Зімовая казка

- 11:07Нам пішуць

Дзяцінства — асаблівая пара ў жыцці чалавека, калі адбываецца актыўнае развіццё асобы. Дзяцінства павінна быць часам святла і здароўя, духоўна-маральнага, інтэлектуальнага станаўлення і росту. Штогод на канікулах пры Кручанскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе працуе аздараўленчы лагер. Мінулыя зімовыя канікулы не сталі выключэннем, і для 30 навучэнцаў быў адкрыты аздараўленчы лагер Зімовая казка.

Каб умацаваць здароўе, дзеці шмат часу праводзілі на свежым паветры, гулялі ў рухавыя гульні. Вучні малодшых класаў вучыліся футболу, піянерболу і бадмінтону. Падчас змены прайшлі гульня-спаборніцтва “Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго”, гульня-падарожжа “Зімовая карусель”. Гігіенічным выхаваннем дзяцей і прапагандай здаровага ладу жыцця займаўся медыцынскі персанал і педагагічны калектыў: праводзіліся гутаркі “Здаровыя і шкодныя звычкі”, “Калі хочаш быць здаровым…”, віктарына “Сакрэты здароўя”. Падчас гульні-віктарыны “Асновы бяспекі жыццядзейнасці чалавека ў небяспечных і надзвычайных сітуацыях” дзеці паўтарылі асноўныя правілы паводзін у прыродзе, на вуліцы і дома, прынялі ўдзел у конкурсе малюнкаў на супрацьпажарную тэматыку. У лагеры таксама прайшло свята “Давайце жыць дружна”.

Такім чынам, школьнікі правялі час у лагеры з карысцю для сябе і свайго здароўя. Падчас закрыцця змены за актыўны ўдзел у конкурсах і мерапрыемствах дзеці былі ўзнагароджаны граматамі і атрымалі салодкія прызы і падарункі.

Таццяна АНТАНЮК,
настаўніца пачатковых класаў
Кручанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Круглянскага раёна.