У падрыхтоўцы спецыялістаў дашкольнай і пачатковай адукацыі Мінскі гарадскі педагагічны каледж — заўсёды ў пошуку новых падыходаў.
Толькі за некалькі месяцаў новага навучальнага года распрацоўкі калектыву былі прадстаўлены на больш чым 10 міжнародных канферэнцыях. Сярод іх — Педагагічныя чытанні імя К.Д.Ушынскага, арганізаваныя Гатчынскім педагагічным каледжам (Расія) па тэме лічбавага навучання, Усерасійская навукова-практычная канферэнцыя “Сучасныя тэндэнцыі развіцця дашкольнай і пачатковай адукацыі”, праведзеная сумесна з Глазаўскім дзяржаўным педагагічным каледжам. Педагогі каледжа прэзентавалі свой вопыт на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Дашкольная адукацыя: вопыт, праблемы, перспектывы”, арганізаванай Магілёўскім дзяржаўным абласным інстытутам развіцця адукацыі. З калегамі з Кастанайскага педагагічнага каледжа разгледзелі актуальныя пытанні народнай педагогікі і сучаснай адукацыі, разам з педагогамі з Масквы абмеркавалі інавацыйныя падыходы ў галіне псіхалогіі адоранасці і творчасці.
На VI Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Падрыхтоўка настаўніка пачатковых класаў: праблемы і перспектывы”, арганізатарам якой выступіў БДПУ імя Максіма Танка, педагогі каледжа сумесна з даследчыкамі з Расіі, Узбекістана, Латвіі і Эстоніі абмеркавалі сучасныя тэндэнцыі адукацыі. У час пасяджэння ўзнімаліся тэмы сацыяльнага ўзаемадзеяння ў станаўленні асобы грамадзяніна, патрыёта, прафесіянала, фарміравання прафесійных кампетэнцый будучага педагога сродкамі валанцёрскай дзейнасці, павышэння іміджу маладога педагога, эстэтычнай культуры будучых педагогаў сродкамі мастацкай творчай дзейнасці.
На погляд дырэктара Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа кандыдата педагагічных навук К.А.Пятруцкай, адна з галоўных задач сёння — фарміраванне грамадзянскай і прававой культуры будучых педагогаў, імкнення да прафесійнага росту і самаўдасканалення на карысць краіны. Ідэалагічная работа каледжа ўключае шырокі спектр інавацыйных форм і напрамкаў работы, доўгатэрміновых акцый і сумесных мерапрыемстваў з усімі сацыякультурнымі аб’ектамі сталічнага рэгіёна. Пры правядзенні дыялогавых пляцовак і сумесных мерапрыемстваў з зацікаўленымі структурамі ажыццяўляецца ўзаемадзеянне з дзяржаўнымі і грамадскімі дзеячамі, вядомымі вучонымі, прадстаўнікамі мастацкай сферы.
— Педагогі нашага каледжа працуюць над удасканаленнем выхаваўчага працэсу, — адзначыла дырэктар каледжа. — Мы шануем традыцыі педагагічнай адукацыі, пастаянна пашыраем магчымасці для самарэалізацыі і самаўдасканалення навучэнцаў, выкарыстоўваючы дадатковую адукацыю, арганізацыю вольнага часу, сацыяльнае ўзаемадзеянне з зацікаўленымі арганізацыямі.
Заслугоўвае ўвагі мадэль падрыхтоўкі будучага выхавальніка дашкольнай адукацыі ў кантэксце лічбавізацыі сістэмы адукацыі. Гэтая тэма была прадстаўлена загадчыкам аддзялення “Дашкольная адукацыя” магістрам педагагічных навук Н.В.Пралыгінай. Па словах педагога, інавацыйным напрамкам з’яўляецца фарміраванне асноў інжынернага мыслення ў дзяцей дашкольнага ўзросту сродкамі сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, Lego-канструявання і Lego-праграмавання, адукацыйнай робататэхнікі і мультыплікацыі. Аднак гэты працэс патрабуе спецыяльных умоў, тэхналогій, якія педагог выкарыстоўвае, выбудоўваючы сістэму педагагічнага ўзаемадзеяння з дзіцем. Распрацаваная мадэль падрыхтоўкі выхавальніка дашкольнай адукацыі (на базе сярэдняй спецыяльнай адукацыі) стане асновай для вызначэння прафесійных кампетэнцый. Адметным крокам у гэтым працэсе з’яўляецца арганізацыя падрыхтоўкі будучых педагогаў на аснове стандартаў WorldSkills.
Фарміраванне прафесійных кампетэнцый навучэнцаў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з вучэбным планам па спецыяльнасці, у рамках вучэбнай дысцыпліны “Методыка прымянення інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе” і на факультатыўных занятках “Спаборніцкая педагогіка”, “Адукацыйная робататэхніка”. Абавязковай педагагічнай умовай рэалізацыі мадэлі з’яўляецца арганізацыя працэсу прафесійнай падрыхтоўкі на базе цэнтра WorldSkills па кампетэнцыях “Дашкольная адукацыя” і “Пачатковая адукацыя”, які функцыянуе ў дзіцячым садзе — пачатковай школе № 31 Мінска.
Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.