Выйшла ў свет некалькі вельмі цікавых выданняў, падрыхтаваных у Рэспубліканскім інстытуце кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ. Напрыклад, першы ў гісторыі “Кітайска-беларускі слоўнік. Беларуска-кітайскі слоўнік”, які, безумоўна, ацэняць лінгвісты, перакладчыкі, культуролагі абедзвюх краін. Або вучэбны дапаможнік па беларускай мове для кітайскіх студэнтаў. Сёння ва ўніверсітэтах і навуковых установах Кітая дзейнічае 14 цэнтраў па вывучэнні Беларусі, беларускай культуры і мовы. Прапанаваны дапаможнік стане добрай падмогай для моладзі, якая цікавіцца нашай мовай і нашай краінай.
Асаблівая місія — быць першымі
Анатолій ТОЗІК: “Стаіць задача не толькі выкладаць кітайскую мову і знаёміць нашых грамадзян з кітайскай культурай, а і вывучаць сучасны Кітай, вызначаць перспектыўныя напрамкі двухбаковага супрацоўніцтва”.
— Выданне “Кітайска-беларускага слоўніка. Беларуска-кітайскага слоўніка” — гэта з’ява ў лінгвістыцы і ў пэўнай ступені ў палітыцы, — гаворыць дырэктар Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былы пасол нашай краіны ў Кітаі, прафесар Анатолій Афанасьевіч Тозік. — У будучым годзе мы будзем адзначаць 30-годдзе ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Кітаем. Так, у нас дзве дзяржаўныя мовы, але ж першай у Канстытуцыі запісана беларуская — мова тытульнай нацыі. Наш слоўнік адрасаваны тым, хто вывучае кітайскую мову ў Беларусі і беларускую мову ў Кітаі.
У склад аўтарскага калектыву ўвайшлі прадстаўнікі Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, у тым ліку спецыялісты з Кітая, а таксама супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі. Ініцыятарам і навуковым кіраўніком праекта выступіў дырэктар РІКК Анатолій Тозік. Менавіта ён сабраў усе рэсурсы, спецыялістаў у адным месцы і захапіў гэтай ідэяй. Работа над слоўнікам вялася на працягу двух гадоў.
— Важна, што над слоўнікам шчыравалі не толькі беларускія, але і кітайскія лінгвісты, — расказвае Анатолій Афанасьевіч. — Выданне аб’ёмам 872 старонкі ўключае больш за 18 тысяч слоў. Акрамя таго, аўтарскім калектывам упершыню распрацавана і змешчана ў выданні табліца “Склады піньінь і іх беларуская транскрыпцыя”. Яна дапаможа сфарміраваць агульны падыход пры перакладзе кітайскіх мастацкіх твораў і навуковых прац на беларускую мову.
Піньінь (запіс гукаў кітайскай мовы) выкарыстоўваецца ва ўсім свеце для транскрыпцыі іерогліфаў лацінскімі літарамі. З гэтага, як правіла, і пачынаецца вывучэнне кітайскай мовы. Для транскрыпцыі іерогліфаў на рускую карыстаюцца знакамітай табліцай Паладыя. Раней пераклад складоў піньіня ў беларускую транскрыпцыю ажыццяўляўся з дапамогай гэтай табліцы. Сістэмы не было, і таму кожны перакладаў з кітайскай на беларускую так, як ён гэта разумеў. Табліца, прапанаваная ў слоўніку, істотна спросціць жыццё перакладчыкам.
— Мы вырашылі адмовіцца ад сістэмы Паладыя, — патлумачыла адна з укладальнікаў слоўніка старшы выкладчык кафедры кітайскай мовы РІКК БДУ Алена Камінская. — Справа ў тым, што ў кітайскай і беларускай мовах шмат агульных гукаў ([дз’], [ц’], [дж], [ч]) і больш правільна выкарыстоўваць для транслітарацыі магчымасці нашай мовы.
Спецыялісты сцвярджаюць, што ў частцы вымаўлення беларусам кітайская мова даецца значна прасцей, чым, напрыклад, англічанам ці рускім. Бо нават рускамоўныя беларусы “дзекаюць” і “цекаюць”, без праблем вымаўляюць цвёрдыя [ч] і [дж], што надзвычай складана для спрадвечна рускіх людзей.
— У нашых дзетак, якія вывучаюць кітайскую мову, вельмі прыгожае вымаўленне, — з пяшчотай расказвае пра сваіх беларускіх вучняў дацэнт кафедры кітайскай мовы РІКК БДУ Лю Сіньфэн, — бо нашы мовы ў многім падобныя. Табліца “Склады піньінь і іх беларуская транскрыпцыя” добра адлюстроўвае гэтую асаблівасць.
