Лячэнне ці пакаранне?

- 11:36Рознае, Сацыяльны ракурс
Шэраг задач, якія стаяць перад сістэмай адукацыі, вырашыць толькі сіламі педагогаў немагчыма. Скажам, выкананне Дэкрэта № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей, якія знаходзяцца ў нядобранадзейных сем’ях” немагчыма без удзелу органаў унутраных спраў, працы і сацыяльнай абароны, аховы здароўя. Зрэшты, у многім менавіта ад таго, ці наладжана ўзаемадзеянне паміж рознымі структурамі, залежыць поспех у вырашэнні задач у гэтай сферы. Між тым не заўсёды бакі разумеюць адно аднаго. На якую ж дапамогу з боку органаў унутраных спраў могуць разлічваць педагогі ў рабоце з нядобранадзейнымі сем’ямі? Як будуецца работа з найбольш складанай групай — абавязанымі асобамі? Якія меры ўздзеяння набольш эфектыўныя ў рабоце з такой катэгорыяй?
Пра ўсё гэта сёння, у Дзень міліцыі, наша размова з Віталем Алегавічам ЯНЧЫНЫМ, начальнікам аддзела арганізацыі работы інспекцыі па справах непаўналетніх упраўлення прафілактыкі Міністэрства ўнутраных спраў.

— Віталь Алегавіч, нагадайце, якія задачы ўскладзены на органы аховы правапарадку ў выкананні дэкрэта № 18?
— Гэтыя задачы прапісаны непасрэдна ў тэксце дакумента. У асноўным гэта пэўныя працэдурныя моманты ў адносінах да абавязаных асоб. Так, абавязаныя непрацуючыя асобы з часу адабрання дзіцяці бяруцца на ўлік у органах унутраных спраў. Гэтая мера неабходна для далейшага прафілактычнага назірання. Акрамя таго, такія асобы ў абавязковым парадку павінны прайсці дзяржаўную дактыласкапічную рэгістрацыю. Пры неабходнасці яны забяспечваюцца дакументамі, якія пацвярджаюць асобу. Пошукам абавязаных асоб таксама займаюцца органы ўнутраных спраў.
Акрамя таго, у выпадку, калі абавязаная асоба ва ўстаноўлены тэрмін не з’явілася ў дзяржаўную арганізацыю аховы здароўя і не прайшла медыцынскі агляд, задача супрацоўнікаў органаў унутраных спраў не пазней чым праз чатыры дні з дня атрымання копіі рашэння аб адабранні дзіцяці ці паведамлення спагнальніка ўносіць афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці проціпраўных дзеянняў. Калі гэтая мера не мае эфекту, то забяспечваюць яўку абавязанай асобы ў адпаведную арганізацыю аховы здароўя, а таксама суправаджэнне пры праходжанні медыцынскага агляду.
Такі ж парадак прадугледжаны і ў выпадку няяўкі непрацуючых працаздольных абавязаных асоб у органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне і ў арганізацыі для працаўладкавання: спачатку — афіцыйнае папярэджанне, потым — забеспячэнне яўкі. Пры гэтым кантроль за штодзённай яўкай абавязаных асоб на работу ажыццяўляецца наймальнікамі ва ўзаемадзеянні з органымі ўнутраных спраў і органамі па працы.

— А колькі ў цэлым на сёння зарэгістравана абавязаных асоб?
— Па стане на 1 студзеня бягучага года ўсяго ў краіне налічвалася каля 25 тысяч абавязаных асоб. З іх на ўліку органаў унутраных спраў — каля 12,4 тысячы чалавек. Дарэчы, у параўнанні са статыстыкай 2012 года колькасць такіх “уліковых” абавязаных асоб крыху знізілася: было каля 13,1 тысячы чалавек.

— Ці значыць гэта, што абавязаныя асобы сёння больш ахвотна працаўладкоўваюцца? Як вырашаецца пытанне нежадання абавязаных асоб працаваць (у мінулыя гады гэта было істотнай праблемай)?
— Калі гаварыць аб праблеме нежадання абавязаных асоб працаваць, неабходна перш за ўсё памятаць пра іх сацыяльны статус. У большасці сваёй гэта людзі, якія злоўжываюць спіртнымі напіткамі, што, безумоўна, ускладняе іх працаўладкаванне. Але пры гэтым, дзякуючы сумесным намаганням зацікаўленых дзяржорганаў, на сёння 99,1% ад агульнай колькасці такіх грамадзян, якія стаяць на ўліку ў органах унутраных спраў, працаўладкаваны.
Аднак праблема ў тым, што нават пасля таго, як месца працы для абавязанай асобы знойдзена, працэдура працаўладкавання пройдзена, многія ўсё роўна ўхіляюцца ад работы. На сёння такіх амаль 2 тысячы, ці 15,9 % ад уліковых грамадзян. У 2007 годзе гэтая лічба складала 18,6 %, а найбольш складанымі ў гэтым плане былі 2010 (24,8 %) і 2011 (22,2 %) гады.
Супрацоўнікамі органаў унутраных спраў у мінулым годзе на прадпрыемствы было дастаўлена больш за 2,5 тысячы абавязаных асоб, якія пасля накіравання органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне не прыбылі для працаўладкавання на прадпрыемства. Але варта прызнаць, што прымусовая дастаўка да месца работы, у органы па працы і занятасці абавязаных асоб, мякка кажучы, не заўсёды эфектыўныя, бо ніякай адказнасці яны за гэта не нясуць.

