазнаёміцца з вопытам калег. Гэта зносіны, абмен ідэямі паміж педагогамі, арганізатарамі на якасна новым узроўні. А ўдзел педагога ў творчым конкурсе — гэта практычная рэалізацыя прынцыпу “Ад творчасці настаўніка — да творчасці вучня”.

Праграма форуму была цікавай і насычанай, хацелася пабываць адразу ўсюды. Але прыйшлося выбіраць. Як настаўнік роднай мовы і літаратуры я наведала першую секцыю “Культура чытання як педагагічная праблема”, на якой цікава і наглядна прадставіла праект факультэта пачатковай адукацыі “Ад культуры чытання — да культуры асобы” намеснік дэкана факультэта пачатковай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка Ірына Аляксандраўна Буторына, выступіла з цікавым дакладам “Выхаванне творчага чытача на ўроках літаратуры ў сучаснай школе” дацэнт кафедры рускай і замежнай літаратуры БДПУ імя Максіма Танка Ала Іванаўна Гараніна.

На жаль, абмежаванасць у часе не дазволіла прыняць удзел ва ўсіх мерапрыемствах форуму, але нават тое, што паспела пачуць і ўбачыць, запэўніла: многа неабыякавых людзей, шмат робіцца для таго, каб вярнуць чытача да кнігі, і непрынцыпова, папяровай або электроннай.

Хочацца падзякаваць арганізатарам форуму за прадастаўленую магчымасць пабываць у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, убачыць знакамітых людзей, наладзіць новыя знаёмствы з калегамі з розных куткоў Беларусі. І, безумоўна, хочацца пажадаць поспехаў і папулярнасці новаму інтэрнэт-праекту “КнігаСвет”.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.