Талент і праца

- 9:00Якасць адукацыі

Перамогу на І Міжнароднай алімпіядзе па фізіцы імя Ахмада Аль­-Фергані (Узбекістан) адзінаццацікласнік гімназіі № 8 Віцебска Максім Барынін прысвяціў сваёй настаўніцы Алене Маруцько.

Фота аўтара.

Фізікай віцебскі гімназіст цікавіцца з дзяцінства. Па словах Максіма, яму падабалася глядзець дакументальныя фільмы, тэлеперадачы пра вучоных, навуковыя даследаванні і ўяўляць сябе на месцы герояў. “Рабіць адкрыцці — гэта крута”, — прызнаецца хлопец. Першыя парасткі захаплення далі плён у 9 класе, калі навучэнец сярэдняй школы № 40 Віцебска атрымаў дыплом ІІ ступені на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па любімым прадмеце. Настойлівае жаданне развівацца далей, удасканальваць свае веды і паляп­шаць вынікі прывяло хлопца ў каманду Алены Маруцько. І ў мінулым годзе ў фінале Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы ён увайшоў у тройку лепшых.

— Алімпіяда ў Фергане праходзіла з 8 па 11 лістапада ў вочна-дыстанцыйным фармаце  і складалася з двух тураў — тэарэтычнага і эксперыментальнага, — расказвае Максім. — Асабіста мне задачы першага тура здаліся больш складанымі, чым эксперыменты. Канкурэнцыя была сур’ёзная: 127 удзельнікаў з 19 краін. З-за пандэміі мы не мелі магчымасці бліжэй пазнаёміцца з замежнымі равеснікамі — крыху шкада. Як потым высветлілася, самымі моцнымі нашымі сапернікамі былі расіяне. Беларусь мы прадстаўлялі ўчатырох, падтрымлівалі і стараліся падбадзёрыць адзін аднаго, пасля тураў абмяркоўвалі заданні. Разам мы заваявалі 4 медалі: у мяне і Платона Віннічака з гімназіі № 14 Гомеля — “золата”, у Ільі Філатава з той жа гімназіі і Платона Кастрыцкага з Ліцэя БДУ — “серабро”. Мая настаўніца строгая і патрабавальная. Разам з тым яна вельмі добры, памяркоўны, спагадлівы чалавек. Лічу, што сваёй перамогай я абавязаны ў першую чаргу Алене Аляксандраўне.

Дасягненне Максіма ўжо ў гісторыі, і гэта добрая гісторыя. Наперадзе ў юнака адказны перыяд: трэба будзе канчаткова вызначыцца з выбарам спецыяльнасці (пакуль у прыярытэце некалькі варыянтаў інжынернага профілю) і ўніверсітэта. А яшчэ чакае ўдзел у Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіядзе: Алена Маруцько і яе вучні рыхтуюцца пакарыць новыя вяршыні. У камандзе навучэнцы 9—11 класаў. Падцягваюцца і васьмікласнікі з моцным патэнцыялам, навучэнцы малодшых класаў наведва­юць факультатыў.

— Мы шмат займаемся, практычна без выхадных і канікул, — адзначае педагог. — Плюс самастойная работа, дабаўляем урокі — гэта каласальная ін­тэлектуальная праца. Такім чынам, у кожнага з маіх вучняў паўнавартасны рабочы дзень, распісаны па гадзінах, як у дарослых. Аднак гэта свядомы выбар, дзеці матываваны да заняткаў. Максім вельмі старанны і адказны, па-добраму настырны ў рабоце, шмат працуе, чытае. Калі даведалася пра яго поспех у Фергане, было вельмі радасна, што наша праца ўвасобілася ў такі выдатны вынік.

У прафесіі Алена Аляксандраўна ўжо чвэрць стагоддзя, і фактычна штогод яе вучні перамагаюць на Рэспубліканскай алімпіядзе па фізіцы. Веды і аўтарскія знаходкі педагога, назапашаны вопыт склаліся ў адметную сістэму. Настаўніца ўпэўнена: фізіка як навука раскрывае перад чалавецтвам велізарныя магчымасці, а ў школе яна ў ліку самых прывабных вучэбных прадметаў. Бо гэта не проста формулы і задачы, але і даследаванні, эксперыментальная дзейнасць — захапляюць як вынік, так і сам працэс.    

— Фізіка патрабуе ведаў па матэматыцы, хіміі, інфарматыцы, іншых прадметных галінах, — падкрэслівае настаўніца. — Хлопцы і дзяўчаты, якія вывучаюць фізіку, набываюць універсальныя веды. Важна, што гэтыя дзеці ўжо прыстасаваны да самастойнага жыцця, у тым ліку яны ўмеюць працаваць індывідуальна і ў калектыве, а значыць, падрыхтаваны да работы ў буйных сучасных кампаніях. Яскравым пацвярджэннем могуць стаць прыклады маіх вучняў. Тыя выпускнікі, хто раней прайшоў падрыхтоўку ў нашай камандзе, паспяхова працаўладкоўваюцца, прычым, як правіла, пачынаючы з 2 курса ўніверсітэта. У самой камандзе за ўвесь час маёй работы страт не было: вучні прыходзяць і застаюцца, з году ў год цікавасць да фізікі ў іх не знікае.

Таццяна БОНДАРАВА.