Гомельскі гарадскі этап рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі” сабраў 27 маладзёжных праектаў. Сярод іх — інтэрактыўныя адукацыйныя, экапосуд, “электрычны посуд”, рабатызацыя фермерскіх гаспадарак, мабільны дадатак Help Animal, сэрвіс па дастаўцы медпрэпаратаў і арганізацыі лекцый па аздараўленні Be Healthy.
Па словах другога сакратара гаркама БРСМ Валерыі Мілаванавай, сёлета прапанавана шмат цікавых ідэй. Інтарэс выклікалі прылады маніторынгу сейсмаактыўнасці, лекі ад падагры, апарат для продажу медпрэпаратаў без рэцэпта і іншыя.
Напрыклад, Настасся Няўдашанка, выпускніца Гомельскага дзяржаўнага мастацкага каледжа, прадставіла на конкурс свой дыпломны вучэбна-забаўляльны праект “Словаход”. Дзяўчына з дапамогай мабільнай гульні прапануе папулярызаваць беларускую мову. Атрымаўся мабільны дадатак, які дапаможа вывучаць мову і дарослым, і дзецям. Цікавасць выклікаў макет шматпакаёвага жылога дома, які абсталяваны тэхналогіяй Smart Home на аснове мікрапрацэсарнай платы Arduino Mega. Аўтар — дзесяцікласнік сярэдняй школы № 21 Данііл Барэшка, які заўзята займаецца робататэхнікай і электронікай.
Пераможцаў у кожнай секцыі вызначалі эксперты, сярод якіх былі і лідары конкурсу мінулых гадоў Арцём Базараў і Аляксей Зайцаў. Па выніках адабраны 18 праектаў, якія прадставяць Гомель на абласным этапе конкурсу.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота Ганны ПАШЧАНКА.