— Наколькі я памятаю, Міністэрства ўнутраных спраў ініцыіравала ўзмацненне адказнасці за гэта яшчэ ў 2011 годзе…
— Так, для вырашэння гэтай праблемы МУС ініцыіравана ўнясенне дапаўненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністратыўных правапарушэннях у частцы прыцягнення працаздольных абавязаных асоб за здзяйсненне прагулаў да адказнасці ў выглядзе адміністратыўнага арышту з абавязковым прыцягненнем да працы. Пакуль гэта яшчэ толькі ініцыятыва, якую плануецца разгледзець на вясенней сесіі парламента ў першым чытанні. Зараз жа гэтая мера прымяняецца толькі да тых асоб, якія ўхіляюцца ад працаўладкавання.

— І наколькі часта даводзіцца прымяняць такую меру?
— За мінулы год да такога віду адміністратыўнай адказнасці прыцягнуты 693 абавязаныя асобы, у папярэдні год — амаль столькі ж (711 чалавек). У цэлым адміністратыўны арышт — даволі эфектыўная мера, бо гэта не толькі пакаранне: яна дазваляе прыцягнуць абавязаных бацькоў да працы.

— А як наконт іншай, больш суровай меры адказнасці — крымінальнай — у адносінах да гэтай катэгорыі?
— Прымяненне такой меры ў адносінах да абавязаных асоб таксама магчыма. Так, у адпаведнасці з дэкрэтам, ухіленне абавязанай асобы ад яўкі на работу на працягу дзесяці і больш працоўных дзён на працягу трох месяцаў ці ўтойванне, заніжэнне абавязанай асобай памеру заробку ці ўхіленне ад працаўладкавання па судовай пастанове (што цягне за сабой невыкананне ці няпоўнае выкананне штомесячных абавязкаў па кампенсаванні сродкаў на ўтрыманне дзяцей) з’яўляецца падставай для прыцягнення да адказнасці ў адпаведнасці з часткай другой артыкула 174 Крымінальнага кодэкса (іншымі словамі, — пазбаўлення волі). Акрамя таго, да крымінальнай адказнасці па частцы 3 гэтага ж артыкула прыцягваюцца асобы, якія раней былі асуджаны па такім артыкуле і ўхіляюцца ад вяртання сродкаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні.
Калі звярнуцца да статыстыкі, то за мінулы год да гэтага віду адказнасці былі прыцягнуты 2043 абавязаныя асобы, у 2012 годзе — 1669 чалавек. Аднак пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі назначаецца судом усё ж у выключных выпадках, бо, трэба прызнаць, такая мера пакарання не вельмі эфектыўная ў плане кампенсавання сродкаў.

— Дарэчы, якая сёння статыстыка па вяртанні абавязанымі асобамі сродкаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне адабраных дзяцей?
— Па выніках мінулага года абавязанымі асобамі вернута 64,9% сродкаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей. У 2012 годзе гэтая лічба была крыху меншай — 63,1%. А на пачатак работы дэкрэта наогул складала менш за 40%.

— Крыху раней вы заўважылі, што большая частка абавязаных асоб злоўжывае алкаголем. Часам яны накіроўваюцца ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі. Наколькі эфектыўная гэтая мера і ў якіх канкрэтных выпадках можа быць выкарыстана?
— У адпаведнасці з пунктам 17 дэкрэта, абавязаныя асобы, якія сістэматычна парушаюць працоўную дысцыпліну з-за злоўжывання алкаголем ці з-за злоўжывання наркатычных, псіхатропных сродкаў, могуць накіроўваюцца ў лячэбна-працоўныя ўстановы. У адносінах да гэтай катэгорыі зацікаўленыя (напрыклад, работадаўца, органы адукацыі) інфармуюць органы ўнутраных спраў, якія могуць прыняць адпаведнае рашэнне.
У мінулым годзе ў такія ўстановы было накіравана 1365 асоб, годам раней — 1313. Пры гэтым з іх больш за тысячу — жанчыны.

