У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы адбылася дыялогавая пляцоўка па абмеркаванні праекта змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Мерапрыемства прайшло ў рамках асветніцкага праекта “У рэжыме праўды”. У якасці спікера выступіў старшыня праўлення Беларускага таварыства “Веды” Вадзім Гігін. У дыялогавай пляцоўцы прынялі ўдзел рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, прафесарска-выкладчыцкі склад і студэнты ўніверсітэта.
Вадзім Францавіч падкрэсліў, што мы абмяркоўваем Канстытуцыю будучыні і пазіцыя моладзі вельмі важная, бо менавіта ёй будаваць будучыню нашай краіны.
— Маладыя людзі разумеюць, што ад іх рашэння залежыць вельмі многае. У Асноўным законе ўпершыню прапісаны цэлы артыкул, прысвечаны правам маладых людзей, іх усебаковаму развіццю. Закладзены падмурак ідэалагічнага выхавання. Вельмі важна, каб у нас не ўзнікаў разрыў пакаленняў паміж людзьмі больш сталага ўзросту і маладымі. Такі разрыў існуе ў кожным грамадстве, пытанне ў іншым: ці зможам мы знайсці агульную мову з новым пакаленнем? І я ўпэўнены, што дыскусійная форма абмеркавання Канстытуцыі Беларусі стане асновай для дыялогу паміж пакаленнямі, — адзначыў В.Ф.Гігін.
Размаўляючы з моладдзю розных рэгіёнаў краіны, Вадзім Гігін заўважыў практычна адзіныя падыходы да абмеркавання Канстытуцыі. Так, усіх цікавіць артыкул 45, дзе звернута ўвага на адказнасць людзей за сваё здароўе. На погляд эксперта, гэта сведчыць пра тое, што ў нас адзіныя падыходы ў краіне, ёсць агульнае разуменне праблем. На розных дыялогавых пляцоўках было адчуванне грамадскай зацікаўленасці да пытанняў, якія вынесены на абмеркаванне ўсіх жыхароў краіны.
— Мы разумеем, што трэба яшчэ шмат чаго зрабіць, але тое, што людзі праяўляюць цікавасць да Асноўнага закона, прыходзяць на сустрэчы, задаюць пытанні, уносяць нейкія свае прапановы, — сведчыць аб тым, што абмеркаванне Канстытуцыі Беларусі стала важным, знакавым працэсам, які аб’яднае нацыю. Наша задача сёння яшчэ раз пагаварыць пра тое, наколькі важныя змяненні ў Канстытуцыі, заклікаць моладзь прыйсці на рэферэндум і падтрымаць Канстытуцыю краіны, — падкрэсліў Вадзім Гігін.
Рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка расказала, што дыялогавыя пляцоўкі зараз праходзяць на факультэтах універсітэта і вельмі важна, калі са студэнтамі размаўляюць вядомыя людзі. Выступленне ў сценах універсітэта Вадзіма Гігіна вельмі значнае для студэнтаў і супрацоўнікаў. Кожны мог атрымаць адказ палітолага на сваё пытанне. Удзельнікаў сустрэчы цікавілі пытанні рэлігіі, гістарычнай спадчыны, інстытута сям’і і інш.
Дыялогавая пляцоўка па абмеркаванні праекта змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі таксама прайшла ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце.
Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.