Адкрыты дыялог

- 11:15Насустрач рэферэндуму

Чацвёрты этап прафсаюзнага праекта “Педагог — грамадзянін, сем’янін” сабраў маладзёжны актыў Мінскай гарадской арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі ў Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па эканоміцы, бюджэце і фінансах Таццяна Рунец правяла адкрыты дыялог з моладдзю.

Сустрэча прайшла цікава, насычана. Таццяна Рунец праінфармавала яе ўдзельнікаў аб праведзенай рабоце над праектам змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

— У межах абмеркавання праекта было важна пачуць меркаванне кожнага, асабліва моладзі. Менавіта вам трэба будзе будаваць квітнеючую Беларусь, будаваць сваю светлую будучыню, — адзначыла сенатар, звяртаючыся да моладзі.

Акрамя таго, парламентарый расказала маладым настаўнікам аб ключавых кірунках бюджэтнай палітыкі на 2022 год, аб тым, як фарміруецца бюджэт краіны, якія выдаткі дзяржавы на падтрымку і сацыяльныя гарантыі для людзей. Таццяна Аркадзьеўна адказала на пытанні, якія тычыліся артыкулаў Асноўнага закона, а таксама будаўніцтва жылля для маладых спецыялістаў, узмацнення адказнасці законных прадстаўнікоў за выхаванне дзяцей, абароны персанальных даных, удзелу моладзі ў акцыі па рэканструкцыі памятных месцаў Вялікай Айчыннай вайны.

Маладыя педагогі прыводзілі прыклады з прафесійнага жыцця, дзяліліся ўражаннямі, актыўна задавалі пытанні, дыскутавалі па шэрагу пытанняў, сярод якіх — “Чаму менавіта цяпер наспела неабходнасць унясення ў Асноўны закон артыкула аб захаванні гістарычнай памяці?”, “Хто адказны за выхаванне дзяцей: школа, сад ці ўсё ж сям’я?”.

Удзельнікі сустрэчы таксама азнаёміліся з музейнай экспазіцыяй Савета Рэспублікі.

— Неабыякавая пазіцыя нашай моладзі, яе непадробленая цікавасць і актыўны ўдзел у лёсе краіны натхняюць нас на больш актыўнае ўзаемадзеянне з вамі, — падкрэсліла Таццяна Рунец.

У завяршэнне мерапрыемства маладыя педагогі выказалі ўдзячнасць Таццяне Аркадзьеўне за жывы дыялог, за магчымасць гаварыць і быць пачутымі.

Падрыхтавала Наталля КАЛЯДЗІЧ.