Беларускі мужчына вачамі статыстыкі

- 10:12Інфармацыйная гадзіна

У Беларусі на 1 студзеня 2016 года налічвалася 4 420,8 тысячы мужчын — 46,5% ад агульнай колькасці насельніцтва, паведамілі ў Нацыянальным статыстычным камітэце.

Беларусь належыць да катэгорыі краін, дзе на працягу доўгага часу колькасць мужчынскага насельніцтва меншая за колькасць жаночага, падкрэслілі ў Белстаце.

Трэба адзначыць, што хлопчыкаў заўсёды нараджаецца больш, чым дзяўчынак (у 2015 годзе з’явілася на свет 61,3 тысячы хлопчыкаў і 57,7 тысячы дзяўчынак). Як вынік — на 1 000 народжаных хлопчыкаў прыпадала ўсяго 939 дзяўчынак. Па меры сталення дыспрапорцыя выраўноўваецца, і ва ўзросце 30—33 гадоў суадносіны жанчын і мужчын становяцца прыкладна аднолькавымі, а потым пачынаюць складвацца на карысць жаночага насельніцтва. У пажылым узросце назіраецца найбольшая дыспрапорцыя. Так, да 65 гадоў мужчын становіцца ў паўтара разу менш, чым жанчын, а да 74 гадоў — больш чым у два разы.

Сярэдні ўзрост мужчын у Беларусі — 37,3 года. Прычым у гарадах мужчынскае насельніцтва значна маладзейшае, чым у сельскай мясцовасці (сярэдні ўзрост гараджан — 36,2 года, вяскоўцаў — 40,9 года). У агульнай колькасці мужчын 65,3% знаходзяцца ў працаздольным узросце, 15,6% — старэйшыя за працаздольны ўзрост, 19,1% — маладзейшыя за працаздольны.

Дзякуючы рэалізацыі дзяржаўных сацыяльных праграм і палітыцы ў галіне аховы здароўя, павялічваецца чаканая працягласць жыцця як сярод жанчын, так і сярод мужчын. У 2015 годзе гэты паказчык у мужчын склаў 68,6 года, у жанчын — 78,9 года. З 2005 года разрыў у чаканай працягласці жыцця паміж мужчынамі і жанчынамі скараціўся з 12,2 да 10,3 года.

Мужчыны аддаюць перавагу ствараць сем’і ва ўзросце 25—29 гадоў (кожны трэці мужчына, які ўзяў шлюб) і 20—24 гадоў (кожны чацвёрты). У мінулым годзе з агульнай колькасці жаніхоў 1263 беларусы выбралі нявесту з Расіі, 711 — з Украіны, 33 — з Літвы, 20 — з Латвіі, 12 — з Ізраіля.

Сусветны дзень мужчын адзначаецца сёння, у першую суботу лістапада, з 2000 года. Гэтае свята — нагода прыцягнуць увагу грамадскасці да важнасці захавання здароўя мужчын, а таксама да гендарнай роўнасці пры вызначэнні важнасці ролі мужчын у сям’і і выхаванні дзяцей.