18 гадоў споўнілася Смаргонскаму СПЦ

- 15:18Нам пішуць

Сімвал Смаргонскага СПЦ — пелікан. Лічыцца, што бацькоўская любоў гэтай птушкі настолькі вялікая, што можа вярнуць да жыцця яе птушанят.

Сацыяльна-педагагічны цэнтр з’яўляецца комплекснай шматфункцыянальнай установай па аказанні разнапланавай дапамогі сям’і і дзецям. За гэтыя гады сотні дзяцей прайшлі праз дзіцячы сацыяльны прытулак нашай установы, тысячам бацькоў і малых аказана сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная дапамога, праведзены тысячы групавых і індывідуальных карэкцыйна-развіццёвых заняткаў, падрыхтаваны дзясяткі прыёмных бацькоў, аказана метадычная дапамога тысячам педагогаў.

Станаўленне сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай работы ў Смаргонскім раёне пачыналася з псіхолага і сацыяльнага педагога ва ўпраўленні адукацыі як каардынатараў дзейнасці спецыялістаў такога профілю ва ўстановах адукацыі, а ў 1997 годзе адкрыўся дыягностыка-рэабілітацыйны цэнтр, арыентаваны на вырашэнне праблем дзяцей, якія маюць адхіленні ў развіцці. Рашэннем Смаргонскага райвыканкама ад 3 снежня 1999 года № 1082 функцыі дыягностыка-рэабілітацыйнага цэнтра і сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы ўпраўлення адукацыі былі перададзены сацыяльна-педагагічнаму цэнтру. З 3 студзеня 2000 года наш цэнтр пачаў работу, 16 мая гэтага ж года адкрыўся дзіцячы сацыяльны прытулак. Гэта былі цяжкія месяцы станаўлення нашай арганізацыі: першыя выхаванцы, першыя цяжкасці, але і першыя дасягненні.

Аб сённяшняй рабоце Смаргонскага СПЦ складана гаварыць, не ўспомніўшы, як усё пачыналася, і дырэктараў, якія ўзначальвалі нашу ўстанову. Першым дырэктарам была прызначана Надзея Аляксандраўна Карасёва, якая змагла сабраць калектыў аднадумцаў і стварыць аптымальныя ўмовы для творчай, ініцыятыўнай і стваральнай працы. Гэтымі ідэямі было прасякнута кіраўніцтва Таццяны Аляксандраўны Еўдакімавай і Іны Васільеўны Савіцкай, якія ўнеслі важкі ўклад у развіццё сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай работы ў нашым раёне.

І ў цяперашні час кожны работнік Смаргонскага СПЦ упэўнены ў сваім адзінстве з цэнтрам, у значнасці кожнага з нас, у важнай ролі кожнага, неабходнасці выканання работы з высокай якасцю. Сямейныя каштоўнасці падзяляюць усе члены нашага калектыву, мы працуем адзінай камандай, і кожны ўпэўнены, што сям’я — гэта самае лепшае месца для дзіцяці, а непаўналетнія, якія трапляюць у сацыяльны прытулак, набываюць у супрацоўніках блізкіх людзей, да якіх можна звярнуцца з любой праблемай. Мы робім усё, каб дзеці Смаргонскага раёна былі шчаслівыя!

Ларыса ТАТАРЫНАВА,
дырэктар Смаргонскага СПЦ.