Беларусь прымае падлеткаў з прэфектуры Фукусіма

- 15:19Актуально
З 29 ліпеня па 9 жніўня Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня” прымае дэлегацыю дзяцей японскай прэфектуры Фукусіма, якая набыла сусветную вядомасць пасля аварыі на аднайменнай атамнай станцыі. Ужо другі раз юныя японцы прыбылі ў Беларусь па запрашэнні прэзідэнта.

Першы візіт гасцей з Японіі адбыўся ў мінулым годзе. Тады дзіцячы цэнтр “Зубраня” настолькі ўразіў падлеткаў і педагогаў з Краіны ўзыходзячага сонца, што сёлета яны самі напісалі ў Беларусь ліст з просьбай прыехаць яшчэ раз.
“У першы раз мы прымалі ў “Зубраняці” 14 чалавек, — расказвае намеснік дырэктара цэнтра па вучэбна-метадычнай рабоце Таццяна Аркадзьеўна Чыжык. — Сёння іх 25. Гэта дзеці ва ўзросце ад 11 да 16 гадоў, педагогі і медыкі.
Наколькі нам вядома, японскі бок плануе стварэнне на сваёй тэрыторыі цэнтра, аналагічнага “Зубраняці”, а таму сёлетні візіт мае на ўвазе не толькі адпачынак і аздараўленне, але і перайманне вопыту.
Японскія медыкі ўжо наведалі Рэспубліканскі цэнтр медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння, дзе сустрэліся з намеснікам галоўнага ўрача Ірынай Маркаўнай Хмарай, а юныя члены дэлегацыі прайшлі поўнае абследаванне. Таксама ў праграму візіту ўвайшоў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі, дзе госці пазнаёміліся з работай беларускіх калег. У далейшым японскія медыкі будуць працаваць у Беларусі па спецыяльнай праграме”.
Для юных японцаў самым цікавым у Мінску аказалася знаёмства з горадам, наведванне Нацыянальнай бібліятэкі, Нацыянальнага мастацкага музея, дэльфінарыя.
Ужо некалькі дзён яны знаходзяцца ў “Зубраняці”, дзе жывуць у корпусе разам з беларускімі равеснікамі. За гэты час дзеці не толькі пазнаёміліся з самім цэнтрам, але і акунуліся ў атмасферу нашай нацыянальнай культуры. Яны з цікавасцю наведалі беларускі хутар і нават прынялі ўдзел у майстар-класе па вырабе беларускіх нацыянальных цацак.
“Праграма адпачынку ўключае ў сябе аздараўленчыя мерапрыемствы, — адзначае Таццяна Аркадзьеўна. — Такія, як водаратэрапія, механатэрапія, механамасаж, наведванне басейна, саўны, спартыўных пляцовак і інш. Таксама дзеці змогуць пакатацца на лодках, катамаранах, веласіпедах, скейтах, роліках і нават на квадрацыклах.
Японскія падлеткі прымуць удзел ва ўсіх забаўляльных мерапрыемствах, якія пройдуць у “Зубраняці”: атрадных кастрах, конкурсах і шоу-праграмах, дыскатэках. Акрамя таго, для старшакласнікаў будзе арганізаваны круглы стол, прысвечаны тэме наступстваў аварый на атамных станцыях Беларусі і Японіі. А 6 жніўня ўсіх чакае вечар беларуска-японскага сяброўства”.

Наталля АЛЁХІНА.