Беларусь — Вялікабрытанія — масты сяброўства і супрацоўніцтва

- 10:48Актуально, Апошнія запісы

У Міністэрстве адукацыі прайшла сустрэча Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Рэспубліцы Беларусь Фіёны Гіб з першым намеснікам міністра адукацыі Вадзімам Анатольевічам Богушам. У ходзе мерапрыемства абмяркоўваліся перспектывы двухбаковага супрацоўніцтва ў сферы адукацыі.

Супрацоўніцтва ў сферы адукацыі з Вялікабрытаніяй ажыццяўляецца ў мэтах выканання міжурадавага пагаднення аб супрацоўніцтве са Злучаным Каралеўствам Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў галіне адукацыі, навукі і культуры ад 25 ліпеня 1995 года, а таксама ў рамках прамога міжуніверсітэцкага ўзаемадзеяння.

“Міністэрства адукацыі ажыццяўляе шырокі спектр міжнароднага супрацоўніцтва, — гаворыць Вадзім Анатольевіч Богуш. — У першую чаргу шматвектарная работа вядзецца на ўзроўні ўстаноў вышэйшай адукацыі. Сумесныя праекты ў навуковай сферы рэалізоўваюцца з краінамі еўрапейскага кантынента. Мы вельмі шчыльна працуем з нашымі партнёрамі ў Расійскай Федэрацыі, супрацоўнічаем з прадстаўнікамі афрыканскага кантынента, Лацінскай Амерыкі. Што тычыцца ўзаемадзеяння з Вялікабрытаніяй, то мы зацікаўлены ў пашырэнні кантактаў і ў падпісанні кантрактаў з брытанскімі ўніверсітэтамі, перш за ўсё па пытаннях падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў. Мы імкнёмся супрацоўнічаць у кірунку інвестыцыйнай дзейнасці, звязанай з прыцягненнем высокіх тэхналогій з Вялікабрытаніі. У нас вельмі вялікае кола пытанняў, па якіх мы гатовы наладжваць кантакты з вашай краінай, абмяркоўваць іх падчас удзелу ў сумесных канферэнцыях і семінарах, падчас рэалізацыі міжнародных навуковых і адукацыйных праектаў. Раз у два гады ў Беларусі праводзіцца адкрыты нацыянальны чэмпіянат WorldSkills. У мінулым годзе на ім прысутнічалі прадстаўнікі 7 краін. Запрашаем і прадстаўнікоў Вялікабрытаніі наведаць наш чэмпіянат у наступным годзе”.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Рэспубліцы Беларусь Фіёна Гіб перадала міністру адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігару Васільевічу Карпенку запрашэнне на 15-ы Сусветны форум адукацыі, які пройдзе 21—24 студзеня 2018 года ў Лондане. Гэты форум з’яўляецца традыцыйным (штогадовым) мерапрыемствам міжнароднага ўзроўню, на якім абмяркоўваюцца перадавыя практыкі і запыты ў галіне адукацыі.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Беларусі Фіёна Гіб зацікаўлена ва ўзнаўленні дзейнасці ў Беларусі прадстаўніцтва Брытанскага савета. Гэтая арганізацыя была створана ў 1935 годзе і працуе сёння амаль у 130 краінах свету. Брытанскі савет развівае супрацоўніцтва ў галіне адукацыі, культуры і мастацтва паміж Вялікабрытаніяй і іншымі краінамі.

Напрыканцы кастрычніка плануецца візіт прадстаўнікоў Брытанскага савета ў Беларусь. Прапановы аб супрацоўніцтве, якія паступяць з боку замежных спецыялістаў, будуць узгадняцца з усімі зацікаўленымі бакамі ў Беларусі — прадстаўнікамі МДЛУ, РІВШ, МГІРА.

“Спадзяюся, што ў нас будзе наладжаны добры інфармацыйны абмен з вашай краінай, што мы будзем ведаць аб ініцыятывах, якія ёсць у Брытаніі, а таксама зможам данесці інфармацыю аб Беларусі да патэнцыяльных брытанскіх інвестараў”, — падкрэсліў В.А.Богуш.

Такім чынам, сёння Міністэрства адукацыі нашай краіны зацікаўлена ў рэалізацыі наступных напрамкаў узаемадзеяння з Вялікабрытаніяй: у развіцці прамых кантактаў паміж арганізацыямі і ўстановамі вышэйшай адукацыі абедзвюх дзяржаў; выкананні сумесных праграм і праектаў у сферы вышэйшай адукацыі ў рамках міжнародных праграм і праектаў, у тым ліку ў галіне інфарматызацыі адукацыі; ва ўдзеле спецыялістаў абедзвюх краін у міжнародных адукацыйных мерапрыемствах, якія праводзяцца абодвума бакамі, а таксама ў праграмах культурнага, навуковага абменаў (у рамках арганізацыі міжнародных летніх школ, школьных лагераў і ажыццяўленні лагерных змен); у павелічэнні колькасці запрошаных педагагічных і навуковых работнікаў для чытання курсаў лекцый на англійскай мове (згодна з праграмай “Запрошаны прафесар”); у развіцці адукацыйных праграм рознага ўзроўню, якія дазваляюць выдаваць два (тры) дыпломы сумесна з універсітэтамі Вялікабрытаніі; у пашырэнні практыкі ўстаноў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь па прадастаўленні паслуг адукацыі на англійскай мове.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.