— Гэта яшчэ раз пацвярджае, што праблемы сацыяльнага сіроцтва цесна звязаны з праблемай алкагалізацыі насельніцтва.
— Так, праблемы сапраўды ўзаемазвязаны. Пры гэтым у апошні час асаблівую трывогу выклікае распаўсюджванне п’янства, наркаманіі і таксікаманіі сярод падлеткаў. А гэта ж будучыя бацькі.
На жаль, прыходзіцца канстатаваць, што наяўныя магчымасці дзяржаўных органаў па аказанні прафілактычнага ўздзеяння і медыцынскай дапамогі гэтай катэгорыі непаўналетніх жаданага выніку не даюць. Асаблівую трывогу выклікае той факт, што ўсё часцей ужыванне непаўналетнімі наркатычных, таксікаманічных рэчываў або алкагольных напіткаў прыводзіць да смяротнага выніку. Гэта бяда, дарэчы, не толькі моладзі, але і дарослых людзей. Напрыклад, толькі ў Мінску ў мінулым годзе ад перадазіроўкі наркатычных сумесей (“міксаў”) памерла каля 50 чалавек.
Аднак у цяперашні час прыняць неабходныя адэкватныя меры да непаўналетніх, якія ўжываюць наркатычныя, таксікаманічныя рэчывы або алкагольныя, слабаалкагольныя напіткі або піва, аж да іх прымусовага лячэння немагчыма.

— Якія меры прымаюцца і прапаноўваюцца для вырашэння гэтай праблемы? Наколькі яны эфектыўныя?
— Найперш хацелася б нагадаць, што для стварэння эфектыўнай сістэмы ўзаемадзеяння органаў унутраных спраў, адукацыі і аховы здароўя па процідзеянні распаўсюджванню наркатычных сродкаў сярод навучэнцаў у красавіку мінулага года быў распрацаваны парадак сумесных дзеянняў тэрытарыяльных падраздзяленняў такіх ведамстваў. Як пажаданне ўсім без выключэння ўстановам адукацыі хацелася б выказаць наступнае: у поўным аб’ёме выконваць паказаны механізм узаемадзеяння, у тым ліку інфармаваць органы ўнутраных спраў аб усіх фактах проціпраўных паводзін падлеткаў. Трэба помніць: адчуваючы беспакаранасць, падлетак можа здзейсніць больш цяжкае правапарушэнне.
Акрамя таго, сёння Міністэрствам унутраных спраў падрыхтаваны шэраг прапаноў па змяненні заканадаўства. Так, падрыхтаваны праект Закона “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях папярэджання п’янства, безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх”. Гэтым законапраектам прапануецца дапоўніць Закон Рэспублікі Беларусь “Аб правах дзіцяці” нормай, якая забараняе дзецям, якія не дасягнулі ўзросту васямнаццацi гадоў, ужываць алкагольныя, слабаалкагольныя напіткі або піва. Пры гэтым прапануецца ўвядзенне адказнасці бацькоў за ўжыванне іх дзецьмі такіх напіткаў.
Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях прапаноўваецца дапоўніць нормай, якая прадугледжвае пазбаўленне індывідуальнага прадпрымальніка або юрыдычнай асобы права займацца гандлем алкаголем пры ўстанаўленні паўторнага факта яго продажу дзецям. Гэтая мера павінна працаваць на ўзмацненне кантролю за рэалізацыяй спіртнога непаўналетнім. На жаль, на сёння такая праблема мае месца: факт продажу непаўналетнім алкагольных, слабаалкагольных напіткаў ці піва не з’яўляецца грубым парушэннем правіл гандлю і, адпаведна, не цягне за сабой пазбаўленне ліцэнзіі на продаж спіртнога. Напрыклад, у Расіі за такое паўторнае правапарушэнне прадугледжана крымінальная адказнасць.
У Закон Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўным рэгуляванні вытворчасці і абароту алкагольнай, нехарчовай спіртаўтрымальнай прадукцыі і нехарчовага этылавага спірту” прапаноўваецца ўнесці абмежаванні, якія б прадугледжвалі забарону на рознічны гандаль алкагольнымі напіткамі на аўтазаправачных станцыях, а на іншых аб’ектах гандлю з панядзелка па суботу з 12.00 да 14.00 і з 21.00 да 9.00 гадзін, калі яны не маюць адасобленай гандлёвай залы для продажу алкагольных напіткаў. Таксама прапаноўваецца павялічыць мінімальны ўзрост продажу спіртнога з 18 гадоў да 21 года. Па даных Міністэрства аховы здароўя наяўная ў цяперашні момант у моладзі Беларусі ва ўзросце ад 18 гадоў магчымасць набываць алкагольныя напіткі прыводзіць да больш чым 25-кратнага росту колькасці асоб ад 18 да 21 года, якія знаходзяцца пад наглядам нарколагаў, у параўнанні з колькасцю такіх асоб ва ўзросце да 18 гадоў.
Названыя заканадаўчыя ініцыятывы будуць разгледжаны на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь ужо ў красавіку 2014 года.

 

Гутарыла Алена МАРКЕВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.