Беларусь будучыні

- 9:10Насустрач рэферэндуму

Прайшла сустрэча члена Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь студэнта юрыдычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта Ягора Галавача з навучэнцамі і педагагічнымі работнікамі Мілевіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы. У ходзе дыскусійнай пляцоўкі “Беларусь будучыні” адбылося абмеркаванне праекта змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Таксама Ягор расказаў пра напрамкі дзейнасці Маладзёжнага парламента.

Зараз ідзе ўсенароднае абмеркаванне праекта змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. На гэтым этапе ўся дзейнасць Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь накіравана на арганізацыю і правядзенне сустрэч з навучэнцамі і педагагічнымі калектывамі ўстаноў адукацыі, з працоўнымі калектывамі арганізацый, аб’яднанняў, прадпрыемстваў. Сустрэчы праходзяць у фармаце дыялогавых пляцовак і дазваляюць даведацца пра меркаванне грамадзян нашай краіны па прапанаваных змяненнях і дапаўненнях Канстытуцыі. Галоўная задача Маладзёжнага парламента заключаецца ў тым, каб актыўны ўдзел у дыялогавых пляцоўках прымала моладзь. Маладзёжны парламент таксама акумулюе ініцыятывы, што паступаюць ад моладзі, праз свае акаўнты ў сацыяльных сетках, якія дапамагаюць устанавіць прамую сувязь з грамадствам.

З новаўвядзенняў, на якія хацелася б звярнуць асаблівую ўвагу, адзначу з’яўленне артыкула, што тычыцца беларускай моладзі. Уключэнне гэтага артыкула ў Канстытуцыю пацвярджае, што дзяржава і далей мае намер ствараць усе неабходныя ўмовы для рэалізацыі патэнцыялу нашай моладзі.

Таццяна ГАЛАВАЧ,
настаўніца пачатковых класаў
Мілевіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мастоўскага раёна.

Канстанцін КАРНЯЛЮК,
ветэран педагагічнай працы:

— Мяне як грамадзяніна Рэспублікі Беларусь надзвычай радуе, што ў гэтыя зімовыя дні літаральна ва ўсіх гарадах, пасёлках і вёсках Бацькаўшчыны ідзе актыўнае абмеркаванне праекта новай Канстытуцыі краіны.

Я перакананы: чым больш людзей прыме ўдзел у абмеркаванні Асноўнага закона дзяржавы, тым больш прагрэсіўным і цывілізаваным будзе варыянт Канстытуцыі ў канчатковым выглядзе. Якасць Асноўнага закона нашай дзяржавы залежыць ад кожнага з нас!

Лічу, што крэатыўнасць і адукаванасць, інфармацыйная дасведчанасць нашай моладзі могуць стаць добрым дапаўненнем да вопыту старэйшых пакаленняў беларусаў. Закамерна, што ў змяненнях Канстытуцыі прадугледжаны артыкул, згодна з якім дзяржава садзейнічае ўсебаковаму развіццю моладзі, стварае неабходныя ўмовы для яе актыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці. Аднак не трэба забываць, што і патэнцыял моладзі павінен быць накіраваны на інтарэсы грамадства.

Вельмі добра, што выпрацаваны праект вынесены на ўсенароднае абмеркаванне — менавіта мы, грамадзяне, можам вызначыць, наколькі ён адпавядае сацыяльнаму запыту, або скарэкціраваць яго. Адзначу, што на пасяджэннях дыялогавых пляцовак бываюць вельмі гарачыя спрэчкі. Прадстаўнікі працоўных калектываў здольны прадстаўляць інтарэсы простых працаўнікоў. На рэферэндуме народ Беларусі і прыме рашэнне.

Некаторыя чамусьці забываюць, што Канстытуцыя — гэта галоўны закон нашага жыцця, на аснове якога прымаюцца літаральна ўсе прававыя акты, а таму ён павінен адпавядаць часу, запытам грамадзян, быць скрупулёзна вывераным, паўнамоцным і абавязковым для выканання ўсімі беларусамі, незалежна ад іх пасад, званняў, сацыяльнага статусу. Менавіта таму ў абмеркаванні тэксту з папраўкамі павінны прыняць удзел як мага больш жыхароў краіны. Плюралізм думак — прыкмета дэмакратычнага і сапраўды народнага развіцця краіны.

Я цалкам падтрымліваю ідэю аб захаванні гістарычнай праўды і памяці пра гераічны подзвіг беларусаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Вельмі важна, што Беларусь выключае агрэсію ў адносінах да іншых дзяржаў — гэта пацвярджае міралюбівы характар дзяржаўнай палітыкі і гарантаванае права на неўмяшанне ў справы краін-суседзяў. Сацыяльная накіраванасць палітыкі — важны аргумент для многіх, асабліва для найбольш уразлівых катэгорый насельніцтва: ветэранаў вайны і працы, інвалідаў, адзінокіх састарэлых людзей, хранічна хворых, сірот, мнагадзетных. Усім ім, як і раней, будуць аказвацца розныя віды сацыяльных дапамог і выплат.

Хутка адбудзецца рэферэндум па Канстытуцыі. На ім мы рэалізуем сваё канстытуцыйнае права на непасрэдны ўдзел у кіраванні справамі дзяржавы. Важна не толькі выйсці з народа, але застацца з народам у самыя цяжкія і складаныя моманты!