Трывалы падмурак для развіцця краіны

- 9:34Насустрач рэферэндуму

Валерый ГАЛУБОЎСКІ, рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі:

— Канстытуцыя — гэта Асноўны закон грамадства і дзяржавы, яна ўплывае на жыццё кожнага чалавека. У сваю чаргу рэферэндум — гэта форма непасрэднага волевыяўлення грамадзян, якая праяўляецца ў галасаванні па найбольш значных пытаннях агульна­дзяржаўнага значэння.

Усё гэта падкрэслівае важнасць усведамлення кожным грамадзянінам Беларусі неабходнасці рэалізацыі свайго права ўдзельнічаць ва ўдасканаленні канстытуцыйнага будаўніцтва.

Змяненні ў Канстытуцыі арыентаваны на фарміраванне трывалага падмурка для развіцця краіны на перспектыву. Пры гэтым заканадаўча замацоўваюцца нормы, якія забяспечваюць захаванне гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Актыўнасць дыялогавых пляцовак па абмеркаванні змяненняў у Асноўны закон краіны дазваляе сфарміра­ваць пачуццё датычнасці грамадзян да гістарычна значнай падзеі Беларусі на сучасным этапе развіцця дзяржавы і грамадства.


На гэтым тыдні ва ўстановах адукацыі Барысава, Дзяржынска і Стоўбцаў пройдуць першыя дыялогавыя пляцоўкі па абмеркаванні праекта змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Беларусі, які быў апублікаваны ў канцы снежня мінулага года.

Напярэдадні сустрэч з працоўнымі калектывамі педагогаў сваімі разважаннямі аб прапанаваных новаўвядзеннях у Асноўны закон краіны з чытачамі “Настаўніцкай газеты” па­дзяліўся Мікалай Мікалаевіч Башко, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта.

Так, каменціруючы новую трактоўку артыкула 15 Канстытуцыі, дзе гаворыцца, што дзяржава забяспечвае захаванне гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, Мікалай Мікалаевіч звярнуў увагу на тое, што для яго ключавой у гэтай фармулёўцы з’яўляецца фраза “гістарычная памяць”, і адзначыў:

— У апошнія гады сталі выказвацца думкі, якія цалкам фальсіфікуюць гісторыю. Моладзь, на жаль, усё больш і больш паддаецца гэтаму ўплыву. Галоўная задача сістэмы адукацыі — перадаць маладому пакаленню правільнае разуменне ўсіх гістарычных падзей. Маладыя людзі павінны ведаць праўду і памятаць, што вайну выйграў савецкі народ, што асноўныя бітвы праходзілі на Усходнім фронце. Напэўна, падчас ваенных дзеянняў прымаліся не папулярныя ў рамках дэмакратычнага мыслення метады і кіраўніцкія рашэнні, але ў ваенных умовах часта інакш было нельга.

На думку Мікалая Башко, вельмі важна, што захоўваецца сацыяльная накірава­насць Канстытуцыі, што дзяржава абавязваецца аказваць падтрымку сем’ям з дзецьмі, дзецям-сіротам і дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, дае магчымасць атрымліваць бясплатную адукацыю і медыцынскую дапамогу, прадугледжвае для асоб з інваліднасцю роўныя магчымасці для іх удзелу ва ўсіх сферах жыцця.

Пры гэтым наспела неабходнасць унясення ў Канстытуцыю прапісных ісцін, якія яшчэ 20—30 гадоў назад не падлягалі ніякаму сумненню. Так з’явілася ўдакладненне ў артыкуле 32 Канстытуцыі пра тое, што шлюб — гэта саюз жанчыны і мужчыны.

— Прыйшоў час удаклад­няць тое, што з’яўляецца асновай славянскай культуры, хрысціянскай ментальнасці, — адзначае Мікалай Мікалаевіч. — Унясенне ў Канстытуцыю такой нормы — гэта, мабыць, адказ на сучасныя выклікі Заходняй Еўропы і Амерыкі, гэтыя змяненні адрасаваны маладому пакаленню. Мы абавязкова павінны захаваць гэтыя хрысціянскія асновы, якія фарміруюцца з юных гадоў дзякуючы ў тым ліку і духоўна-маральнаму выхаванню.  Трэба актуалізаваць гэтую работу ў сістэме адукацыі.

Дзяржаўная падтрымка дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, на думку Мікалая Башко, — гэта спроба ўзмацніць ролю бацькоў у выхаванні дзяцей:

— У краіне выбудавана сістэма работы па раннім выяўленні дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, сістэма прафілактычнай работы з такімі сем’ямі, што мінімізуе колькасць сітуацый, калі бацькі пазбаўляюцца бацькоўскіх правоў. На жаль, не ўсе дарослыя ўсведамля­юць сваю ступень адказнасці ў выхаванні дзяцей. Усё яшчэ застаецца катэгорыя мам і татаў, якія лічаць, што іх функцыя — нарадзіць, а астатнім няхай зай­маецца дзяржава. Прыемна, калі карэкцыйная работа з сям’ёй дае вынікі і бацькі, усвядоміўшы свае памылкі, усё ж знаходзяць у сабе сілы, каб з сацыяльна цяжкага становішча вярнуцца да нармальнага жыцця, а значыць, вярнуць сваіх дзяцей у сям’ю.

Мікалай Башко заклікае ўсіх работнікаў сістэмы адукацыі Мінскай вобласці азнаёміцца з праектам змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Беларусі, абмеркаваць яго ў працоўных калектывах і, магчыма, унесці свае прапановы. А ў дзень правядзення рэспубліканскага рэферэндуму абавязкова прыйсці на выбарчыя ўчасткі і падтрымаць унесеныя прапановы. На думку кіраўніка сістэмы адукацыі Міншчыны, гэта вельмі важна для будучыні нашай краіны, для сістэмы адукацыі і яе стабільнасці, для кожнага з нас.

Запісала Марына КУНЯЎСКАЯ.

Падрабязней на pravo.by