Прэс-тур Міншчына

За 2015 і 2016 гады больш за 70 аўтарскіх артыкулаў педагогаў Мінскай вобласці выйшлі ў штомесячным дадатку “Адукацыйная прастора” “Настаўніцкай газеты”. Прыемна, што за гэты год чытач убачыў каля 300 матэрыялаў аб настаўніках і мерапрыемствах адукацыі Мінскай вобласці. Гэта сведчыць аб тым, што сістэма адукацыі рэгіёна ўдасканальваецца, нашы падзеі цікавыя, а дасягненні педагогаў і навучэнцаў натхняюць.

Найбольш актыўным і прадукцыйным наша супрацоўніцтва стала дзякуючы праекту, які рэалізоўваецца з 2011 года, — “Творчае супрацоўніцтва і ўзаемадапамога ў сферы адукацыі і інфармацыйных тэхналогій”. Таксама варта адзначыць падтрымку карэспандэнцкага пункта “Настаўніцкай газеты” ў Мінскай вобласці, які з’явіўся ў 2014 годзе. У гэтым жа годзе ў Жодзіне ў рамках інфармацыйна-рэкламнай акцыі “Будзем разам!” “Настаўніцкая газета” падарыла педагогам вобласці вялікі канцэрт з удзелам выканаўцаў з устаноў адукацыі Міншчыны, выхаванцаў творчага праекта “Настаўніцкай газеты” конкурсу юных вакалістаў “Звонкая раніца” і зорак беларускай эстрады.

Праект і карэспандэнцкі пункт — добрая падтрымка для канструктыўнага супрацоўніцтва педагагічнай прэсы і рэгіянальных сістэм адукацыі Мінскай вобласці і ўсёй рэспублікі. Праз артыкулы і інтэрв’ю педагогі і выхаванцы адчуваюць сваё дачыненне да развіцця адукацыі, важнасць сваіх дасягненняў для Беларусі. Акрамя таго, дзякуючы вядучаму педагагічнаму выданню, многія настаўнікі могуць рэалізаваць сябе як кампетэнтныя аўтары і натхніць калег сваімі ідэямі і знаходкамі.

Я рада, што наша сумесная праца прыносіць плён. Лічу, што неабходна, каб наша супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне развівалася. Таму мы вітаем новыя формы работы. Такой новай формай для Міншчыны стаў прэс-тур, у рамках якога журналісты змаглі наведаць дзесяць устаноў адукацыі некалькіх рэгіёнаў. Круглыя сталы, якія праходзяць у рамках тура ў выглядзе шчырай партнёрскай размовы галоўнага рэдактара “Настаўніцкай газеты” Вадзіма Кнышава і карэспандэнтаў газеты з педагогамі вобласці, дапамагаюць абмеркаваць хвалюючыя абодва бакі пытанні і прыняць разумнае рашэнне аб далейшых дзеяннях. Спадзяюся, што наша супрацоўніцтва будзе і далей прадукцыйным і цікавым!

Галіна КАЗАК,
начальнік упраўлення адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА

і Уладзіміра ФАЛАЛЕЕВА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *