Зімовыя святы: цуды сваімі рукамі

- 14:50Нам пішуць

У сярэдняй школе № 7 Смаргоні стала традыцыйнай сумесная праца работнікаў школы, вучняў і іх бацькоў па ўпрыгожванні школы да сустрэчы Новага года і Каляд. 2019 год чакалі з новымі творчымі ідэямі і знаходкамі.

 

Майстэрні па вырабе навагодніх упрыгожванняў працавалі ў кожным класе, свята завітала ў кожны кабінет.

Малодшыя школьнікі аформілі выстаўкі навагодніх паштовак і цацак. Старэйшым ужо па сілах стварэнне арыгінальных навагодніх вянкоў, падвесак, кампазіцый з малымі скульптурнымі формамі.

Самаробныя шары з нітак, сняжынкі, вывязаныя ўмелымі рукамі, пашытыя панчохі, вывешаныя гірляндамі ля амаль сапраўдных камінаў, ствараюць атмасферу цеплыні і ўтульнасці.

Сямейнае яднанне ў час працы спрыяла стварэнню буйных кампазіцый. У асобных кабінетах з’явіліся сапраўдныя казаныя куточкі. Тут і дзед Мароз са Снягуркай, шпаркія алені, снегавікі, краснагрудыя снегіры і вясёлыя парасяткі.

Карункі марозных узораў на шыбах натхняюць на стварэнне рукатворных цудаў на вокнах. Фарбы і папера, свет і колер… Кожны мог знайсці свае сродкі для творчай працы.

Развітваючыся з 2018 годам, згадалі, што гэты год вучыў нас шанаваць і любіць родны край. Вучні 4 “А” і 3 “В” класаў з дапамогай бацькоў упрыгожылі вокны выцінанкамі з выявамі адметных будынкаў сталіцы.

Вучні адзінаццатага класа вуліцы свайго самаробнага горада аздобілі святочнай ілюмінацыяй.

Школа сустрэла зімовыя святы ва ўборы, створаным рукамі яе дарослых і маленькіх гаспадароў. Дзіцячыя вочы свецяцца радасцю і захапленнем. Вельмі добра ў гэты час чакаць цудаў, а яшчэ лепш ствараць іх сваімі рукамі. Быць чараўніком так проста!

Наталля САЗОНАВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 7 Смаргоні.