Аўтары слоўніка прызналіся, што работа над ім і само выданне — асаблівы этап у іх прафесійнай дзейнасці.
— Усё было новае, усё было ўпершыню, — гаворыць спецыяліст РІКК БДУ Ганна Кухарэнка. — Мы не мелі вопыту, не хапала спецыялістаў, якія працавалі менавіта з гэтай парай моў. Але мы ўсведамлялі сваю асаблівую місію — быць стваральнікамі першага такога слоўніка ў гісторыі. Таму хоць працаваць было складана, але цікава. Думаю, пра гэты свой вопыт мы будзем расказваць унукам.
— Мы вельмі доўга працавалі і з нецярпеннем чакалі выхаду слоўніка ў свет. Для нас гэта асаблівая кніга, сапраўдны скарб, куды мы ўклалі часцінкі нашай душы, — па-ўсходняму паэтычна выказвае думкі Алена Камінская.
Слоўнік будзе накіраваны ў 14 цэнтраў па вывучэнні Беларусі, беларускай культуры і мовы, якія дзейнічаюць ва ўніверсітэтах і навуковых установах Кітая. Таксама кнігу перададуць у бібліятэкі беларускіх універсітэтаў і школ, дзе выкладаецца кітайская мова.
Хутка выданне паступіць у свабодны продаж. Яго можна будзе набыць у магазіне кітайскай кнігі ў РІКК БДУ па вуліцы Рэвалюцыйнай, 11, у Мінску.
Рэспубліканскі інстытут кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ — найбуйнейшы беларускі цэнтр па вывучэнні мовы і культуры Кітая. Створаны ў 2006 годзе, ужо ў 2011-м ён быў названы лепшым Інстытутам Канфуцыя года, а ў 2019-м — адзіны на постсавецкай прасторы — атрымаў званне ўзорнага.
Паўтара года назад РІКК БДУ справіў наваселле. Чатырохпавярховы будынак у гістарычным цэнтры Мінска быў капітальна адрамантаваны і абсталяваны пры фінансавай падтрымцы кітайскага боку. Як заявіў падчас адкрыцця абноўленага будынка адзін з кіраўнікоў Штаб-кватэры інстытутаў Канфуцыя, РІКК БДУ — найлепшы інстытут на еўрапейскім кантыненце, а можа, нават у свеце.
— Стаіць задача не толькі выкладаць кітайскую мову і знаёміць нашых грамадзян з кітайскай культурай, а і вывучаць сучасны Кітай, вызначаць перспектыўныя напрамкі двухбаковага супрацоўніцтва, — гаворыць Анатолій Тозік. — Кітай — гэта іншая цывілізацыя, іншая сістэма каштоўнасцей, іншы фармат міжасобасных і ўнутрыкарпаратыўных адносін. Каб плённа супрацоўнічаць з гэтай краінай, яе трэба вельмі добра ведаць.
Паводле пагаднення з Міністэрствам адукацыі Беларусі, РІКК БДУ арганізуе двухгадовыя курсы падрыхтоўкі настаўнікаў кітайскай мовы для беларускіх школ (з выдачай дыплома БДУ). На вучобу запрашаюцца настаўнікі іншых замежных моў, якія маюць вышэйшую адукацыю.
Падрыхтоўка ажыццяўляецца за кошт сродкаў бюджэту. Форма навучання вочна-завочная: аўдыторныя заняткі чаргуюцца з дыстанцыйнымі. Два месяцы слухачы інтэнсіўна вучацца ў інстытуце, два месяцы штодзённа займаюцца дома — і так на працягу двух гадоў. Акрамя таго, настаўнікі праходзяць стажыроўку ў Кітаі (выдаткі аплачвае кітайскі бок).
Групы фарміруюцца непасрэдна Міністэрствам адукацыі. Зацікаўленыя могуць звяртацца да адміністрацыі РІКК БДУ, а таксама ў раённыя, гарадскія, абласныя аддзелы адукацыі.
— Колькасць гадзін на вывучэнне кітайскай мовы і асаблівасцей яе выкладання ў нас нават большая, чым на філалагічным факультэце БДУ і ў МДЛУ, — расказвае Анатолій Тозік. — Каб ні ў кога не было сумненняў у якасці нашай падрыхтоўкі, усе выпускнікі здаюць незалежны міжнародны экзамен HSK. Вынікам з’яўляецца 4—5 узровень валодання кітайскай мовай (усяго іх 6). Напрыклад, з 4-м узроўнем ужо можна паступаць у кітайскія ўніверсітэты без дадатковага пацвярджэння ведання мовы.
РІКК БДУ праводзіць курсы кітайскай мовы для ўсіх жадаючых. Тут вучацца слухачы ад 7 да 60 гадоў (здараецца, на заняткі прыходзяць сем’ямі).
Заняткі праводзяць кваліфікаваныя выкладчыкі — як носьбіты кітайскай мовы, так і беларускія спецыялісты (у некаторых групах яны працуюць у пары). Вучэбныя дапаможнікі для слухачоў распрацаваны агульнапрызнаным лідарам у галіне выкладання кітайскай мовы як замежнай — Пекінскім універсітэтам мовы і культуры.
Унікальная бібліятэка Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ сфарміравана пры падтрымцы Урада Кітая. Сёння яна мае больш за 6,5 тысячы кніг і мультымедыйных носьбітаў на кітайскай, англійскай, беларускай і рускай мовах. Тут шырока прадстаўлены выданні, прысвечаныя гісторыі, культуры, рэлігіі, філасофіі, геаграфіі, палітыцы і эканоміцы Кітая. Таксама ў бібліятэцы багаты збор мастацкай літаратуры. Значную частку фонду складае вучэбная літаратура па мовазнаўстве — дапаможнікі па вывучэнні кітайскай мовы і слоўнікі. Бібліятэка працуе бясплатна для ўсіх жадаючых.
Беларуская мова як замежная
Амаль адначасова са слоўнікам у РІКК БДУ выдалі дапаможнік па беларускай мове для кітайскіх студэнтаў. Ён падрыхтаваны паводле сучаснай методыкі выкладання і вывучэння беларускай мовы як замежнай. Аўтарам выступіла кандыдат філалагічных навук дацэнт Лідзія Сямешка. Навуковы рэдактар выдання — дацэнт кафедры кітайскай мовы РІКК БДУ Лю Сіньфэн. У якасці перакладчыка ў стварэнні дапаможніка прымала ўдзел вядучы спецыяліст РІКК Ганна Волкава.
Выданне фарматам А4 і аб’ёмам каля 300 старонак арыентавана на засваенне асноўных кампанентаў зносін на беларускай мове: лексікі, граматыкі, вымаўлення, успрымання на слых, чытання, пісьма і гутарковай мовы. Матэрыял ахоплівае лексіку, неабходную ў штодзённым жыцці (тэмы знаёмства, сям’і, працы, вучобы і інш.). Для візуалізацыі і лепшага засваення матэрыялу ў дапаможніку змешчаны тлумачальныя схемы, графічныя паказальнікі і ілюстрацыі. Па гэтай кнізе кітайскія студэнты змогуць вывучаць беларускую мову як пад кіраўніцтвам выкладчыка, так і самастойна.
Дапаможнік прызначаны для кітайскіх студэнтаў, якія вывучаюць нашу мову ў Кітаі: адпаведныя праграмы ёсць у Даляньскім політэхнічным універсітэце, Усходне-Кітайскім педагагічным універсітэце, Цяньцзіньскім універсітэце, Другім Пекінскім універсітэце замежных моў і інш. Акрамя таго, дапаможнік будзе выкарыстоўвацца кітайскімі студэнтамі, якія вывучаюць беларускую мову ва ўніверсітэтах Беларусі, у тым ліку ў рамках дысцыпліны “Беларуская мова як замежная”.
Адзін пояс і адзін шлях
Таксама нядаўна ўбачыла свет манаграфія “Магчымасці беларуска-кітайскага супрацоўніцтва ў рамках ініцыятывы “Адзін пояс — адзін шлях”. Гэта сумесная работа Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ з Навукова-даследчым інстытутам “Адзін пояс і адзін шлях” і Інстытутам даследавання рынкаў Пекінскага педагагічнага ўніверсітэта. Кніга выйшла пад рэдакцыяй прафесара А.А.Тозіка і прафесара Ху Біляна.
— Кожны раздзел напісаны сумеснымі намаганнямі беларускага і кітайскага спецыяліста (у кнігі 26 аўтараў), — тлумачыць Анатолій Афанасьевіч. — Гэта наш погляд на вопыт, магчымасці і перспектывы кітайска-беларускага супрацоўніцтва. Падобнымі выданнямі мы заахвочваем цікавасць грамадзян Кітая да нашай краіны, мовы, культуры. Таксама мы накіравалі кнігу ва ўсе нашы міністэрствы і выканкамы. Кітай — вельмі прыязная, добразычлівая краіна, ёсць узаемны інтарэс, зацікаўленасць, і наша супрацоўніцтва трэба актыўна развіваць.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота аўтара.